“Вычасана”... ледавіком

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Дакрануцца да каменя-гойбіта, або Легенды сакральных валуноў

/i/content/pi/cult/338/6269/14-2.jpg

 

Пакуль грамадскасць ды навуковая супольнасць Беларусі горача абмяркоўваюць знойдзеную на Віцебшчыне фігуру драўлянага ідала, азірнуўшыся навокал, кожны можа знайсці не менш старажытныя артэфакты - сапраўдных сведкаў прысутнасці ледавікоў на тэрыторыі нашай краіны. А разабрацца з разуменнем таемных знакаў, адлюстраваных на камянях, з іх адметнасцямі дапаможа кніга "Культавыя і гістарычныя валуны Беларусі", што нядаўна пабачыла свет у выдавецтве "Беларуская навука" пад аўтарствам цэлай плеяды айчынных даследчыкаў, у тым ліку Аляксандра Карабанава, Валерыя Вінакурава, Людмілы Дучыц, Эдварда Зайкоўскага і Ірыны Клімковіч.

 Першыя гіпотэзы пра паходжанне валуноў узніклі ў Еўропе на пачатку XVIII ст. Тады вучоныя звязалі іх утварэнне з касмічнымі катастрофамі, выбухамі пры сутыкненні невядомых планет, якія распаліся на кавалкі. Лічылася, што частка вялікай колькасці абломкаў трапіла на Зямлю. Да таго ж, з'яўленне валуноў некаторыя тлумачылі нават вывяржэннем вулканаў на Месяцы.

 Відавочна, вялікую дапамогу пры падрыхтоўцы кнігі аказалі звесткі пра незвычайныя камяні, якія адзначаны ў летапісах і дакументах, царкоўнай ды краязнаўчай літаратуры. Па прызнанні аўтараў даследавання, асаблівую ўвагу валунам надавалі археолагі і краязнаўцы ў 1920 - 1930-я. Такім чынам, у наш час назапасіўся вялікі аб'ём інфармацыі пра больш чым паўтысячы сакральных валуноў. Некаторыя з іх лічацца гойбітамі- камянямі, якія дапамагаюць ад пэўных хвароб. Да таго ж, як адзначылі аўтары кнігі, на Беларусі сустракаюцца камяні-абярэгі, камяні, прысвечаныя пэўным боствам - Пярун-Камень, Волас-Камень, Дажбогаў Камень, а таксама Чортавы камяні, камяні з выемкамі, з ямкамі.

Але калі грунтоўна даследаваць ледавіковых прышэльцаў пачалі адносна нядаўна, то пакланяцца валунам - ці не спрадвеку. На думку даследчыкаў, ушанаванне камянёў характэрна для большасці народаў і для многіх рэлігійных сістэм Еўропы. У прыватнасці, на тэрыторыі нашай краіны культ камянёў да сённяшняга дня спалучаецца як з язычніцкімі, так і з хрысціянскімі вераваннямі. У "вычасаных" ледавіком каменных формах продкі бачылі чалавечыя твары, сляды, адбіткі рук, абрысы жывёл. Са старажытных часоў захаваліся паэтычныя паданні пра ўнікальныя здольнасці мінералаў. Шмат з іх можна знайсці і ў кнізе, дзе кожная гісторыя каменя сістэматызавана ў адпаведнасці з яго ўласцівасцямі./i/content/pi/cult/338/6269/14-1.jpg

Да прыкладу, у вёсцы Пятровічы Смалявіцкага раёна некалі шанавалі авальны камень. Па расповедах вяскоўцаў, на валуне выразна быў бачны адбітак правай нагі Божай Маці і след ад Яе кіёчка. Згодна з легендай, калі Багародзіца праходзіла па беларускай зямлі і ішла праз Ляды і Пятровічы, то спынялася адпачыць у гэтых месцах. І паўсюль, дзе ступала нага Божай Маці, пачыналі біць крынічкі, а на камянях адбіваліся сляды Яе ног. Доўгі час каля каменя ў Пятровічах бруіў добраўпарадкаваны ручай, вада якога лічылася гаючай.

Зрэшты, следавікі карысталіся спрадвеку асаблівай пашанай ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Гаворка пра валуны, на паверхні якіх нейкім чынам узніклі прыродныя або штучныя адбіткі ў выглядзе нагі ці далоні чалавека або ў форме слядкоў пэўнай жывёлы. Па звестках даследчыкаў, на тэрыторыі Беларусі камянёў са слядамі на іх паверхні налічваецца больш за 100. У асноўным яны маюць адносна невялікія памеры: ад 0,5 да 1,5 - 2,0 м у дыяметры і ад 0,3 да 1,0 м у вышыню. Самі ж сляды на камянях паглыблены на 1- 3 см і маюць памеры натуральных слядоў чалавека і жывёл. Можна згадаць адзін з самых вядомых следавікоў з выявай далоні Божай Маці, які знаходзіцца ў вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна ў знакамітым праваслаўным манастыры. Паводле падання, менавіта на гэтым камені адбылося другое з'яўленне абраза Жыровіцкай Божай Маці ў XVI ст.

Даволі шмат можна знайсці валуноў з высечанымі на іх малюнкамі, таямнічымі знакамі ці надпісамі. Усяго ж у нашай краіне выяўлена і ўзята пад ахову дзяржавы толькі 320 унікальных помнікаў, адначасова звязаных як з прыроднай, так і з духоўнай спадчынай. Для параўнання: у суседніх краінах лік такіх валуноў ідзе на тысячы. А таму відавочна, што яшчэ не аднаму пакаленню краязнаўцаў спатрэбіцца прыкласці намаганні, каб знайсці і разгадаць таямніцы ўсім знаёмых з дзяцінства камянёў. Не выпадкова, каб паскорыць гэты працэс, аўтары кнігі запрашаюць усіх неабыякавых да айчыннай гісторыі людзей да супрацоўніцтва.

К.А.