СЛОВА “ЗНЕСЦІ” Ў ЗАКОНЕ АДСУТНІЧАЕ!, або ХТО ЧАКАЕ НА “КАНЧАТКОВЫ ВЫРАК” ДЛЯ ПОМНІКА СПАДЧЫНЫ?

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Хто дасць ацэнку дзеянняў двух бакоў “несалодкага” канфлікту на кандытарскай фабрыцы?

/i/content/pi/cult/338/6261/4-1.jpg Да рэдактара аддзела сацыяльных праблем "К" звярнуўся галоўны інжынер кандытарскай фабрыкі з Нароўлі. На яе тэрыторыі месціцца будынак, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, але знаходзіцца ў праблемным стане. Адсюль узнікае пытанне: што з ім рабіць? Ролю канкрэтных уласнікаў аб'ектаў спадчыны (без залежнасці ад іх юрыдычнага статусу і роду заняткаў) у агульнанацыянальнай справе зберажэння культурных набыткаў папраўдзе цяжка пераацаніць. Гэта неаднаразова падкрэсліваў і міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Такім чынам камандзіроўка ў Нароўлю журналісту "К" была выпісана без ваганняў. Ды, на жаль, гутарка з кіраўніцтвам фабрыкі ішла зусім не пра метады кансервацыі альбо пошук інвестараў, а... Але пра ўсё па парадку.

 Нараўлянская кандытарская фабрыка - адзін са старажылаў на рынку. Яна па праве ганарыцца тым, што яе гісторыя пачынаецца яшчэ ў 1913 годзе. Незадоўга да рэвалюцыі прадпрымальны магнат Аляксандр Горват пачаў вырабляць тут розныя слодычы і дэсерты, збудаваўшы непадалёк ад свайго палаца імпазантную камяніцу. Згодна з тагачаснай няпісанай модай, гэты цалкам прамысловы будынак у нечым нагадваў сярэднявечны замак.

Той "замак" і сёння месціцца на тэрыторыі сучаснай кандытарскай фабрыкі. І хаця годнага прызначэння яму ў наш час не знайшлося, захаваўся ён някепска - натуральна, не без высілкаў "спадкаемцаў" салодкай справы Горватаў. Дырэктар фабрыкі Валерый Таран запэўніў, што зяленіву, якое дзе-нідзе праглядаецца на сценах, не даюць раскашаваць і глыбока пусціць карані - яго рэгулярна падразаюць.

Але за ладнай камяніцай з чырвонай цэглы праглядаецца і яшчэ адна старая пабудова - ці, дакладней, цэлы комплекс. Яго выгляд сёння зусім лядашчы: дах ужо амаль абваліўся, у сценах зеўраюць вялізныя шчыліны, унутры - купы будаўнічага смецця... Менавіта пра гэтыя камяніцы і пойдзе гутарка далей.

Толькі ў выпадку антыўтопіі

 У праекце ахоўнай зоны сядзібы Горватаў яны вызначаны як аранжарэя і гаспадарчыя пабудовы. Яшчэ да 1991 года яны выкарыстоўваліся фабрыкай як вытворчыя плошчы. Потым кандытарскі цэх быў перанесены ў новы будынак, а пра стары надоўга забылі... І менавіта апошні фактар тлумачыць яго цяперашні стан - як тэхнічны, гэтак і санітарны.

 Пра будынак "успомнілі" толькі тады, калі ён ужо пераўтварыўся ў руіны. І, адпаведна, пачаў уяўляць патэнцыйную пагрозу для людзей. Бо раптам здарыцца абвал...

 У 2008 годзе спецыялісты з мінскай лабараторыі правялі даследаванне старых муроў. Экспертнае заключэнне канстатуе высокую ступень зношанасці сцен, страту імі нясучых здольнасцей і ўтрымлівае рэкамендацыю - дэмантаваць.

Менавіта такі варыянт уяўляецца Валерыю Тарану найбольш прымальным. Ён не бачыць ані перспектыў выкарыстання тых руінаў, ані рэальных магчымасцей іх захавання. Уласна, прадмет гутаркі ўжо даўно б знік з зямной паверхні, каб не адно "але": адрузлыя сцены маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

 Дырэктар фабрыкі шчыра недаўмявае: маўляў, і ў чым жа іх каштоўнасць? Навукоўцы лічаць іначай. На іх думку, руіны з'яўляюцца складовай часткай былога сядзібна-паркавага комплексу Горватаў. І таму павінны ўспрымацца менавіта ў комплексе з яго эпіцэнтрам - шыкоўным некалі палацам, што месціцца ад іх усяго ў некалькіх дзясятках метраў.

