Адзіная спадчынніца

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Вяселле па загадзе караля

/i/content/pi/cult/337/6236/14-2.jpgМужнасць, смеласць, непахіснасць - такімі былі рысы яе характару. Яны дапамаглі ёй перамагчы нягоды ды ўзняцца над тымі, хто прымушаў пакутаваць. Гэтыя словы - пра князёўну Лізавету (Гальшку) Астрожскую, чый лёс звязаны і з нашай гісторыяй.

Князёўна з'явілася на свет 19 лістапада 1539 года. Яна не бачыла свайго бацьку, князя Ілью Астрожскага, праваслаўнага магната, які памёр, так і не дачакаўшыся яе нараджэння. Перад смерцю, заклапочаны лёсам дзіцяці, што мусіла стаць адзіным спадчыннікам роду, Ілья абумовіў абавязковае хрышчэнне яго ў праваслаўе. Хваляваўся князь не дарэмна: ягоная жонка Беата Касцялецкая была каталічкай. Пазашлюбная дачка самога Караля Польскага, Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта І Старога, пані Беата выхоўвалася пры двары, і духоўнікам яе, як і ва ўсіх каралеўскіх дзяцей, быў езуіт Пётр Скарга.

Дачка Ільі Астрожскага атрымала ўсе правы на яго велізарную спадчыну. Але да паўналецця князёўны яе багаццямі мусіла распараджацца маці. І Беата з радасцю ўсклала на сябе гэткі прыемны абавязак. Больш за тое: яна дабілася яшчэ і апякунства над непаўналетнім братам мужа, Канстанцінам Васілём. Маладая, прыгожая, звыклая да раскошы жанчына надта вольна паводзіла сябе з грашыма і нерухомасцю дзяцей, аддадзеных ёй пад апеку. А таму падлетак Канстанцін Васіль вырашыў напісаць пра такі стан рэчаў каралю, Жыгімонту ІІ Аўгусту, у адказ на што апошні датэрмінова прызнаў юнака паўналетнім, перадаўшы яму ўсе правы на карыстанне ўласнай маёмасцю. Таксама манарх адмяніў права апекі Беаты над Лізаветай і правёў падзел маёмасці паміж імі./i/content/pi/cult/337/6236/14-1.jpg

Князёўне ж якраз споўнілася чатырнаццаць. І юная Астрожская, прыгожая, сціплая, казачна багатая, стала жаданай нявестай. Да яе пачалі сватацца магнаты Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага. Аднак маці не спяшалася аддаваць Гальшку замуж. Выхоўваючы дачку ў абыякавасці да бляску свету і звону манет, яна працягвала, нягледзячы на забарону караля, карыстацца прыбыткамі не толькі ад сваіх, але і ад маёнткаў Гальшкі.

Ды, у адрозненне ад удавы Астрожскага, бліжэйшыя сваякі князя Ільі жадалі як мага хутчэй вырашыць лёс князёўны. Сярод юнакоў, закаханых ў Гальшку, быў і малады ды гожы праваслаўны князь Дзмітрый Сангушка. Толькі яму лагодна ўсміхалася юная князёўна, толькі яму аддавала перавагу першага танца пад час баляванняў, толькі яму дазваляла сядзець ля сябе і гадзінамі распавядаць пра рыцарскую доблесць. Князь Дзмітрый сватаўся, але Беата адмовіла яму. Адрынутага жаніха падтрымаў Канстанцін Васіль Астрожскі. Як сведчаць архіўныя дакументы, Дмітрый Сангушка і Астрожскі з узброенымі шляхцічамі ўварваліся ў палац. І пакуль княгіня Беата была ў непаразуменні ад падзей, закаханы князь вёў размову з Гальшкай. Ён здолеў угаварыць яе павянчацца з ім насуперак волі маці. Пасля паспешнай цырымоніі, якая адбылася ў замкавай капліцы па праваслаўным абрадзе, маладыя накіраваліся ў Чэхію.

Як толькі княгіня Беата здолела выбрацца са свайго пакоя, у якім зачыніў яе Канстанцін Васіль, яна звярнулася са скаргай да караля Жыгімонта ІІ Аўгуста як да брата. Манарх не пасмеў адмовіць пазашлюбнай дачцэ Жыгімонта І і вымушаны быў склікаць вярхоўны суд. Шляхта Вялікага Княства спачувала Сангушку, але польскія магнаты, якія складалі ў судзе большасць, паставіліся да праваслаўнага рыцара варожа. Яны і дамагліся прыняцця рашэння аб прызнанні шлюбу Дзмітрыя і Гальшкі несапраўдным. Больш за тое: іхнімі намаганнямі князь быў абвешчаны па-за законам.

Адразу ж пасля суда ўдава Астрожская звярнулася да сваіх родзічаў па маці з просьбай аб затрымцы збеглых... Іх перахапілі амаль ля мяжы. Князь адчайна супраціўляўся, аднак яго ўрэшце скруцілі і пасля жорсткіх здзекаў на вачах у спалоханай Гальшкі забілі. Тым часам пытанне аб тым, хто будзе мужам Гальшкі Астрожскай, працягвала хваляваць магнатаў. Сама ж Гальшка знаходзілася ў адчайным стане, нікога не хацела бачыць, пра замужжа і чуць не жадала! Нарэшце, кароль вырашыў асабіста заняцца ўладкаваннем лёсу князёўны. І- абраў мужа маладой Астрожскай, думаючы толькі пра тое, як лепш распарадзіцца яе багаццем, не прымаючы пад увагу пачуцці дзяўчыны.

