Шлях да карт-бланша

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Дэбютанты атрымаюць “зялёнае святло” на “Беларусьфільме”

/i/content/pi/cult/337/6234/8-2.jpg

 Днямі на "Беларусьфільме" агучылі ініцыятыву па стварэнні мастацкага кірунку "Дэбют", мэтай якога будзе выяўленне новых імёнаў, ідэй, герояў і тэм айчыннага кінамастацтва. Курыраваць "дэбютантаў" прызначаны адзін з самых актыўных айчынных рэжысёраў, народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, які мае вялікі вопыт працы з моладдзю. Пасля адкрыцця летась факультэта экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, стварэнне "Дэбюту" - яшчэ адзін крок да з'яўлення новай генерацыі айчынных кінематаграфістаў. З'яўлення, якога мы чакаем ужо колькі дзесяцігоддзяў.

Што да кінамастацтва, то тут сітуацыя са спрыяльнымі ўмовамі для развіцця найбольш складаная: гэтая індустрыя моцна залежыць ад шэрагу сацыяльных, эканамічных, культурных фактараў, уплываць на іх самім творцам вельмі складана. Нездарма відавочныя зрухі, новыя мастацкія плыні ўзнікаюць у сусветным кіно толькі паралельна са значнымі зменамі ў грамадстве і культуры. Гэта тычылася і савецкага кіно ва ўсіх сэнсах рэвалюцыйных 1920-х, і пасляваеннага італьянскага "неарэалізму", і французскай "Новай хвалі", узбуджанай пакаленнем тых, хто не жадаў мірыцца з "татавым кіно". Што ж да айчыннага экрана, то ў ім найбольш запомніліся менавіта творчыя плыні, звязаныя з прыходам на "Беларусьфільм" маладых Віктара Турава, Барыса Сцяпанава, Рычарда Віктарава. Яркія імёны з'яўляліся на небасхіле нацыянальнага кіно ўвесь час, але хто як не новае пакаленне можа гарантаваць выхад на прынцыпова новы мастацкі ўзровень?

 З самага пачатку 1990-х ускладаюцца надзеі на кожны новы выпуск Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Справу па наладжванні айчыннай кінаадукацыі ў тыя гады распачаў Віктар Тураў, і менавіта яго выпускнікі Андрэй Кудзіненка і Аляксандр Колбышаў прыцягваюць сёння сваімі работамі ўвагу да нашых стужак. Але, на жаль, каб гэтыя, далёка не маладыя па ўзросце, рэжысёры атрымалі карт-бланш на Нацыянальнай студыі, павінна было прайсці амаль два дзесяцігоддзі! Дзесяцігоддзі, за якія сусветнае кіно змяніла і сваё аблічча, і тэхнічныя магчымасці.

 У нашай краіне заўсёды з цікавасцю ставяцца і падтрымліваюць маладых кінатворцаў: цягам апошніх дзесяцігоддзяў на "Беларусьфільме" было даволі шмат абсалютных дэбютаў, калі нядаўняму выпускніку, фактычна без вопыту сур'ёзнай працы, давяралі паўнавартасную поўнаметражную пастаноўку з даволі вялікім бюджэтам і прафесійнай здымачнай групай. Можна прыгадаць стужку "Падзенне ўверх" Алены Трафіменка, "Убить лицедея" Вольгі Марчанковай, "Шчыт Айчыны" і "Дняпроўскі рубеж" Дзяніса Скварцова, "Чаклун і Румба" Андрэя Голубева. Відавочна, што далёка не ўсе з прыведзеных прыкладаў першых самастойных пастановак маладых рэжысёраў можна лічыць абсалютна ўдалымі. Многім з нядаўніх выпускнікоў відавочна бракавала вопыту, у тым ліку - вытворчага, які немагчыма атрымаць ва аўдыторыі. Між тым, зразумела, што кіно, у адрозненне ад іншых відаў мастацтва, патрабуе нават ад дэбютантаў высокага прафесійнага ўзроўню.

