“Людзі будуць лічыць за гонар размаўляць з гэтым сынам карчмара…”

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Востры позірк Марка Антакольскага

/i/content/pi/cult/337/6233/15-2.jpg

Без сумнення, Марк Антакольскі - самы буйны прадстаўнік дэмакратычнага кірунку ў рэалістычнай рускай скульптуры 2-й паловы XIX стагоддзя. У яго творчасці ярка і пераканаўча адлюстраваліся рысы такога мастацкага стылю, для якога характэрныя прыхільнасць да гістарычнай тэмы і імкненне да скрупулёзнай дакладнасці пластычнай лепкі, што часам пераходіць у сухаватую дакументальнасць у трактоўцы формы. Аднак гэтая "сухаватая дакументальнасць" так напоўнена ўсхваляваным дыханнем жыцця, гарачым патрыятычным пафасам і аптымізмам, нягледзячы на драматызм большасці вобразаў, што міжволі пагаджаешся з думкай найбуйнейшага тагачаснага мастацкага крытыка Уладзіміра Стасава, якую ён выказаў у сваім лісце да Рэпіна ад 22 жніўня 1906 г.

Стасаў параўноўвае Рэпіна з Антакольскім і знаходзіць у іх шмат агульнага. Абодва не толькі нарадзіліся амаль у адзін год, у той самы час прыехалі ў Пецярбург, паступілі ў Акадэмію мастацтваў, але і "зусім аднолькава пачалі з адлюстравання народу і яго бядот, пакут і мучэнняў... Жылі разам, чыталі і спазнавалі ўсё разам і абодва аднолькава зрабілі самым лепшым менавіта тое, што ўзышло з самых нетраў...". Усё правільна. Рэпін, які прыбыў у Пецярбург з украінскага Чугуева, сын ваеннага пасяленца, і Антакольскі, што прыехаў у той жа горад з Вільні, тагачаснага цэнтра беларускай духоўнасці і культуры, сын шынкара, сталі выдатнымі творцамі-класікамі рускага мастацтва.

 І тут я павінен сказаць, што з 59 гадоў жыцця Антакольскі пражыў на сваёй малой радзіме, у Вільні, першыя 19, 27- за мяжой (у Італіі ды Францыі), і толькі 13 гадоў - уласна ў Расіі. Хаця, пражываючы ў Еўропе, час ад часу, на кароткія тэрміны, наязджаў па творчых і сямейных справах то ў Пецярбург, то ў Вільню, то ў Маскву. Ні ў якім разе не хачу зрабіць Антакольскага беларускім мастаком. Сам сябе ён, карэнны вілянчанін па месцы нараджэння і яўрэй па крыві, прычым глыбока веруючы, прылічваў да рускага мастацтва, аднак, я ўпэўнены, што, каб ён не нарадзіўся ды не правёў свае юнацкія гады ў Вільні, дзе і адкрыўся ягоны мастакоўскі талент, наўрад ці мы мелі б таго Марка Антакольскага, чыё імя ўвайшло ў гісторыю рускай і еўрапейскай пластыкі XIX стагоддзя.

...Будучы скульптар з'явіўся на свет 2 лістапада 1843-га ў тагачасным прадмесці Вільні- Антокалі, непадалёк ад праваслаўнай царквы Святога Міхаіла і касцёла Святых Пятра і Паўла, які быў збудаваны гетманам Пацам яшчэ ў 2-й палове XVII ст. Інтэр'ер каталіцкага храма ўпрыгожвалі сотні статуй і скульптурных груп. Іх не мог не бачыць у юным узросце наш герой. Але, хто ведае, магчыма, яны зрабілі на хлопчыка такое ўражанне, што спарадзілі тайную мару стаць мастаком. Антокальскае прадмесце, якое вылучалася асаблівай маляўнічасцю, цягнулася па беразе Віліі амаль на шэсць кіламетраў і заканчвалася Вяршубкай, дзе ў даўнія часы красаваўся летні палац вялікіх князёў літоўскіх (фундамент яго быў выяўлены археолагам А.Кіркорам у 1853-м, калі Марку было 10 гадоў).

 Матыс Антакольскі, бацька семярых дзяцей (Марк-Мордух быў малодшы), утрымліваў невялікую харчэўню і чайную. Рахіль Барэль - сваячка сябра скульптара - узгадвае: "Пры будаўніцтве гэтай чайной маляр размаляваў сінімі лістамі печ, дзе быў уманціраваны кацёл. Потым маляр адышоў, а Мотэ (так звалі Антакольскага, пасля ён стаў называць сябе Маркусам), знайшоўшы час, калі бацькі не было дома, узяў і намаляваў на печы вадавоза з канём і вадавозкай. На дзіва жыва і хораша было нарысавана, асабліва- як з бочкі, зверху, з дзіркі, якая была заткнута анучамі, выплёскваецца вада і разлятаецца пырскамі... Калі ж прыйшоў бацька і пабачыў гэтую карціну, ён затупаў нагамі, залямантаваў, што Мотэ запэцкаў усю печ, і кінуўся яго біць..."