Граф Лукаш Горка падаўся каралю найлепшай кандыдатурай. Выбар манарха не задаволіў не толькі няшчасную Гальшку, але і ейную маці. Адразу пасля заключэння гвалтоўнага шлюбу ў прысутнасці караля пані Беата вывела дачку з замка і таемна вывезла ў Львоў, дзе схавалася з ёю ў мужчынскім дамініканскім кляштары. За такі смелы ўчынак Гальшка даравала сваёй маці ўсё тое зло, якое тая ёй учыніла.

Лукаш Горка доўга не мог высветліць месцазнаходжанне сваёй жонкі, з якой не правёў нават шлюбнай ночы. Толькі праз два гады яму выпадкова стала вядома, дзе хаваюцца бяглячкі. Горка з'явіўся ў Львове з цэлым войскам, аднак захапіць манастыр не здолеў. Тады раз'юшаны муж асадзіў яго. Аднак Беата, параіўшыся з Гальшкай, яшчэ да гэтых падзей паспела спісацца са слуцкім князем Сямёнам Алелькавічам, прапанаваўшы менавіта яму стаць мужам Гальшкі. Пры гэтым яна спасылалася на закон, паводле якога дзяўчат-сірот дазвалялася выдаваць замуж толькі са згоды іх бліжэйшых сваякоў.

/i/content/pi/cult/337/6236/14-3.jpgІ вось ужо новы прэтэндэнт на руку юнай Астрожскай інкогніта з'яўляецца ў Львове. Верныя людзі праз таемны лаз праводзяць яго ў кляштар. Разам з ім у каталіцкі манастыр прыходзіць смелы праваслаўны святар, які і выконвае абрад вянчання князя Алелькавіча і князёўны Астрожскай. Жаніх застаецца ў абіцелі толькі на адну ноч... Вывезці ж маладую жонку з манастыра князю Алелькавічу не ўдалося. Ён пакінуў горад адзін, мяркуючы вярнуцца з войскам, здольным аказаць супраціўленне войску Горкі. Але хутка пасля гэтага ў асаджаных скончылася вада, і манахі пад пагрозай смерці ад смагі вымушаны былі скласці зброю. Гальшку, нягледзячы на яе адчайныя пратэсты, перадалі львоўскаму старасту Пятру Барскаму. Ён павінен быў трымаць князёўну ля сябе да таго часу, пакуль кароль не вырашыць, якому з мужоў яе аддаць.

Гальшка ў доме старасты колькі дзён адмаўлялася есці і патрабавала, каб яе вярнулі Алелькавічу. Беата ж рабіла ўсё для таго, каб кароль прыняў рашэнне на карысць слуцкага князя. Аднак каралеўскі суд меркаваў інакш... Жыгімонт прысудзіў Лізавету Астрожскую Горку, у якога ў сэрцы гарэла нянавісць да жонкі. Ён зачыніў Гальшку ў адным са сваіх замкаў і патрабаваў дакументаў для ўступлення ў права ўласнасці ў адносінах да маёнткаў Астрожскіх. Аднак Гальшка ўсё яшчэ была непаўналетняй, і для ўступлення ў правы спадчыннасці неабходны быў подпіс ейнай маці.

 Сямён Алелькавіч заставаўся адзіным спадзяваннем Лізаветы. І сапраўды, ён рабіў усё магчымае, каб вызваліць яе, заручыўшыся падтрымкай многіх уплывовых землякоў і нават канцлера ВКЛ князя Мікалая Радзівіла Чорнага. Беата Астрожская таксама заставалася на яго баку. Менавіта князю Алелькавічу дала яна тую грамату, якой дамагаўся ад яе праз Гальшку Лукаш Горка. Сямён Алелькавіч атрымаў правы на ўсю маёмасць Лізаветы Астрожскай пры адной умове: ён стане гаспадаром толькі пасля смерці пані Беаты. Але лёс склаўся інакш: у 1560 годзе Сямён Алелькавіч захварэў і раптоўна памёр.

Увесь гэты час Лукаш Горка засыпаў суды скаргамі, патрабуючы перадаць яму маёмасць жонкі. Аднак дабіцца нічога не змог, бо і цешча не збіралася здавацца таксама. У сваёй нянавісці да Горкі пані Беата пайшла на самыя крайнія меры. Яна выйшла замуж за рыцара Альбрэхта Ласкага, які быў маладзейшы за яе на дваццаць адзін год, і пасля вяселля перапісала на яго ўсе свае маёнткі і маёнткі няшчаснай дачкі. Аднак ён амаль адразу ж пасля атрымання дакументаў пакінуў жонку ў адным са сваіх замкаў і трымаў там да самай яе смерці. У зняволенні магло б скончыцца таксама і жыццё Лізаветы Астрожскай, але раптоўна памірае граф Горка...

У 1573-м ва ўзросце 34-х гадоў князёўна выйшла на волю. Лёсам яе заняўся дзядзька Канстанцін Васіль Астрожскі. Але гады зняволення духоўна ўмацавалі Гальшку. Першае, пра што папрасіла яна свайго дзядзьку,- дапамагчы праз суд аспрэчыць правы Ласкага на свае маёнткі. Калі судовы працэс быў выйграны, яны фундавалі славутую Грэка-лацінскую акадэмію ў Астрогу, якая, па сутнасці, стала першай ВНУ ва Усходняй Еўропе.

Апошнія ж гады жыцця князёўна правяла ў Астрожскім манастыры, куды пастрыглася пад імем Еўдакія...

Ірына МАСЛЯНІЦЫНА, Мікола БАГАДЗЯЖ