Кіраўніцтва фабрыкі звярнулася ў Міністэрства культуры краіны з прапановай выключыць аварыйны будынак з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей, каб потым яго знесці. Лішне нават казаць, што адказ быў адмоўным.

- Слова "знесці" ў Законе аб ахове спадчыны адсутнічае! - лаканічна патлумачыў сваю пазіцыю начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі.

 Менавіта згаданы вышэй Закон рэгламентуе і тыя выпадкі, калі аб'ект можа страціць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Ці не ўсе яны - з шэрагу змрочнай фантастыкі. Бо не маюць ніякага дачынення да сучаснай беларускай рэчаіснасці. - Прыкладам, калі падчас стыхійных катаклізмаў альбо баявых дзеянняў помнік спадчыны быў пераўтвораны ў купы друзу, і аднавіць яго ўжо ніяк немагчыма, - Ігар Чарняўскі згадвае пра такі літаратурны жанр, як антыўтопія. - Як вы самі разумееце, мы гаворым зусім пра іншы выпадак.

 "Што рабіць?" і "Хто вінаваты?"

 Але... як жа быць са згаданым вышэй выракам, які вынеслі руінам эксперты? Асабліва ў тым выпадку, калі ён - справядлівы ды канчатковы, а пытанне "Што рабіць?" у дадзеным выпадку і сапраўды мае толькі адзін адказ: знесці.

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, паставіць кропку ў лёсе помніка не атрымаецца нават і ў гэтым разе. Замест гэтага пунктуацыйнага знака ўзнікае чарговае пытанне: "Хто вінаваты?".

- Варта нагадаць, што беларускае заканадаўства аперыруе не толькі тэрмінам "злачыннае дзеянне", але і "злачыннае бяздзеянне", - кажа Ігар Чарняўскі. - Вы ж самі разумееце, што будынак пераўтвараецца ў руіны не адразу, не за адзін год. І калі рабіць элементарныя захады па яго захаванні, гэтага не здарыцца.

 Казаць пра персанальную адказнасць Валерыя Тарана ў дадзеным выпадку даволі праблематычна. Сваю цяперашнюю пасаду ён займае ўсяго тры гады. Але варта нагадаць, што "аварыйны" сёння помнік спадчыны амаль усю сваю гісторыю меў толькі аднаго ўласніка - менавіта кандытарскую фабрыку.

Зрэшты, у тэксце згаданага вышэй экспертнага заключэння кідаецца ў вочы адна акалічнасць. Пры ўсёй яго датклівасці, там нідзе нават не згадваецца, што аб'ект даследавання з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Адпаведна, ён апрыёры вымагае зусім іншага стаўлення, чым проста "бросавы" будынак.

Цікава, які вердыкт - без увагі на згаданую акалічнасць - вынеслі б эксперты колішняй рэзідэнцыі Сапегаў у Ружанах? Яна прастаяла ў руінах куды даўжэй за тыя будынкі Горватаў. Ды, не зважаючы на гэта, сёння паэтапна пераўтвараецца ў "цукерачку". Такую самую эвалюцыю спазнае і блізкі адтуль палац Пуслоўскіх у Мерачоўшчыне. І гэты спіс можна доўжыць.

Каб верыць у магчымасць адраджэння "аварыйных" руін, зусім неабавязкова быць ідэалістам-утапістам. Бо сама аб'ектыўная рэчаіснасць сведчыць: кардынальна змяніць тэхнічны стан - гэта справа тэхнікі. Галоўнае, каб былі жаданне, бачанне перспектыў і, натуральна, сродкі.

- Я не выключаю таго, што некаторыя зусім "безнадзейныя" фрагменты забудовы можна будзе дэмантаваць пасля правядзення адпаведных замераў,- кажа Ігар Чарняўскі. - Але паўтаруся: пра поўны знос помніка спадчыны нават гаворкі быць не можа.

