“Сканіраваць” замак за секунду

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Айчыннае праламленне сусветнага рэстаўрацыйнага ноў-хаў

/i/content/pi/cult/338/6277/11-1.jpg

"Не нашкодзь!" - вядомы запавет урача як ніхто ў сваёй практыцы разумеюць рэстаўратары. І ўсё ж пры ўсёй далікатнасці ў даследаванні архітэктурнага шэдэўра, пры неаспрэчным прафесіяналізме, захавальнікі даўніны раз-пораз чуюць нараканні на недакладнасці пад час правядзення аднаўленчых работ. Каб звесці дадзеныя памылкі да мінімуму, усё часцей звяртаюцца да метаду наземнага лазернага сканіравання і 3D-мадэлявання копіі неабходнага аб'екта. Ці знойдзе дадзеная тэхналогія распаўсюджанне ў практыцы аховы нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны?

 Лазернае выйсце са "сляпой" зоны

З сярэдзіны 2000-х гадоў планету ахапіў сапраўдны бум лазернага сканіравання аб'ектаў сусветнай спадчыны. Так, пад лічбавыя промні патрапілі знакаміты Стоўнхэндж і легендарная гара ў Паўднёвай Дакоце з 18-метровымі выявамі, не засталіся ў баку ад ноў-хаў Пізанская вежа і Луўр, 3D-двайнікамі могуць пахваліцца некропаль XVIII стагоддзя Аляксандра-Неўской лаўры ў СанктПецярбургу, а таксама шматлікія скульптуры Летняга саду і Царскага сяла.

Такое захапленне лазернымі тэхналогіямі зусім не здзіўляе, бо навуковыя распрацоўкі адразу змаглі вырашыць некалькі надзвычай актуальных для рэстаўратара задач, і перш за ўсё - знайсці кампраміс у пытанні выбару метаду фіксацыі аб'екта. Справа ў тым, што для аднаўлення аблічча архітэктурнага помніка часцей за ўсё выкарыстоўваюць фотаздымкі. Але нават найсучасны апарат, зразумела, не дазваляе дакладна выверыць параметры будынка, вызначыць памеры аконных праёмаў, даследаваць, дзе размяшчаўся пэўны пакой. Застаецца папулярная форма фіксацыі архітэктуры ў выглядзе чарцяжоў. Аднак за строгімі радкамі лічбаў, замерамі адлегласцяў і маштабаў губляецца неабходнае для рэстаўратара адчуванне цэласнасці помніка.

 Лазернае сканіраванне аб'яднала лепшае з абедзвюх форм фіксацыі. Яно стварыла тое, аб чым раней не даводзілася і марыць: 3D-мадэлі гістарычных помнікаў даюць у разы больш за двухмерны аналаг нагляднай інфармацыі, дэманструюць з высокай ступенню дэталізацыі знешні выгляд помніка, які можна разгледзець з усіх бакоў, адразу пакінуўшы ў мінулым праблему "сляпых зон". Пры гэтым выдаюць усе параметры, па дакладнасці нярэдка перавышаючы звыклыя чарцяжы, бо разумная машына пазбаўлена, што называецца, "чалавечага фактару".

Сапраўды, тэхналогія перспектыўная. Але ці будзе яна запатрабавана ў айчынных будаўнікоў, архітэктараў, праекціроўшчыкаў, рэстаўратараў? Ва ўпраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі мяркуюць, што гэта вельмі цікавы падыход да рэстаўрацыі, таму і хацелася б мець дадзеную тэхналогію ў краіне. Але зразумела, што ўсё гэта найперш трэба пралічыць, дадаюць у Міністэрстве. Калі сістэма сканіравання будзе выгадная, дасць прыбытак, адпаведныя прадпрыемствы адразу возьмуць яе на ўзбраенне.

Балазе, тэма лазернага сканіравання культурнай спадчыны на слыху ў спецыялістаў, якія непасрэдна занятыя гэтай справай. Толькі вось новая тэхналогія ў замежжы каштуе вельмі значных грошай. Ці ёсць у Беларусі магчымасці адаптаваць ноў-хаў да айчынных рэалій? Бо толькі ў гэтым выпадку яно зможа ўкараніцца ў паўсядзённасць нашых рэстаўратараў.

 Гмах з воблака кропак

- На леташняй навукова-практычнай канферэнцыі "Рэканструкцыя і рэстаўрацыя будынкаў і збудаванняў: абследаванне і ўмацаванне будаўнічых канструкцый", што праходзіла другі раз у Мінску, мы прапанавалі рэстаўратарам пазнаёміцца з новым метадам інжынерна-геадэзічных вышукаў з практычнай кропкі погляду, - распавёў карэспандэнту "К" галоўны геадэзіст галаўнога разведвальнага прадпрыемства рэспублікі УП "Геасэрвіс" Аляксандр Хадаровіч. - Лазерная тэхналогія дазваляе эканоміць і час, і працазатраты, прапануючы найдакладныя лічбы ўсіх параметраў, прычым незалежна ад знешніх умоў, бо якасна сканіруе нават пры недастатковым асвятленні або ў цемры. Апошняе, пагадзіцеся, немалы плюс пад час правядзення работ на паўзруйнаваных аб'ектах.

