Джэм-сэйшн “Белай Вежы”

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Засталося зусім няшмат да пачатку новага тэатральнага сезона. Для заўзятых тэатралаў ён традыцыйна пачнецца з Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа”, які з 9 па 16 верасня вось ужо шаснаццаты раз збярэ ў Брэсце творчыя калектывы з розных краін свету.

 

 27 спектакляў з 11 краін свету - такі геаграфічна-творчы дыяпазон будзе прадстаўлены сёлета ў фестывальнай афішы. Сярод іх як тыя калектывы, што ўжо знаёмыя брэсцкаму гледачу, так і зусім новыя, што завітаюць да нас упершыню. Сярод "старажылаў" - Львоўскі тэатр "Уваскрэсенне" з вулічнай пастаноўкай "Глорыя", Дзяржаўны рускі драматычны тэатр імя У.Маякоўскага з Душанбэ з "Першым каханнем Насрэддзіна", Пермскі тэатр "Ля моста" ўпершыню прадэманструе ў Беларусі "немакдонахаўскі" рэпертуар - спектакль "Вяселле Бальзамінава" А.Астроўскага.

 Акрамя таго Маскоўскі тэатр "Ля Нікіцкіх варот" прадставіць "Мірандаліну" паводле К.Гальдоні, Бранскі абласны тэатр лялек - "Прывітанне! Банжур! Хэлоў!", Харкаўскі дзяржаўны ўкраінскі акадэмічны драматычны тэатр імя Т.Р. Шаўчэнкі- "Войцэка" Г.Бюхнера, нямецкі "Theater am Sachsenring" з Кёльна - монаспектакль "Светы Кафкі", Тэатр эвалюцыі ценяў з Познані- вулічны "FIN AMOR", Унія - Неверагодны тэатр з Варшавы - "Тапорлэнд" і "Іншы пакой". З Арменіі ў Брэст завітае "Маньяк" Г.Слуцкага ў выкананні акцёраў Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя К.С. Станіслаўскага з Ерэвана, а таксама праект Роберта Акапяна "Да вас звяртаюся, спадарыні і спадары!", з Азербайджана - "Зорка, любоў і шампанскае!" Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра імя Самеда Вургуна з Баку, з Ірана- "Зар" Тэатральнай групы "JAM" з Тэгерана, з Малдовы - "Прапанова" А.Чэхава тэатра "Сатырыкус Іон Лука Караджале" з Кішынёва, з Ізраіля - "Хенсэль і Грэтэль: канец гісторыі" Адам Тэатра з Кфар-Саба.

Сёлета "Белая вежа" яшчэ больш пашырыла беларускае прадстаўніцтва ў фестывальнай праграме. Акурат таму конкурсную праграму адкрывае спектакль "Раскіданае гняздо" паводле Янкі Купалы, а таксама - па-за конкурсам - улюбёны брэсцкімі гледачамі вулічны спектакль "Мара пра Дон Кіхота". Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага прадставіць спектакль "Эдып" па п'есе Алены Мінчуковай, Беларускі дзяржаўны тэатр лялек - "Вянчанне" Вітальда Гамбровіча, Тэатр-студыя кінаакцёра - "№ 13" Рэя Куні, Тэатр аднаго акцёра "Зніч" - монаспектакль "Пяюць начлежнікі" па творах Змітрака Бядулі.

Упершыню на айчынных фестывалях можна будзе ўбачыць адзін з самых маладых беларускіх тэатральных калектываў- Палескі драматычны тэатр з Пінска, які прэзентуе спектакль "Гаральд і Мод" К.Хігінса і Ж.-К. Кар'ера. Яшчэ адзін цікавы праект - сумесная работа "Оракл Прадакшн" і "Люсід Стрыт Тэатра" з Чыкага і Ронд-студыі з Мінска пад назвай "У пошуках Белавежскай пушчы".

Працягвае "Белая вежа" і практыку запрашэння на фестываль тэатральных школ. Так, сёлета ў Брэсце будуць прадстаўленыя пастаноўкі "Дарагая Алена Сяргееўна" Л.Разумоўскай Тэатра-студыі Е.Міровіча Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з Мінска і "Педагагічная паэма" паводле А. Макаранкі Тэатральнага інстытута "Школа рускай драмы імя І.А. Гарбачова" з Санкт-Пецярбурга.