/i/content/pi/cult/338/6261/4-2.jpgПомнік без пасведчання

 У аддзеле культуры Нараўлянскага райвыканкама пра гаспадарчыя будынкі Горватаў ды звязаныя з імі праблемы не тое што ведаюць, яны там - нібы костка ў горле.

- З іншымі ўласнікамі гісторыка-культурных каштоўнасцей нам лёгка ўдаецца знайсці паразуменне, - распавядае дырэктар Музея этнаграфіі і рамёстваў Раіса Бобр, якая ў раёне выконвае абавязкі спецыяліста па ахове спадчыны. - Не так даўно вось правялі для іх вучобу, дзе падрабязна разгледзелі ўсе набалелыя пытанні. А "наладзіць кантакт" з кіраўніцтвам фабрыкі ніяк не ўдаецца, колькі б мы ні намагаліся.

Вось ужо каторы месяц Раіса Бобр "настойліва прапануе" дырэктару фабрыкі падпісаць ахоўныя абавязальніцтвы і аформіць уліковыя дакументы - як таго і вымагае Закон аб ахове спадчыны. І ўсё марна!

Валерый Таран тлумачыць сваю пазіцыю наступным чынам. Ніякіх аранжарэй альбо гаспадарчых пабудоў мінулай эпохі на балансе фабрыкі, якую ён узначальвае, не лічыцца. У дакументах згадваецца адно стары кандытарскі цэх, які датуецца ўсяго толькі 1958 годам - і, адпаведна, не мае да Горватаў ніякага дачынення.

Натуральна, такі аргумент можна палічыць казуістычнай адгаворкай. Але дырэктар фабрыкі шчыра сумняецца ў тым, што згаданыя пабудовы сапраўды з'яўляюцца помнікам спадчыны дарэвалюцыйнай пары. І тыя сумневы небеспадстаўныя: войны ХХ стагоддзя, якія абпалілі наш край, не абыходзілі бокам і гэты яго куточак. Фабрыка неаднаразова руйнавалася, адбудоўвалася, перабудоўвалася... Тыя адмеціны часу на мурах праглядаюцца нават няўзброеным вокам: дзесьці суседнічаюць два тыпы цэглы, дзесьці заўважныя ўкрапванні бетону, а над адным з франтонаў яшчэ захавалася ляпніна ў выглядзе пяціканцовай зоркі...

Але як тыя "адмеціны" правільна "прачытаць" ды інтэрпрэтаваць? Думаецца, ніводзін дылетант не ўзяў бы на сябе такую адказнасць, саступіўшы права голасу аўтарытэтным даследчыкам архітэктуры.

 Так, цалкам можна дапусціць, што далёка не ўсе часткі досыць вялікага комплексу па праве належаць да гісторыка-культурнай спадчыны і сапраўды вартыя захавання. І калі атрыбуцыя гэтай забудовы здолее "абвергнуць" дзейны юрыдычны статус тых ці іншых яе элементаў (прыкладам, з той прычыны, што яны паўсталі не ў 1913 годзе, а ў 1958-м) - значыць, туды ім і дарога... Але паўторымся: рашэнні тут могуць прымаць менавіта спецыялісты. А расставіць кропкі над "і" ў дадзеным выпадку здолее толькі той орган, які надзелены для гэтага належнымі паўнамоцтвамі. У краіне ён адзін - гэта Навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

 Начальнік аддзела культуры Нараўлянскага райвыканкама Віктар Захаранка справядліва заўважыў: нават для таго, каб проста вынесці на яе разгляд тое ці іншае пытанне, трэба, прынамсі, утрэсці такія юрыдычныя фармальнасці, як афармленне ахоўных абавязальніцтваў і ўліковых дакументаў.

- Бо пакуль што той будынак - гэта нібы чалавек без пасведчання асобы, - дадаў ён. - Пагадзіцеся, такому чалавеку вельмі цяжка вырашыць важнае для яго пытанне.

 Але сёння рух працягвае адбывацца па зачараваным коле, з нулявой эфектыўнасцю. Людзі трацяць час, энергію, сілы і ўсё надарма. Атрымалася патавая сітуацыя.

