У яе рамках штогод праводзіцца не менш за дзве - тры выстаўкі, якія знаёмяць гледача з гэтай тонкай і складанай, пры знешняй празрыстай лёгкасці, тэхнікай у выкананні розных майстроў- і вядомых, і зусім не знаёмых публіцы.
Выстаўка Гаўрылы Вашчанкі атрымала назву паводле аднаго з твораў, прадстаўленых у экспазіцыі. Для вызначэння стану сталасці чалавека і мастака гэтая работа ўяўляецца сімвалічнай і з'яўляецца праграмнай для экспазіцыі. "Вячэрняя гармонія" - першая персанальная выстаўка ў багатай творчай біяграфіі мастака, якая прадстаўляе самастойна "акварэльную" грань яго таленту.
У дадзеным выпадку экспазіцыя "Вячэрняя гармонія" - частка прыгожай і лагічнай камбінацыі: два мэтры, два народныя мастакі- Гаўрыла Вашчанка і Леанід Шчамялёў - "гасцююць" адзін у аднаго ў імянных галерэях менавіта сёлета. Неўзабаве пасля адкрыцця ў Мінску выстаўкі "Вячэрняя гармонія" частка калекцыі Галерэі Шчамялёва выправіцца ў Гомель, у Мастацкую галерэю Вашчанкі, дзе будзе разгорнута "зваротная" экспазіцыя.
Таццяна БЕМБЕЛЬ, дырэктар галерэі