Тая дакладнасць заключана ў прынцыпе работы прыбораў. "З хуткасцю 50 тысяч вымярэнняў у секунду лазер адлічбоўвае міліметр за міліметрам, прысвойваючы кожнаму з іх кропку з трохмернымі каардынатамі. У выніку спецыяліст атрымлівае воблака кропак (на адносна невялікім участку іх больш за мільён), - дэталізуе начальнік аддзела інжэнерна-геадэзічных вышукаў Арцём Машурын.

Праекціроўшчыкі нярэдка сутыкаюцца і з праблемай, як увогуле распачаць працу з гмахам, каб зафіксаваць яго памеры. Прынамсі, галоўны архітэктар праектаў "Мінскпраект" Дзмітрый Бубноўскі згадвае шмат сітуацый, калі да гістарычнага помніка падступіцца было нельга, не кажучы аб тым, каб абнесці яго рыштаваннямі: "А паглядзіце на касцёл у Будславе. Гэта - аб'ект экстракласа, які неабходна рэканструяваць. Але ад зямлі да вярхушкі крыжа ён мае каля 50 метраў. Вось табе і праблема - як дакладна замерыць такі гмах..."

З калегам згодны намеснік дырэктара Праектнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Праектрэстаўрацыя" Іван Маісеенка: "Сапраўды, падчас вельмі складана і дорага ўзводзіць рыштаванні, заказваць аўтавышкі для правядзення вымяральных работ. Мяркуючы па выказваннях замежных праекціроўшчыкаў, лазернае сканіраванне дазваляе праводзіць неабходныя вылічэнні без выкарыстання такіх дадатковых механізмаў, што ў сваю чаргу дазваляе значна спрасціць сам працэс правядзення вымярэнняў і, адпаведна, скарачае тэрмін падрыхтоўчых работ".

Вымалёўваюцца цудоўныя перспектывы, але... пакуль на словах. Прадстаўнікі праектных арганізацый у адзін голас кажуць, што хочуць на свае вочы пабачыць канкрэтныя лічбы, прынамсі, колькі будуць каштаваць праектна-вышуковыя работы з выкарыстаннем высакаякаснай, але і дастаткова дарагой апаратуры, каб параўнаць са звыклым каштарысам. Слушная заўвага, бо інакш нельга прааналізаваць якасць тэхналогіі і выявіць яе мэтазгоднасць.

 Два дні на будаўніцтва

Аляксандр Хадаровіч прызнае праблему, аднак зазначае, што з боку распрацоўшчыкаў гучалі прапановы заняцца, так бы мовіць, паказальным аб'ектам, але пакуль далей за словы аб гатоўнасці да супрацоўніцтва з боку рэстаўратараў справа не даходзіла. І ўсё ж геадэзістам ёсць што прапанаваць архітэктарам і праекціроўшчыкам для разважання. Прыкладам, спецыялісты "Геасэрвісу" стварылі трохмерную мадэль Сафійскага сабора ў Полацку. На палявыя работы, пад час якіх быў цалкам адсканіраваны велічны помнік архітэктуры XI стагоддзя, пайшло ўсяго два дні! Найлепшы прыклад, колькі было сэканомлена часу і чалавечых высілкаў...

Канешне, асноўны фронт работ прыходзіцца на апрацоўку пры дапамозе спецыяльнага камп'ютарнага забеспячэння гэтага воблака кропак, каб з мноства метак паўстала копія будынка. У выніку, упэўнены суразмоўца, спецыяліст атрымлівае ўніверсальны 3D-пашпарт, з дапамогай яго можа дакладна разлічыць план рэстаўрацыі. Прыкладам, падлічыць плошчу паверхняў, што дапаможа хутка і дакладна падсумаваць неабходную колькасць матэрыялаў і тэрмін работ, выявіць дэфекты будаўніцтва, вызначыць магчымыя дэфармацыі, адсачыць захаванне гістарычнага аблічча помніка.

3D-вопіс дапамагае аналізаваць ход рэстаўрацыйных работ і прагназаваць, які той ці іншы варыянт пацягне за сабой вынік. "Прынамсі, пад час рэстаўрацыі Мірскага замка адбылося вымяшчэнне грунтоў перад самім аб'ектам. Тую зямлю прыбралі, з-за гэтага ўзнікла верагоднасць нахілу фасадаў. Мы адлічбавалі муры некалькі разоў з перапынкам у месяц, а потым наклалі адзін скан на другі. У гэтым выпадку праграма сама сігналізуе, куды якая кропка за гэты тэрмін "з'ехала". Такім чынам па датах сканіравання і па адлегласцях можна прааналізаваць, як павядзе сябе аднаўляемы помнік у бліжэйшы час", - дадае Аляксандр Валянцінавіч.

