Ці ёсць шэф-повар для бізнес-плана?

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Што ў беларускім меню кулінарнага турыста?

/i/content/pi/cult/337/6242/11-1.jpg

На экране камп'ютара - знойдзены ў Інтэрнэце спіс з сотні найгалоўных трэндаў 2011 года. Пракручваю ўсялякія тэхнічныя навінкі, архітэктурныя кірункі, экалагічныя прадукты... І вось спыняюся на пункце 21, пададзеным з такой расшыфроўкай: "Цяпер, акрамя архітэктуры, натоўпы турыстаў прыцягвае кулінарыя. Шэф-повары становяцца такімі ж зоркамі, як старыя замкі і саборы". Гаворка - пра кулінарны турызм. І сапраўды, засталося колькі тыдняў да завяршэння пікавага турсезона. Чаму б пасля прыёму "гурманаў" адпачынку не прымаць у Беларусі гурманаў у прамым сэнсе гэтага слова? Іншая справа - забяспечанасць напрамку адпаведнымі інфраструктурнымі і, безумоўна, культурнымі кампанентамі. Дый наогул, ці існуюць адпаведныя маршруты, каб загадзя паведаміць турысту: маўляў, сапраўдныя дранікі пакаштуеце толькі там, непадалёк ад старадаўняга замка, а вось "аўтэнтычныя" зразы- акурат вось тут, ля ратушы? Кошт гастранамічнага тура па еўрапейскай краіне дасягае некалькіх тысяч еўра. А ці не застаюцца "ў мінусе" арганізатары айчыннага "смачнага адпачынку"? Карэспандэнт "К" вырашыў вывучыць прапанову і попыт на кулінарны турызм у Беларусі.

Найперш гаворка - пра прэстыж

Афіцыйны інтэрнэт-рэсурс краіны Belarus.by сярод пяці важкіх прычын наведаць нашу дзяржаву пазначае нацыянальную кухню. Маецца яе апісанне і ў рэкламных буклетах, падрыхтаваных Нацыянальным агенцтвам па турызме. Але падабраць варыянт маршруту для гурманаў аказалася няпроста. Тэлефанаванне ў сталічны Турысцка-інфармацыйны цэнтр (як спажыўца паслуг, каму неабходна прывезці групу турыстаў з замежжа менавіта па "кулінарных кропках"), на жаль, звялося да прапановы наведаць "Дудуткі": "Крыху спазнілся на "Мотальскія прысмакі", а больш...".

На жаль, ні іншых маршрутаў, ні магчымасцей не прапанавалі. А тое самае спалучэнне кулінарыі з наведваннем помнікаў спадчыны падаецца найперспектыўным. Чаму б, скажам, наведаўшы замкі ды палацы, пакаштаваць там сапраўдныя каўбаскі па-слуцку, кіндзюк або верашчаку? Апошняй, як сведчаць гісторыкі, напрыканцы XVIII стагоддзя частавалі гасцей у нясвіжскім бернардзінскім кляштары.

Як журналіст задаў тое ж пытанне намесніку дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Юліі Зяленскай:

- Канкрэтных маршрутаў, сапраўды, пакуль не прапануем, - кажа суразмоўца "К", - аднак нацыянальная кухня абавязкова прысутнічае як неад'емная частка практычна любога кірунку...

 Мо ёсць нейкія ідэі па развіцці цікавага нам віду падарожжаў ва ўдзельнікаў штогадовага конкурсу "Спазнай Беларусь!", адна з намінацый якога - "Лепшы інавацыйны праект у турызме"?

- Там больш прапаноў, датычных інавацый, тэхналогій, мяркуючы па мінулым годзе, - сказала Юлія Зяленская.

...Ці выпадае чакаць, пакуль хтосьці ўсклікне "Эўрыка!", усвядоміўшы кулінарны турызм з "культурным соўсам" як "залатую жылу"? Відаць, не, таму варта звярнуцца да наяўных прапаноў, каб вызначыць найлепшую на дадзены момант.

- Увогуле, поспех любога маршруту, датычнага кулінарнага турызму,- гэта спалучэнне майстэрства повара і піяршчыка. Наша праблема, як правіла,- або недахоп прафесіяналізму з боку першых, або брак рэкламы, - канстатуе папулярны кулінарны крытык і гісторык, блогер і журналіст Таша Лапаценка.

"Аранжыроўка" для спецыялітэтаў

 "З датычных кулінарыі турпрапаноў згадаю страусіную ферму на Пастаўшчыне. Там госці маглі пакаштаваць стравы са страусяціны, хатні хлеб, сыр. "Разыначка"? Так, але без нацыянальнай адметнасці. Назаву музеі ў Строчыцы і ў Дудутках, дзе можна замовіць некаторыя айчынныя спецыялітэты, ды тое - кропля ў моры. Ёсць аграсядзібы, тое ж самае Камарова на Мядзельшчыне, аднак туды едуць не па канкрэтную страву, а, хутчэй, з забаўляльнымі мэтамі, хаця тамтэйшы хлеб прымушае наведацца па яго зноў і зноў", - дзеліцца ўражаннямі яшчэ адзін кулінарны блогер Павел Сырыцкі.