Пазбавіцца ад "кепскага актыву"

Новы дырэктар прыйшоў на фабрыку ў якасці "антыкрызіснага менеджара". І ў гэтай іпастасі цалкам спраўдзіў сваё прозвішча. Прадпрыемства імкліва заняло пачэсную нішу на беларускім рынку, знайшло спажыўцоў сваёй прадукцыі і за мяжой, выйшла ў "плюс", распачало мадэрнізацыю абсталявання... І гэтыя дасягненні важныя не толькі для самой фабрыкі, але і для ўсёй Нароўлі.

Валерый Таран ўсведамляе, што прадпрыемства, якім ён кіруе, - горадаўтваральнае. А кацельная фабрыкі забяспечвае цяплом не толькі вытворчасць, але і многія дамы ды ўстановы. І таму фармулюе ўласныя задачы менавіта з гэтым улікам - як прагматычны кіраўнік, ад якога залежаць лёсы многіх людзей. Але... як падалося, чамусьці бачыць супярэчнасць гэтых задач з інтарэсамі аховы спадчыны. І тая супярэчнасць чамусьці падаецца яму невырашальнай.

- Разумееце, сёння мы не можам траціць мільярды рублёў дзеля таго, каб захаваць руіны, - кажа Валерый Таран. - Бо гэта пойдзе на шкоду нашаму прадпрыемству, а разам з ім - і ўсёй Нароўлі.

Адсюль і жаданне пазбавіцца ад "кепскага актыву"... І варыянт гэты, між іншым, зусім нятанны нават чыста ў эканамічным аспекце: паводле папярэдніх падлікаў, выкананне "смяротнага выраку" помніку спадчыны абыдзецца прыкладна ў мільярд рублёў!

Задаў Ігару Чарняўскаму канкрэтнае пытанне: што б вы рабілі на месцы дырэктара фабрыкі? І адразу атрымаў канкрэтны адказ:

- Перш-наперш, я б запрасіў талковага архітэктара - чалавека, які працуе не дзеля грошай, а, перадусім "за ідэю", - і папрасіў бы яго зрабіць недарагі, але эфектыўны праект кансервацыі таго будынка. Паверце, што гэтыя працы - зусім не такія затратныя, як многім падаецца. Самыя танныя матэрыялы, элементарныя канструкцыі часовага даху... Я - не архітэктар і не будаўнік. Але раней - калі вольнага часу ў мяне было куды болей, чым цяпер, - уласнаручна з сябрамі без выдаткавання якіхнебудзь значных сродкаў, займаўся прэвентыўнай кансервацыяй помнікаў спадчыны. Таму калі хтосьці пачне мяне пераконваць у тым, што гэтая справа - непасільна складаная, я маю права яму не паверыць. Як і ў тое, што яна абавязкова вымагае мільярдных выдаткаў.

 Далей, спыніўшы руйнаванне будынка і прывёўшы яго ў нармальны санітарны стан, я б паспрабаваў знайсці для яго інвестара. Сёння ўмовы для гэтага даволі спрыяльныя, і захады робяцца на дзяржаўным узроўні.

Калі развеецца туман над перспектывамі

Пытанню "Як захаваць?" лагічна папярэднічае пытанне "Навошта захоўваць?". Мяркуючы па ўсім, для Віктара Тарана яно вельмі важнае - гэты чалавек ужо паводле самой сваёй натуры не схільны да фармалізму.

Без сумневу, перспектывы будынка, які з'яўляецца складовай часткай вялікага сядзібнага комплексу, варта ацэньваць таксама ў комплексе. І яны наўпрост залежаць ад лёсу самога палаца Горватаў.

Сёння візуальную розніцу паміж станам тых аб'ектаў вызначыць бадай немагчыма. Запусценне па-ранейшаму пануе і ў парку. Ля фантана на стромым беразе Прыпяці заўважыў тыя самыя "сляды пікнікоў", якія згадваліся ці не ў кожнай публікацыі, прысвечанай гэтым мясцінам.

Але... ёсць змены, якія няўзброеным вокам не ўбачыш - прынамсі, да часу. Як распавёў Віктар Захаранка, летась на падрыхтоўку праектнакаштарыснай дакументацыі было выдаткавана 150 мільёнаў рублёў, сёлета - ужо 700. Паралельна распрацоўваецца і дакументацыя, патрэбная для прывядзення да ладу парка, адбываецца дэмантаж прыбудовы да палаца савецкіх часоў, якая наўрад ці можа прэтэндаваць на нейкі адмысловы статус.

