“У цябе ёсць толькі тры хвіліны, каб скарыць свет”

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Прызнаюся шчыра — глядзець “Фабрыку зорак-7” мяне прымушае адно ўдзел у праекце Маргарыты ГЕРАСІМОВІЧ. Дакота, “рок”авая дзяўчына, беларуская Аўрыл Лавін — усе гэтыя імёны сыходзяцца ў адной асобе і, здаецца, наўрад ці акрэсліваюць нашу Рыту ўсеабдымна. Асабіста мяне Дакота прывабіла сваёй смеласцю — як у творчасці, так і ў жыцці. Яе надзвычай прыгожыя песні прысвечаны досыць сур’ёзным тэмам — чаго вартая кампазіцыя пра людзей-аутсайдэраў “Ён такі, як і ты” (яна зроблена чалавекам, які гаворыць пра сацыяльныя праблемы не дзеля самарэкламы) або шчыры трэк пра каханне “Хто ж я?”, у якім Рыта спявае пра сваё ўласнае аблічча, пра выбар ролі ў асабістых узаемастасунках. Напэўна, пра гэтыя “тонкасці” задумваецца кожны, але не кожны здольны раскрыць складаныя і вельмі датклівыя моманты ў музыцы. Што ж да смеласці ў жыцці, дык для пацвярджэння гэтага дастаткова прывесці хоць бы ўдзел М.Герасімовіч у праекце “Фабрыка зорак”. Калі хто думае, што трапіць у тэлевізійнае шоу лёгка і проста, той глыбока памыляецца. Напярэдадані ад’езду Маргарыты ў Зорны дом карэспандэнтка “К” сустрэлася з беларускай канкурсанткай і распытала яе пра іспыты, якія давялося вытрымаць выхаванцы мінскай студыі эстраднага вакалу “Фортэ”, перш чым стаць яскравай удзельніцай “Фабрыкі зорак-7”