Мы пацікавіліся тым, наколькі магчыма забяспечыць "разыначкамі" групу аматараў кулінарнага турызму на практыцы. Скажам, эксклюзівамі ад шэф-повара Святаполк-Мірскіх. Дырэктар Замкавага комплексу "Мір" Сяргей Беразоўскі кажа, што на тэрыторыі замка ёсць рэстаран, акцэнт у якім робіцца на беларускую кухню: "Аднак старадаўніх рэцэптаў пакуль, бадай, і не прапануем". І праблема, па меркаванні Паўла Сырыцкага, акурат тут і палягае: надзвычай абмежаваны гастранамічны рацыён з налётам савецкага "общепита". Зрэшты, не паступала і заявак ад тураператараў, што сведчыць, з аднаго боку, аб праблемах раскруткі айчыннай турпрапановы, з іншага - пра нізкую актыўнасць рынку турпаслуг, які, па ідэі, мусіць даваць уяўленне аб попыце і прапанове. Так, ёсць фірмы, што ў пераліку сваіх паслуг прапануюць кулінарны турызм, маюцца яны нават у рэгіёнах. Ды апісання гастранамічных вандровак па Беларусі знайсці не змог, затое шмат чаго цікавага даведаўся пра прысмакі Дамініканы, Егіпта, Італіі, Францыі. Пра кошты паездак- згадваў вышэй. Беларусь у інтэрнэт-пошукавіку прадстаўлялі справаздачы з "Мотальскіх прысмакаў" з інфармацыйных рэсурсаў. Падумалася, а што, калі мой пошук адбыўся б на пару тыдняў раней? Ці знайшлося б там хоць нешта з айчынных прапаноў наогул?

- Увогуле, - кажа начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч, - наш фестываль, этнаграфічная праграма ёсць у турагенцтвах, яны самі выходзяць на нас.

 Цікава, чаму тады ў пераліках, даступных шырокаму карыстальніку, слова "Моталь" сустракаецца збольшага ў аглядавых экскурсіях або ў двухдзённых вандроўках, спалучаных з наведаннем Белавежы? Дык няўжо аматару пакаштаваць прысмакі ў антуражы палескай вёскі чакаць чарговага турівэнту цэлы год?

- Мы цяпер працуем над тым, каб займець свой транспарт і забяспечыць уласныя трансферы для турыстаў, у тым ліку і на кулінарны фестываль, - дзеліцца планамі Уладзімір Шэляговіч.

Страва ў галоўнай ролі

Па вялікім рахунку, кулінарны турызм на Беларусі набірае абароты збольшага за кошт правядзення якраз фестывальных мерапрыемстваў. "Тое не дзіва, - кажа галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іван Галабурда, - паколькі сама па сабе кухня становіцца прыцягальнай у звязцы з традыцыямі, абрадамі, рамёствамі. Таму падтрымліваем развіццё фестываляў менавіта ў комплексе традыцыйнага мастацтва, неад'емная частка якога - кухня".

І сёння бадай кожны фэст не абыходзіцца без працы падворкаў з беларускай кухняй і стравамі іншых народаў. Прыкладамі тут - і гродзенскі Фестываль нацыянальных культур, і "Покліч Палесся" на Петрыкаўшчыне... Аднак адна справа- эпізод, і зусім іншая - галоўная роля.

Прыкладам апошняга напрамку выступаюць згаданыя "Мотальскія прысмакі". І нягледзячы на тое, што фестываль па сваім статусе рэгіянальны, да яго праяўлена асаблівая ўвага з боку дзяржавы: афіцыйнае прадстаўніцтва цягам фестывальных дзён было на ўзроўні віцэпрэм'ера Анатоля Тозіка, а міжнароднае - з удзелам прадстаўнікоў дыпмісій.

Як слушна зазначае Павел Сырыцкі, гэта адзіны падобны фэст за паўгода. Так, знакаміты нямецкі "Octoberfest" з ягонымі баварскімі сасіскамі таксама адбываецца з той жа перыядычнасцю, аднак маштабныя шоу-праграмы з кулінарным ухілам могуць прымусіць скалясіць турыста ўсю Германію. Арыфметыка простая: у тую ж Баварыю з'язджаецца каля шасці мільёнаў турыстаў штогод, а колькі ж наведала Моталь за адзін уік-энд, і на якую "фішку" яны клюнулі?

Гаворка вядзецца прыкладна пра пяць тысяч чалавек. Відаць, гэта цалкам рэальная лічба, што адлюстроўвае магчымасці прыёму, размяшчэння, харчавання. Што праўда, у гутарцы з журналістамі кіраўніцтва райвыканкама заявіла пра амбіцыйныя праекты падвоіць яе налета. У прынцыпе, рэзервы на тое маюцца: ужо сёлетні форум на Іванаўшчыне быў адметным узорам дзяржаўнапрыватнага парнёрства. Пра яго адметнасць у адносінах да культуры карэспандэнту "К" распавёў Уладзімір Шэляговіч:

- Калі ў мінулыя гады да нас прыглядаліся суседзі, іншыя рэгіёны краіны, дык сёлета - шквал тэлефанаванняў: як з удзячнасцю за фэст, так і са шкадаваннем, што нехта не трапіў у Моталь. Мы прынялі, дзякуючы Беларускаму грамадскаму аб'яднанню "Адпачынак у вёсцы", нямала замежных турыстаў. Сувеніры прадавалі каля 40 майстроў, па два сталы з прысмакамі прадставіў кожны сельскі савет раёна, актыўна далучыліся да нас і прадстаўнікі прыватных аграсядзіб - гэта ж рэкламная акцыя!

