Майстар-класы ў Маскве…

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Навучальны год для многіх юных музыкантаў і мастакоў з розных рэгіёнаў Беларусі пачаўся не ў верасні, а ў канцы жніўня. І не ў Мінску, а ў Маскве, дзе яны ўдзельнічалі ў майстар-класах вядучых прафесараў расійскай сталіцы.

 /i/content/pi/cult/129/626/Majstar-klas.jpg
 Генадзь Забара.
— Усе былі ў захапленні! — расказала загадчыца Цэнтра па рабоце з таленавітай моладдзю Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры Святлана Сусалка. — Дзеці не толькі ўзялі ўрокі ў знакамітай прафесуры, але і паглядзелі Маскву, многія — упершыню. Вядома, у гэтым сэнсе больш пашчасціла мастакам, бо яны пастаянна выязджалі на натуру, дзе рабілі накіды сваіх твораў, наведвалі музеі.
Але і музыкантам давялося пабываць у Царыцыне, музеі-сядзібе “Астанкіна”, пабачыць Крэмль і іншыя памятныя мясціны Масквы. Жывыя эмоцыі дапаўнялі непасрэдна мастацкія ўражанні, атрыманыя падчас майстар-класаў. Пацвярджэннем плённасці такіх творчых стасункаў сталіся выстаўка, складзеная з работ, намаляваных падчас майстар-класаў, і фінальны гала-канцэрт. Яго давялося рабіць ажно ў два вечары — столькі было таленавітых дзяцей і выдатна падрыхтаваных нумароў. Яшчэ адной асаблівасцю гэтых майстар-класаў стала тое, што ў іх удзельнічалі не толькі беларускія, але і расійскія дзеці і падлеткі. Прычым, калі мы намагаліся паслаць у Маскву найперш навучэнцаў выпускных класаў сярэдніх спецыяльных устаноў, дык сярод расійскай дзятвы былі і зусім маленькія творцы. Няма чаго і казаць, што ўсе яны пасябравалі, а развітваліся са слязьмі на вачах, абменьваючыся адрасамі і тэлефонамі. Таму вялікі дзякуй Саюзнай дзяржаве і Міністэрству культуры Беларусі, якія выступілі галоўнымі арганізатарамі гэтай памятнай і карыснай падзеі. 

… і на Гомельшчыне 

Майстар-класы для навучэнцаў і выкладчыкаў Жыткавіцкай дзіцячай школы мастацтваў правёў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам. Маэстра здолеў прывезці на Гомельшчыну не толькі такіх знаных музыкантаў, як Ансамбль кларнетыстаў пад кіраўніцтвам заслужанага артыста рэспублікі Генадзя Забары, але і народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага.
— Тое, што прыехаў сам Міхаіл Савіцкі, — падкрэсліла доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава, якая цягам многіх гадоў вядзе канцэрты і майстар-класы Нацыянальнага канцэртнага аркестра РБ, — вельмі ўзрушыла аўдыторыю. Вузкапрафесійная, здавалася б, сустрэча ператварылася ў папраўдзе аншлагавае, амаль сенсацыйнае мерапрыемства. Публіка лавіла літаральна кожнае слова і заўзята фіксавала ўсё-ўсё-ўсё ў сваіх блакнотах. А якую каласальную зацікаўленасць выклікаў майстар-клас Генадзя Забары! Гэты славуты кларнетыст выступіў своеасаблівым “рэжысёрам” свайго праекта: ён знітаваў у адзінае цэлае сольнае, ансамблевае выкананне і адмысловыя педагагічныя прыёмы, адкрыў дзятве і выкладчыкам самыя патаемныя сакрэты свайго майстэрства, ахапіўшы і спецыфіку працы з ансамблем. Мы ўжо не ўпершыню прыязджаем у гэтую школу (год таму тут майстар-класы, акрамя Генадзя Забары, праводзіў прафесар Барыс Нічкоў), але ўвага з боку навучэнцаў і выкладчыкаў не толькі не спадае, а, наадварот, расце. Да нашага чарговага прыезду рыхтаваліся, зрабілі ў школе такі рамонт, што яна ператварылася ледзь не ў храм. Усё гэта сведчыць, што запатрабаванасць такіх творчых сустрэч — вялізная. Тым больш, што яны спалучаюцца з канцэртнымі выступленнямі шматлікіх камерных калектываў аркестра, утвараючы святочна-фестывальнае асяроддзе. У тым жа Тураве, куды музыканты рушылі пасля Жыткавічаў, у зале панавала наэлектрызаваная атмасфера слухання і ўслухоўвання ў кожны гук. Людзі без музычнай адукацыі рэагавалі на ўсё вельмі чуйна, як рэагуе хіба прафесійнік. А пасля прыходзілі за кулісы і шчыра дзякавалі за беларускую музыку, беларускую мову. Значыць, такія выезды вырашаюць не толькі ўласна мастацкія і асветніцкія задачы, што стаяць перад нашай культурай, але і садзейнічаюць патрыятычнаму выхаванню нашай моладзі.

Фота Уладзіміра ВІТЧАНКІ