Ехаць, каб паказаць свае творы 

— Маргарыта, што падштурхнула цябе паўдзельнічаць у праекце?
— На мой погляд, “Фабрыка” — гэта добры праект. Мне ён заўжды падабаўся, але я і думаць не магла, што аднойчы здолею туды патрапіць. Гэтым разам маю ўвагу асабліва прыцягнула тое, што мастацкім кіраўніком шоу быў названы Канстанцін Меладзэ. Лічу яго надзвычай таленавітым кампазітарам, і гэта падштурхнула мяне праявіць ініцыятыву. Я вырашыла ехаць. Нават не столькі дзеля таго, каб стаць зоркай, а каб паказаць свае творы Меладзэ і пачуць яго меркаванне наконт іх.
— Атрымліваецца, што калі б на “Фабрыцы зорак” курс набіраў не Меладзэ, Маргарыта Герасімовіч засталася б у Мінску?
— Мабыць, і не паехала б. Мне сапраўды вельмі падабаецца яго творчасць, і я адчула штосьці кшталту ўпэўненасці ў сваім поспеху. Прыйшла да мамы на працу і сказала: “Паеду на “Фабрыку”. Адчуваю, што прайду”. І мама сказала: “Ну, едзь”. Шоу павінна доўжыцца.
 /i/content/pi/cult/129/624/Maxima.jpg
— Падчас кастынгу журы за дзень слухала каля трох тысяч чалавек; спрабаваць свае сілы ў Маскву прыехала процьма маладых людзей з усёй прасторы СНД, прагляд доўжыўся не адзін месяц. Рыта, ты здагадвалася, што цябе чакае?
— Пра гэта можна было здагадвацца, але ўявіць — немагчыма. Каб расказаць пра ўсе этапы кастынгу, не хопіць і трох інтэрв’ю. Людзі сапраўды прыязджалі з усіх краін СНД. Мы з сябрамі прыехалі да Зорнага дома ўначы, проста не маглі заснуць, калі апынуліся ў Маскве, хваляваліся — і ў 2 гадзіны ночы вырашылі ехаць на месца. І што? Дабраўшыся да Зорнага дома такой парою, убачылі, што мы далёка не першыя: я была занесена ў спіс пад нумарам 24. На пляцоўцы ля Зорнага дома стаялі машыны, вакол — процьма народу, бацькі, дзеці, усе з коўдрамі, тэрмасамі, цёплым адзеннем, — карціна, канешне, незабыўная. А кастынг пачынаўся ў 12 гадзін раніцы. Мы папераменна з сябрамі ўсю ноч стаялі ў той чарзе — дзесяць гадзін, да самага адкрыцця Зорнага дома.
— Гэта, так разумею, быў толькі самы пачатак…
— Сапраўды. Потым, калі кастынг нарэшце пачаўся, нас падзялілі па сотнях, потым — па дзесятках. Дзесяць хлопцаў або дзесяць дзяўчат па чарзе заходзілі ў Дом. Спачатку агент прывяла нас у пакой, дзе сядзелі псіхолагі, — тры жанчыны з Цэнтра псіхалогіі Андрэя Курпатава. Тут праходзіў экзамен на псіхалагічную стойкасць. Вельмі многа было пытанняў, кшталту: “Што менавіта вы можаце даць праекту?” , “Чаму мы павінны выбраць акурат вас?”. Псіхолаг мне казала: “Вы разумееце, што будзеце жыць тут адна? Калі вам будзе цяжка, блага, ніхто вас не пашкадуе, не суцешыць, мама будзе далёка, вакол — чужыя людзі. Так, усе займаюцца нібыта адной справай, але ж кожны марыць пра тое, каб вылецеў не ён, а нехта іншы. Мне на вашым месцы было б страшна”. А я адказала: “А мне на вашым месцы было б страшна, бо ў вашых руках — нашы лёсы”. Я была першай у дзесятцы, таму думаць над адказамі часу не было, даводзілася адказваць з ходу, і гэта ўрэшце спрацавала мне на карысць: у першым пакоі мне паставілі чатыры зоркі з пяці магчымых.
Далей агент нас завёў у пакой вакалу. Там сядзела ўжо вялікая камісія — чалавек трыццаць, напэўна: Канстанцін Меладзэ, Філіп Кіркораў, Андрэй Курпатаў, кіраўнікі праекта, прадзюсеры, педагогі — усіх і не пералічыш… Нам раздалі тэкст песні “Не пакідай мяне, каханы” і ўключылі фанаграму. Мы — дзесяць дзяўчат — павінны былі спяваць хорам.
Падчас выканання да кожнай з нас падыходзіла педагог і слухала. Усе дзяўчаты спявалі ў адзін голас, а я пачала ўплятаць двухгалоссе, імправізаваць — трэба ж было неяк вылучыцца. І пра мяне сказалі: “Яна спявае”. Музыку выключылі: “Усім шчыры дзякуй, да пабачэння. Нумар першы (я, значыць), калі ласка, застаньцеся”. Вось так. Потым было інтэрв’ю з журналістамі, калі цябе “спрабуюць” на фотагенічнасць, задаюць правакацыйныя пытанні, глядзяць, як ты сябе паводзіш у нечаканай сітуацыі… І — бясконцая колькасць іншых выпрабаванняў.
Дарэчы, быў яшчэ адзін цікавы момант падчас першага кастынгу, калі мяне папрасілі выступіць перад людзьмі, што стаялі ў чарзе ў Зорны дом. Усё адбылося імгненна: хтосьці схапіў за руку, вывеў на сцэну перад Домам, колькі слоў — і ўжо гучыць мая фанаграма, і трэба спяваць. А там — тысячны натоўп! Мамачкі! Страшна! Але нават не гэта тут было галоўнае. У сярэдзіне натоўпу некалькі хлопцаў падчас твайго выступлення проста “абліваюць” цябе славесна з галавы да ног у вельмі грубай форме. У гэты ж час (я аб гэтым даведалася пасля)на даху будынка сядзіць аператар і здымае тваю рэакцыю на “крытыку”. І ўвесь адзняты матэрыял ідзе ў твае дасье. Такім чынам, адсейвалася нямала людзей, і ў той жа час, наадварот, кагосьці вярталі, запрашалі на наступны кастынг.На “Фабрыцы” ўсё прадумана, усё пралічана: як ты выглядаеш, спяваеш, наколькі ты камунікабельны, як рэагуеш на крытыку, ці моцная ты асоба, здольная пераадольваць цяжкасці — усё бралася да ўвагі… Арганізатары стараліся ўлічыць усё, бо ў праект укладваюцца вялізныя грошы, а шоу, як спяваецца ў песні, павінна доўжыцца. 