 - Фестываль "Мотальскія прысмакі" на Брэстчыне сапраўды апынуўся ў цэнтры ўвагі, сабраў гасцей з Украіны, Польшчы, Расіі. Шкада, што ў маштабах рэспублікі шырокай інфармацыі пра яго не было нават за тыдзень, не кажучы ўжо пра тое, каб запланаваць свае выхадныя загадзя, - зазначае Таша Лапаценка.

Чацвёрты па ліку фестываль - пачатак шляху. Скажам, па словах Уладзіміра Шэляговіча, толькі сёлета з'явіўся лагатып, распрацаваны Уладзімірам Цэслерам. Ад яго можна адштурхоўвацца ў працы з лінейкай сувенірнай прадукцыі, упакоўкай, агульным дызайнерскім ходам. "Але самае важнае, што спектр для дэгустацыі сумеснымі намаганнямі мы прадставілі годны", - ганарыцца суразмоўца "К" поспехам мерапрыемства.

Адзінае, пра што варта пашкадаваць, дык гэта адсутнасць каларытнай мотальскай стравы, якая, перадусім, асацыіравалася з маладым фэстам. Зрэшты, тое справа - часу. Або ўсё ж такі - заглыблення ў гісторыю?

Рэцэпт з архіва

 - І заглыбляцца ёсць куды! Вось усе асацыіруюць беларускую кухню з бульбай, а ў нас яна ва ўжытку каля 200- 250 гадоў, тым часам як шпінат на Беларусі вырошчвалі ўжо 300 гадоў таму! - кажа Таша Лапаценка. - Варта звярнуць увагу не толькі на ўласна даследаванне рэцэптаў, кулінарнай гісторыі нашых продкаў, але і на праблему выкладання: цяжка знайсці такога повара, які з'яўляўся б і годным настаўнікам. І наадварот... Сёння магу назваць толькі два імені прафесіяналаў, якія ўдумліва збіраюць, даследуюць беларускую рэцэптуру. Таму няма і базы...

І ведаў пра тое, што елі продкі, на думку суразмоўцы "К", якраз не хапае. Спецыялісты кажуць, што кнігі па гісторыі беларускай кухні маюцца, працуюць некалькі даследчыкаў, аднак іх выданні дапаможнікамі, па сутнасці, не з'яўляюцца. Спроба папулярызацыі нацыянальных страў была зроблена сёлета і Першым каналам, дзе з'явіўся праект "Шэфповар", які меў на мэце выбраць таго, хто стане кіраваць працэсам на кухні пад час Чэмпіянату свету па хакеі праз тры гады. Аднак тут, хутчэй, - шоу.

 ■ ■ ■

Павел Сырыцкі дадае, што пытанне і ў тым, каб рэстаратары захацелі развіваць сваю кухню. І адказ ад іх, хутчэй, адмоўны: "Нядаўна прайшла інфармацыя пра тое, што ўпраўленне гандлю аднаго з аблвыканкамаў рэкамендавала ўстановам грамадскага харчавання ўключаць у меню стравы з беларускай рачной рыбы. Рэакцыя рэстаратараў - зноў-такі адмоўная". А тыя ж рачныя фаршыраваныя карпы- адзін з кулінарных сімвалаў Нясвіжа...

 Відавочна, у перспектыве попыт на кулінарны турызм на Беларусі мае з'явіцца, прынамсі, пры ўмове мэтанакіраванай сумеснай працы павароў і піяршчыкаў, а таксама - бізнесменаў. Адзін з прыкладаў удзелу апошніх - кулінарны фэст, які пройдзе ў пансіянаце прыватнага медцэнтра на Лепельшчыне.

Забяспечыць жа спажыву для розуму - пад сілу сферы культуры. Скажам, перспектыўны бізнес-план для такога маршруту можа ўключаць прамежкавай мэтай павышэнне іміджавага статуса рэгіёна, а больш аддаленай - раскрутку новых турмаршрутаў з канкрэтным узроўнем прыбытку. Фактычна, пачынаць варта цяпер, балазе аснова маецца. Таша Лапаценка таксама дадае: "Менавіта аграсядзібны варыянт развіцця кулінарнага турызму ў Беларусі выглядае перспектыўным, паколькі ў гэтым ёсць канкрэтныя напрацоўкі. Хаця і ў замкі-палацы таксама можна прыцягнуць кулінарных турыстаў з замежжа, вялася б толькі мэтанакіраваная праца!" Чаму б не ўзяць пэўны "смачны" брэнд пад крыло сферы культуры?


 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах