Працэнты з інвентара

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Дэмаграфічны зрэз у Дзядзілавічах і не толькі

/i/content/pi/cult/337/6237/14-4.jpg

Працягласць жыцця з'яўляецца ці не галоўным паказчыкам яго якасці. І калі сёння не складае асаблівых цяжкасцей даведацца пра такія лічбы ў любой краіне свету, то яшчэ колькі стагоддзяў таму падобная статыстыка толькі пачынала з'яўляцца.

Калі пачынаючы з ХІХ ст., часоў правядзення сістэматычных перапісаў насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны, масавыя матэрыялы па працягласці жыцця сялянства пачынаюць быць шырока вядомымі, то даныя па папярэдніх эпохах з'яўляюцца фрагментарнымі і досыць рэдкімі.

Адна з такіх крыніц - спіс памерлых мужчын з сялян маёнтка Дзядзілавічы Барысаўскага павета 1796-га, дзе адзначаны 189 чалавек. Паводле гэтых даных, найбольшая смяротнасць прыходзілася на ўзрост ад 41 да 50 гадоў. І калі да 80 дажыло 14 чалавек, то да 92 - толькі адзін. Аналагічная статыстыка - і ў маёнтку Дзявяткавічы, што на Слонімшчыне, дзе, згодна са спісам насельніцтва 1789-га, група сялян (мужчын і жанчын), якім за 60 гадоў, складала ўвогуле 10% (140 чалавек). Гэтыя даныя, папраўдзе, не стасуюцца з ўяўленнямі пра нашых продкаў, якія жылі працоўным жыццём і былі надзвычай дужыя. Насамрэч усё аказвалася значна больш складана, і перыяд актыўнага працоўнага жыцця абмяжоўваўся пераважна маладым узростам. А павелічэнне колькасці насельніцтва дасягалася за кошт нараджэння значнай колькасці дзяцей. Сялянская сям'я XVII- XVIII стст. складалася ў сярэднім з пяці - шасці чалавек, і, каб забяспечыць яе як мінімум двума дарослымі дзецьмі, жанчыне, пры смяротнасці нават у 50%, даводзілася раджаць больш за чатыры разы.

У цэлым, у Дзядзілавічах да ўзросту, які лічыцца цяпер сталасцю - 50 гадоў,- дажыло толькі 83 чалавекі - менш за палову ўсіх адзначаных у вопісе. Таксама звяртае ўвагу адносна вялікая колькасць тых, хто памёр ва ўзросце ад 8 да 30 гадоў,- 39 чалавек. Гэтыя даныя сведчаць аб складаных варунках жыцця сялянства. Хаця не будзем забывацца, што тагачасныя вяскоўцы жылі ў выдатных экалагічных умовах, навакольнае асяроддзе не было забруджаным, адсутнічала ўласцівая гарадам скучанасць насельніцтва. Яны ўжывалі, няхай сабе і не столькі, колькі патрабавалася, натуральную, карысную нават у сваёй прастаце (хлеб грубага памолу) ежу.

/i/content/pi/cult/337/6237/14-5.jpgУ інвентары маёмасці Вядцы (Віцебшчына) 1790 г. сярэдняя колькасць дзяцей у сялянскай сям'і складала 2,5 чалавекі, што забяспечвала прырост насельніцтва. Звяртае ўвагу і досыць малады ўзрост бацькоў: 14% - маладыя людзі ва ўзросце ад 15 да 20 гадоў, 37% - ад 21 да 30 гадоў. Прычым жанчыны амаль удвая пераважаюць у першай узроставай групе, таксама іх было больш у другой, што сведчыць пра шлюб у адносна раннім узросце дзяўчат у параўнанні з хлопцамі. Ян Ласіцкі, які ў 1581-м апісваў шлюб на Беларусі, вызначыў шлюбны ўзрост дзяўча дзесяццю - адзінаццаццю гадамі, што, улічваючы даныя канца XVIII ст., з'яўляецца неверагодным. Разам з тым, гэта мог быць і ўзрост заручын, папярэдняй змовы аб шлюбе. Увогуле, мяркуючы па этнаграфічных матэрыялах XIX ст., нярэдка жаніх уступаў у шлюб, нават не пабачыўшы нявесты. Сярод адзначаных у інвентары 126 пар толькі ў пяці муж не быў старэйшы за жонку. Такія паказчыкі сведчаць: больш сталы ўзрост мужа можа разглядацца як істотная сямейная традыцыя беларускіх сялян. Муж звычайна быў старэйшы за жонку і ў шляхецкай сям'і, аднак у сялян розніца гадоў не была вельмі значнай; у дадзеным выпадку яна складала максімум 12 - 14 гадоў. Можна меркаваць, што гэта былі ў асноўным удаўцы, бо ў народнай традыцыі хлопец у 20 гадоў павінен быў мець сям'ю. Разам з тым, даследчыкі ХІХ ст. адзначаюць тэндэнцыю да павышэння ўзросту тых, хто ўступаў у шлюб, што выклікала асабісты пачатак пры выбары нявесты.

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт