Абліччы мацярынства

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Віншую Галерэю: як мне здаецца, гэта адна з лепшых (шчырых, жывых) выставак за апошні час. Вялікі дзякуй аўтарам!”

Гэта адзін з водгукаў у кнізе наведвальнікаў Гомельскай карціннай галерэі Г.Вашчанкі, адрасаваны стваральнікам унікальнага не толькі для Гомельшчыны праекта. Размова ідзе аб выстаўцы “Абліччы мацярынства”, якая прайшла ў сярэдзіне жніўня ў галерэі. Яе экспазіцыя была пабудавана на сінтэзе розных відаў мастацтва — скульптуры, паэзіі, мастацкай фатаграфіі.
Аўтар пластычных вобразаў — вядомы скульптар Валерый Казлоўскі. Яго работы з дрэва, каменя, мармуру і граніту арганічна ўпісаліся ў гарадское і паркавае асяроддзе Мінска, Гомеля, Магілёва, Светлагорска, Міра…У творчасці В.Казлоўскага прасочваюцца як класічныя традыцыі, так і тэндэнцыі сучаснай скульптуры. Аўтар смела стылізуе прапорцыі фігуры, дасягаючы пры гэтым уражвальнай выразнасці, сімвалічнай абагуленасці.
 /i/content/pi/cult/129/627/Abliccy..jpg
 В.Казлоўскі. "Плаванне даўжынёй у жыццё".
Асаблівы настрой выклікаюць скульптуры, у якіх прысутнічае нацыянальны каларыт. Беларуская талерантнасць, міралюбнасць і добразычлівасць ярка выяўлены ў такіх творах, як “Крыж па жыцці”, “Пяшчота”, “Матухна”, “Ландыш”, “Цішыня”, “Плаванне даўжынёй у жыццё”, “Купалінка”…
У дадзеным праекце — больш за 40 скульптур, выкананых з рэдкіх парод дрэва. Тое, што менавіта гэты матэрыял стаў асноўным для стварэння вобразнага свету, невыпадкова. Разнастайнасць тэкстуры і багацце цёплых адценняў драўніны лепш за ўсё адпавядае задуме, канцэпцыі выстаўкі.
Вобраз маці — адзін з самых старажытных у гісторыі мастацтва. У шматлікіх варыяцыях гэтая тэма так ці інакш прасочваецца ў творчасці ледзь не кожнага мастака. Сінтэз скульптуры, паэзіі і фатаграфіі даў магчымасць прадставіць гэты вобраз па-новаму, свежа, арыгінальна.
Аднак, каб весці размову не проста аб сінтэзе разнастайных мастацтваў, а менавіта аб іх узаемапранікненні і ўзаемадапаўненні, неабходна было, каб паэтычныя вобразы мелі асацыятыўны характар.
Менавіта такія якасці ўласцівыя для твораў другога аўтара праекта — паэта і мастацтвазнаўцы Алега Ананьева. Напісаныя ім да кожнай прадстаўленай скульптуры вершы развіваюць вобразную шматпланавасць. Узнікае аб’ёмная прастора, у якой глядач не проста любуецца выразнай пластыкай створаных скульптур — ён далучаецца да суразвагі…
Гамяльчане знаёмы з фотатворчасцю А.Ананьева па мінулых персанальных выстаўках. А прадстаўленыя ў дадзенай экспазіцыі фатаграфіі лірычных пейзажаў Беларусі ўспрымаюцца не толькі як колеравы фон — яны ўзмацняюць эмацыйнае суперажыванне.Паэтычныя радкі і фота напаўняюць сузіранне аб’ёмным зместам, трапяткімі пачуццямі. Абліччы мацярок паўстаюць не застылымі, а пранікнёна жывымі. Невыпадкова паэт выкарыстоўвае форму мысленнага дыялога з іконным вобразам Маці.
Пры гэтым і скульптар, і паэт ствараюць (кожны — сваімі мастацкімі сродкамі) лаканічны, роднасны па духу вобраз, у які яны ўкладаюць свае спавядальныя пачуцці да Маці, да Радзімы.Аб тым, што А.Ананьеў умее тонка ўспрымаць іншыя творчыя светы, сведчаць яго публікацыі пра мастакоў у перыядычным друку, у тым ліку і ў газеце “Культура”. А пра свой паэтычны патэнцыял ён ярка і сцвярджальна заявіў і новым зборнікам “Спавядальны акаём”, прэзентацыя якога адбылася ў рамках дадзенага праекта. І гэта таксама не выпадкова, бо асноўным лейтматывам названай кнігі паэзіі з’яўляецца асэнсаванне Палескага краю і вобраза Маці.
Трэба адзначыць і вялікае выхаваўчае значэнне праекта, ажыццёўленага настаўнікамі мастацкіх школ горада Гомеля — № 19 (В.Казлоўскі) і № 61 (А.Ананьеў). У прапанове намесніка старшыні гарвыканкама С.Парошына прагучала пажаданне, каб з гэтым праектам, адрасаваным у першую чаргу моладзі, маглі пазнаёміцца не толькі ў Гомелі.

Пётр ЛУК’ЯНЕНКА,
член Беларускага саюза мастакоў
Гомель