Тры хвіліны размовы з мільёнамі людзей


— Усё гэта, канешне, уражвае. Але з якімі памкненнямі ты, Рыта, удзельнічаеш у праекце? Як спяваецца ў тваёй жа песні, хто ты ў творчасці?
— У першую чаргу, я— асоба, якая запамінаецца. А чакаю я ад гэтага праекта — каб праз тры месяцы пасля яго заканчэння на мяне не забыліся. Я іду на “Фабрыку” ў першую чаргу працаваць. Для мяне гэта — шанц данесці свой голас, свае песні да людзей. “Фабрыка”, на маю думку, гэта моцная школа, і калі мне прадзюсеры дазволяць адкрыцца ў тым стылі, у якім мне гэтага хочацца, мяркую, што са мною ў нашу эстраду прыйдзе аблічча, якога дагэтуль не было, — спявачка ў стылі глэм-рок, поп-панк.“Фабрыка” для многіх людзей — праект цалкам камерцыйны. Але я магу засведчыць, што ўсе “фабрыканты”, якія сёлета патрапілі ў шоу, — усе людзі “з вуліцы”. Дзяўчаты і хлопцы вельмі таленавітыя і вельмі розныя. Некаторым я ўжо нават напісала песні, бо іх абліччы і галасы адразу натхнілі мяне на творчасць. Мае сябры, калі даведаліся пра тое, што я буду ўдзельнічаць у “Фабрыцы зорак”, пачалі мяне папракаць: “Ты прадаешся!”, “Навошта гэта табе?” і г. д. Ды я ясна разумею, дзеля чаго я праходзіла ўсе іспыты. Я рабіла і раблю гэта, каб данесці да людзей свае ідэі. У цябе ёсць толькі тры хвіліны, каб скарыць свет: тры хвіліны песні, за якія можна прымусць публіку плакаць, смяяцца ці задумацца аб чымсьці важным. Зараз кожны тыдзень я маю гэтыя кароткія хвіліны сумоўя з мільёнамі людзей. Ці ж дрэнна гэта?
— Маргарыта, я ведаю, што ў аснове ўсіх поспехаў побач з працай і шанцаваннем заўжды ляжыць і падтрымка блізкіх людзей…
— Так, мяне падтрымліваюць мае бацькі, бабулі, дзядулі, сябры, настаўнікі, аднакласнікі... Канешне, падтрымка каласальная, і я вельмі ўдзячна ўсім, хто за мяне “хварэе”: педагогам маёй музычнай школы, якія паверылі ў мяне, кіраўніку студыі “Фортэ” Гульнары Робертаўне Заўгародняй, дзякуючы якой я вельмі вырасла як творчая асоба. Спадзяюся, што падтрымка ўсіх гэтых людзей будзе і надалей трымаць мяне “на плыву”. Гэта самае важнае, што дае сілы ісці наперад. 

Даведка
Маргарыта ГЕРАСІМОВІЧ нарадзілася ў 1990 годзе ў Мінску. Скончыла музычную школу № 1. Вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 65. Салістка студыі эстраднага вакалу “Фортэ” Цэнтра пазашкольнай працы Савецкага раёна г. Мінска (кіраўнік студыі — Гульнара Заўгародняя), удзельніца вакальнага гурта “New Generation”. Дыпламант VIII Маладзёжнага гарадскога фестывалю эстраднага мастацтва “Белая Русь”, пераможца Гарадскога конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні “Новыя імёны”. Піша музыку і тэксты песень. “Калі я пачула песні Дакоты, я зразумела, што перада мной — сапраўдны аўтар, артыстка, — кажа пра сваю выхаванку Г.Заўгародняя. — Такія творы для семнаццацігадовай дзяўчынкі — феномен. “Фабрыка зорак” для Маргарыты, мне падаецца, — рэальны шанц здзейсніць сваю мару. Я вельмі ганаруся яе поспехамі”. 

Анкета “К”

 1. Колер, які натхняе.
Зялёны і чорны.
2. У якую пару года падабаецца працаваць?
Увосень.
3. Любімы мастак.
Фатограф Ян Карто, мастачка Ала Рамазанава.
4. НайболЬш яркі акцёр, актрыса.
Бьёрк, Том Хэнкс, Шарліз Тэрон.
5. Любімы Твор?
“Пралятаючы над гняздом зязюлі” Кізі.
6. Каго слУхаеш?
The Plague Mass, The Fight, Ignite, The Vironicas.
7. Радзіма — гэта што?
Месца, дзе спакойна, дзе я — свая.
8. ЛюбімАя кветка?
Карлікавая ружа.