Артэфакты з ХІІ стагоддзя

№ 35 (1006) 27.08.2011 - 03.09.2011 г

Цягам бліжэйшага месяца ў горадзе на Палаце пройдуць разнастайныя духоўна-асветніцкія мерапрыемствы з нагоды святкавання 850-годдзя з часу стварэння славутага Крыжа Ефрасінні Полацкай.

 

У прыватнасці, як адзначылі ў манастыры, на працягу верасня ў Полацку і Наваполацку будуць праходзіць асветніцкія гутаркі і лекцыі, прысвечаныя гісторыі стварэння крыжа беларускай святой.

 Акрамя таго, у бібліятэках арганізуюць выстаўкі літаратуры, прысвечаныя гісторыі праваслаўя на полацкіх землях, якія да таго ж падрабязна распавядуць пра жыццё і духоўныя подзвігі прападобнай Ефрасінні. Завершыцца святкаванне ўрачыстай літургіяй 27 верасня, у дзень Узвіжання Крыжа Гасподняга. Пры гэтым для пакланення вернікаў будзе выстаўлена копія Крыжа нябеснай апякункі Беларусі, якая захоўваецца ў Полацкім манастыры.

Тым часам працягваецца і рэстаўрацыя полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы. У прыватнасці, як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Яраслаў Перавалаў, выдзелена і асвоена на рэстаўрацыю ўнікальных фрэсак ХІІ ст. ужо каля 780 мільёнаў рублёў. Да таго ж, на завяршэнне работ плануецца выдаткаваць па 500 мільёнаў рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў адпаведна.

Разам з беларускімі спецыялістамі работы ў храме праводзіць брыгада мастакоў-рэстаўратараў з Расіі, якую ўзначаліў вядомы знаўца старажытных фрэсак Уладзімір Сараб'янаў. У выніку такой супрацы мусіць быць адноўлены першапачатковы інтэр'ер храма, а больш познія жывапісныя наслаенні будуць таксама захаваны і прадстаўлены ў асобным памяшканні.

К.А.