 І канешне ж, лічбавая праграма дазваляе працаваць на адлегласці, імгненна прадастаўляючы праз Інтэрнэт у праектныя майстэрні аб'ёмную мадэль. Аднак у гэтым выпадку распрацоўшчыкі неспадзявана сутыкнуліся... з элементарным няведаннем пэўнымі спецыялістамі 3D-мадэлявання. Па словах Аляксандра Хадаровіча, невалоданне базавымі для ХХІ стагоддзя камп'ютарнымі праграмамі, на жаль, прыводзіць да адмовы ад выкарыстання перадавых тэхналогій...

Экскурсія праз віртуальнасць/i/content/pi/cult/338/6277/11-2.jpg

 Аднойчы створаны 3D-пашпарт будынка дазваляе па меры неабходнасці звяртацца да атрыманых даных зноў, незалежна ад змены выніковай задачы ці фрагмента даследавання.

- Магчымасці лазернай тэхналогіі невычэрпныя, і пры разумным падыходзе яе выкарыстанне, дарэчы, можа выходзіць далёка за межы толькі праектных работ, - упэўнены Арцём Машурын. - Прынамсі, можна адсканіраваць інтэр'еры таго ж Мірскага ці Нясвіжскага замкаў, у спецыяльнай праграме аб'яднаць файлы, затым стварыць адмысловыя відэаролікі для выкарыстання іх на турыстычных сайтах для рэкламы аб'екта ці нават правядзення віртуальных экскурсій. Зрэшты, яны маглі б прынесці музейным комплексам дадатковыя грошы ў выглядзе платных паслуг...

Суразмоўца дадаў, што падобныя відэаролікі ўжо выкарыстоўваюць у Траццякоўскай галерэі ў Маскве: лічбавыя "экскурсаводы" замяняюць замежным турыстам звычайных гідаў. Ды прыгадаў, што адсканіраванымі мадэлямі гістарычных выбітнасцей актыўна карыстаюцца замежныя кінастудыі...

- Пры неабходнасці на базе нашых сканаў спецыялісты могуць змадэляваць меркаваны выгляд замка ці замчышча, ад якога ў рэальнасці засталіся руіны. Возьмем Навагрудскі замак: у лічбавую мадэль трапяць і тыя валуны, што ляжаць побач. Праграма выдасць варыянты, дзе дакладна яны маглі размяшчацца першапачаткова. Чым не дадатковы экспанат для мясцовага краязнаўчага музея або дапамога ў даследчай справе навукоўца? - зазначае Арцём Машурын.

Лічбавы заказнік памяці

Усяго за некалькі гадоў наземнае лазернае сканіраванне прыняло сапраўды ўражальныя маштабы. Прынамсі, у Стамбуле зараз скануюць... амаль увесь гістарычны цэнтр. І пакуль 3D-копія 400 кіламетраў вуліц не будзе атрымана, у горадзе забаронена весці любое будаўніцтва. Такім чынам краіна імкнецца стварыць дакладны пашпарт тэрыторыі, што ўваходзіць у Спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

У Мінску таксама адбываецца маштабная рэканструкцыя калыскі горада. Магчыма, стварэнне лічбавай мадэлі не толькі дало б дакладнае вымярэнне мінулага, але і закінула масток у будучае, бо менавіта з дапамогай аб'ёмнай копіі ў любы момант можна адсачыць этапы будаўнічых работ, выверыць дакладнасць працы рэстаўратараў, а самім спецыялістам пазбегнуць нараканняў, маўляў, недакладна аднавілі фасад ці змянілі гістарычны выгляд унікальнага будынка...

Між іншым, у Міністэрстве культуры поўным ходам ідзе праграма па стварэнні лічбавай базы даных аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. На сённяшні дзень асабліва актуальнай з'яўляецца мадэрнізацыя гэтай базы, каб па завяршэнні яна адпавядала патрабаванням сучасных тэхналогій, а ўсе зацікаўленыя маглі б мець шырокі доступ да яе праз Інтэрнэт.

 Стварэнне 3D-пашпартоў помнікаў архітэктуры - сапраўды неабходная і запатрабаваная справа, вынікі якой дакладна выкарыстаюць навукоўцы, даследчыкі, архітэктары, рэстаўратары і нават турысты з усяго свету. Але, зноў жа з-за недахопу адпаведнай інфармацыі, зацікаўленыя бакі ідуць, на жаль, паралельнымі сцежкамі... А карысць для краіны - відавочная.

 

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"