- Пасля рэстаўрацыі ў палацы размесцяцца музей, карцінная галерэя, канферэнц-зала, кавярня, адміністрацыйныя памяшканні, - распавядае начальнік аддзела культуры.

Варта адзначыць, што звышзатратны праект рэстаўрацыі стаў магчымым дзякуючы Дзяржаўнай праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, зацверджанай Прэзідэнтам краіны. Дадамо яшчэ, што з чатырох помнікаў архітэктуры Нараўлянскага раёна ў гэтую праграму патрапілі тры. Апрача палаца, гэта сядзіба ў Галоўчыцах і дарэвалюцыйны драўляны будынак Музея этнаграфіі і рамёстваў, дзе турыст ужо і сёння можа разлічваць на цікавую ды пазнаваўчую экскурсію.

Пакуль што Нароўля не ўключана ў "Залатое кольца Гомельшчыны". Чаму - глядзіце вышэй. Але пасля рэстаўрацыі палаца гэтая несправядлівасць, без сумневу, будзе выпраўлена. Тым болей, з геаграфічнага пункту гледжання ўсё складаецца проста ідэальна. Мазыр, Юравічы і Нароўля нібы самі сабою ўтвараюць добры "куст", якога хопіць для аднадзённай экскурсіі. Прычым гэты досыць кароткі шлях куды зручней і цікавей не праехаць, а менавіта праплыць па прыгажуні Прыпяці, якая таксама з'яўляецца турыстычнай адметнасцю. А калі пачаць воднае падарожжа хаця б у Пінску, атрымаецца ўжо сапраўдны круіз...

На сёння перспектыва старых ды зусім занядбаных гаспадарчых пабудоваў Горватаў выглядае не больш празрыстай, чым туман па-над прыпяцкім поплавам. Але ці здатны хтосьці з нас зазірнуць у будучыню хаця б на гадоў -наццаць? Хто яго ведае: можа, каб мы мелі тую чарадзейную здольнасць, нашаму спазору адкрыліся б зусім іншыя ракурсы?

- Не мы, не нашае пакаленне будавала гэтыя сцены, і таму не нам выносіць ім безапеляцыйны прысуд, не нам вырашаць, патрэбны яны або не, - кажа Раіса Бобр. - Наша справа - проста захаваць.

 ■ ■ ■

Страціўшы надзею дасягнуць паразумення з уласнікам праблемнага аб'екта, аддзел культуры падрыхтаваў зварот у пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку "прынцыповай пазіцыі" дырэктара фабрыкі, датычнай падпісання ахоўных абавязальніцтваў.

 Пра ўмяшальніцтва ў гэты канфлікт праваахоўных органаў казаў і Ігар Чарняўскі.

- Цалкам можа стацца, што згаданая вамі сітуацыя стане першым прыкметным прыкладам увасаблення ў жыццё Пагаднення, якое не так даўно было падпісана паміж Міністэрствам культуры і Генпракуратурай краіны,- кажа ён.- І вельмі шкада, што ёсць людзі, якія не разумеюць простую ісціну: закон ёсць закон, - кажа ён. - Калі хтосьці з нас перавысіць хуткасць альбо перабяжыць дарогу на чырвонае святло, ён наўрад ці будзе ўступаць у палеміку з інспектарам ДАІ, які выпіша яму штраф. Бо тая палеміка папросту не мае сэнсу.

 Не зважаючы на гэта, Раіса Бобр спадзяецца вырашыць канфлікт мірна.

- Работнікаў культуры, якія займаюцца справай аховы спадчыны, нярэдка абвінавачваюць у нерашучасці, "мяккацеласці", нежаданні прымаць жорсткія меры, - кажа яна. - Але такая наша пазіцыя, мусіць, тлумачыцца іначай. Мы разумеем, што карныя захады не прывядуць да паразумення, да канструктыўнага дыялога, да супольнай працы дзеля агульнай мэты. А менавіта такі варыянт развіцця падзей уяўляецца мне найбольш прадуктыўным. Неаспрэчна, Раіса Бобр мае рацыю.

наш спецкарэспандэнт

Мінск - Нароўля - Мінск

Фота аўтара