І сапраўды, раней захапленне сына рысаваннем бацька не толькі не падтрымліваў, але і строга караў, калі знаходзіў рысункі на стале альбо маленькія гліняныя фігуркі людзей і жывёлін. "Я не быў пешчаны нікім, - пісаў скульптар у "Аўтабіяграфіі". - Я быў нелюбімым дзіцем, і цярпеў ад усіх. Хто хацеў - біў мяне, нават чэлядзь, а галубіць мяне- ніхто не галубіў. Я даношваў старую вопратку, мяне абзывалі "боўдзіла", "алавяныя рукі"... Я быў на пасылках у кожнага. Не зневажала мяне толькі маці мая..." Так, пра маці Антакольскі заўсёды казаў з пяшчотай. Пісаў пра ейную дабрыню, пра заўсёдную дапамогу бедным, калі яна, адрываючы ад сям'і, употай ад мужа, штосьці раздавала жабракам... А яшчэ яна была таленавітай апавядальніцай розных казак і біблейскіх міфаў.

Падлеткам Марка аддалі да пазументніка, каб той навучыў яго тачыць залатую, сярэбраную або медную тасьму. Аднак нічога талковага з гэтага не выйшла. Цяжкая і нудная праца ад досвітку да вечара зрабіла сваю справу: хлопчык хутка збег ад настаўніка. Але, калі падрос, бацька праз скрыгатанне зубоў трошкі ўціхамірыўся. Зразумеў, што яму не зрабіць з сына карчмарашынкара, і ў 1859 годзе завёў упартага да знаёмага віленскага разьбяра па дрэве Таселькраўта: чым бы дзіця ні цешылася, адно было б пры справе. Спачатку Марк у першага свайго настаўніка навучыўся вырабляць простыя драўляныя рамы, потым стаў умела ўпрыгожваць іх мудрагелістымі ўзорамі, віньеткамі, прыгожымі арнаментамі, што прыводзіла ў захапленне і гаспадара саматужнай майстэрні, і заказчыкаў. Паралельна Антакольскі выразаў з дрэва сатырычныя фігуркі знаёмых. Як рэагаваў на ўсё гэта бацька, не вядома. Аднак вядома, што калі сын праз гады стаў папулярным у краіне мастаком, дык катэгарычна патрабаваў, каб бацька закрыў свой шынок. І пасля гэтага зрабіў яго кіраўніком дома, які Марк атрымаў у пасаг пасля ўзяцця шлюбу з вілянчанкай Аленай Апатавай. Сваё жыццё бацька Марка Антакольскага скончыў трагічна: пры рамонце гэтага дома ён узлез на рыштаванні, зваліўся і разбіўся насмерць...

 /i/content/pi/cult/337/6233/15-1.jpgНейкі час Марк працаваў і ў майстэрні іншага разьбяра - Джымадра, дзе вырабляў іканастасы для цэркваў. І ён нават правёў амаль два гады ў Магілёве, рэстаўруючы стары касцёл... Успамінаў Антакольскага пра яго дзяцінства і юнацтва захавалася мала. І толькі іншым разам, калі ўжо жыў у Пецярбургу, як бы мімаходзь, вяртаецца ў сваё нешчаслівае мінулае, у якім, акрамя маці, усё ж быў яшчэ адзін светлы прамень: блізкі сябра юнацтва Вульф Барэль. З ім скульптар цягам дзесяці гадоў вёў перапіску. Дарэчы, у яго на лецішчы ў Пагулянках, пад Вільняй, Марк праводзіў шмат часу, калі прыязджаў з Пецярбурга ў летнія канікулярныя месяцы.