Новы кірунак якраз і павінен выканаць ролю "вытворчай лабараторыі", дзе пачынаючы рэжысёр атрымае магчымасць дапоўніць веды практыкай. У канцэпцыі "Дэбюту" адзначаецца, што патрэбную дапамогу маладому таленту будуць аказваць найлепшыя з майстроў беларускага кіно. Усе патэнцыйныя праекты, прадстаўленыя маладымі творцамі ў межах "Дэбюту", спярша будзе разглядаць нядаўна створаны на "Беларусьфільме" "Савет мэтраў". У склад апошняга ўваходзіць шэраг выбітных і знакавых постацей нацыянальнага кінамастацтва: Яўген Вайтовіч, Ігар Волчак, Юрый Гарулёў, Уладзімір Гасцюхін, Аляксей Дудараў, Міхаіл Жданоўскі, Вячаслаў Іваноўскі, Ізольда Кавелашвілі, Сяргей Картэс, Таццяна Логінава, Сяргей Сычоў, Аляксандр Шкадарэвіч.

Згодна з задумай кіраўніцтва "Беларусьфільма", менавіта Савет будзе даваць "зялёнае святло" праектам маладых. І толькі са згоды вопытных кінематаграфістаў патэнцыйныя стужкі разгледзяць на мастацкавытворчым савеце кінастудыі. Як паведамілі "К" на "Беларусьфільме", распрацоўкам дэбютных праектаў будуць ставіць адзнакі па пяцібальнай сістэме, і тыя з іх, што набяруць найбольшую колькасць балаў, могуць атрымаць права на пастаноўку.

/i/content/pi/cult/337/6234/8-1.jpgДарэчы, ці не ўпершыню на "Беларусьфільме" распрацаваны дакладныя крытэрыі ацэнкі патэнцыйных пастановак. Так, Савет будзе разглядаць арыгінальнасць ідэі, вызначаць актуальнасць і сацыяльную значнасць, структуру сюжэта і характараў персанажаў патэнцыйнай прадукцыі "Беларусьфільма". Мастацка-вытворчы савет кінастудыі прааналізуе мэтавую аўдыторыю праекта, жанр стужкі, акцёрскі састаў, структуру патрэбных вытворчых паслуг розных структурных падраздзяленняў кінастудыі. Будзе ўлічвацца і асоба саміх дэбютантаў: іх прафесійная адукацыя і вопыт працы ў якасці члена творчай групы, узнагароды і прызы на кінафестывалях. Пажаданай умовай дэбютнага праекта будзе выкарыстанне айчыннага сцэнарнага і музычнага матэрыялу, а таксама шэраг вытворчых акалічнасцей кшталту часу, месца і ўмоў плануемых здымак. Ну, і галоўнае - дзяржава будзе цалкам фінансаваць здымкі кінадэбютаў, дарэчы, як і дзіцячае, анімацыйнае кіно, а таксама мяркуемыя праекты са статусам "нацыянальны".

У дачыненні да тых з учарашніх "маладых", хто сёння працуе на "Беларусьфільме" (а гэта не толькі Аляксандр Колбышаў ды Андрэй Кудзіненка, але і Віктар Аслюк, Галіна Адамовіч, Алена Турава, Іван Паўлаў), можна з упэўненасцю сказаць, што яны ў свой час засталіся ў кіно толькі дзякуючы сваёй сіле волі. Будзем спадзявацца, словы, агучаныя кіраўніцтвам Нацыянальнай кінастудыі сёння, увасобяцца ў заўтрашнюю справу.

На здымках: кадры з праектаў апошніх гадоў, знятых на "Беларусьфільме": "Навагоднія прыгоды ў ліпені" Алены Туравай, "Чаклун і Румба" Андрэя Голубева, "На спіне ў чорнага ката" Івана Паўлава.