З успамінаў Рахілі Барэль: "Мой швагер, Вульф Барэль, які пазнаёміўся з Антакольскім, адразу ўгадаў у ім вялікага мастака і адчуў да яго моцную прыхільнасць. А муж мой, Абрам, не разумеў Антакольскага, не ацаніў яго, і ўсё, бывала, казаў брату: "Што ты знайшоў у ім, у сыне карчмара?" А Вульф адказваў яму: "Пабачыш, людзі будуць лічыць за гонар размаўляць з гэтым сынам карчмара". У юнацтве Антакольскі быў вельмі мітуслівы, шмат гаварыў, пастаянна жартаваў... Бывала, калі прыйдзе да нас, тут жа бяжыць у майстэрню і гадзінамі стаіць ды глядзіць, як ювелірныя рабочыя працуюць. Але потым, калі Марк пабываў у Пецярбургу, ён дужа змяніўся ў характары, зрабіўся больш сталы, самавіты, маўклівы, пазбягаў кампаній і пастаянна працаваў. А калі не працаваў, то хадзіў адзін у лесе. Лес ён вельмі любіў. Як зараз бачу яго: хударлявы, вочы гараць, на галаве - цэлая капа раскудлачаных валасоў, сядзіць, зашыўшыся ў кут, маўчыць і вострым позіркам сочыць за ўсімі. І не выцягнуць яго з кута..."

Аднойчы ў майстэрню разьбяра зазірнула жонка багатага купца Юліяна Апатава з дачкой Аленай. Пабачыўшы творы маладога чалядніка Марка Антакольскага, госці прыйшлі ў захапленне. Потым сталі заходзіць часцей. Больш за тое: паміж маладымі людзьмі нечакананегадана ўспыхнула каханне. Але Марк быў занадта бедны, каб ажаніцца з дачкой багацея. Вырашылі прычакаць лепшых часоў. Пра таленавітага самародка пачула мясцовая апякунка мастацтва, жанчына разумная і адукаваная, Настасся Назімава - дачка памешчыка Ніжагародскай губерні, сенатара Аляксандра Аверкіева і жонка вельмі дастойнага чалавека, тагачаснага віленскага генерал-губернатара Уладзіміра Іванавіча Назімава, папярэдніка сумна вядомага Мураўёва-вешальніка.

Паглядзеўшы работы юнака, Настасся Аляксандраўна адразу зразумела: з гэтага хлопца, калі яму дапамагчы, можа штосьці атрымацца. З вялікай цяжкасцю ўгаварыла бацьку Марка адпусціць сына на вучобу ў сталіцу і напісала пераканаўчы ліст сваёй сяброўцы баранесе Радэн, фрэйліне вялікай княгіні Алены Паўлаўны, з просьбай дапамагчы юнаку з паступленнем у Акадэмію мастацтваў. З гэтым лістом ды з невялікімі творамі, зробленымі з дрэва і косці, Марк увосень 1862 г. і выправіўся заваёўваць Пецярбург.

Павінен адзначыць, што карыслівасць, местачковая абывацельшчына і кансерватыўная замкнёнасць, характэрныя для таго віленскага асяроддзя, у якім выхаваўся Антакольскі, пакінулі ў яго душы непрыемны асадак. Вось як праз дзесяцігоддзе апісаў свой ад'езд з Вільні скульптар: "Бывай, мой родны край, з усімі чароўнасцямі і брыдотай! Бывай, Вільня, бывай, капейка! - казаў я сам сабе, калі стаяў на платформе і з нецярплівасцю чакаў апошняга званка. "Бывайце, бывайце, бывайце!" - гучалі навокал мяне галасы маіх родных і знаёмых, у якіх я тады толькі і бачыў, невядома, чаму, ні больш ні менш як медныя капейкі. Іхнія круглыя, чырванашчокія твары здаваліся мне цалкам меднымі капейкамі. "Бывайце! - у думках паўтарыў і я, калі садзіўся ў вагон. - Рад, што развітваюся! Тут, сярод вас, я нічога не пакідаю, апроч бясконцых успамінаў пра горкія хвіліны, - і ўсё з-за капейкі. Усё лепшае, дарагое, што толькі ёсць у жыцці, тут можна пахаваць, альбо аддаць за капейку; а за ўсе веды ісціны і цудоўнага ніхто не дасць і капейкі..."

Захавалася цікавае пасведчанне, якое было выдадзена Віленскай гарадской думай М.Антакольскаму для прастаўлення ў Акадэмію мастацтваў. У ім гаварылася, што ён "...записан по 10 ревизии в числе мещан евреев... под №семьи 334. На рекрутской очереди ни под оною не состоит, недоимки в казенных податях и других по мещанскому званию сборах на нем не числится, платеж же на пред таковых за него принял на себя отец его Матыс Антокольский, и что обществом дозволяется ему, а со стороны Думы не имеется препятствий к поступлению в Академию художеств или университеты Российской империи для продолжения курса наук с правом по достижении им ученой степени на исключении себя из подушного мещанского оклада. 1864 года, января, 21 дня".

Так на 21-м годзе жыцця Антакольскі стаў вольнаслухачом скульптурнага класа ў майстэрні прафесара Мікалая Піменава. Праўда, выдатны настаўнік памёр у снежні 1864 года, калі Антакольскі толькі-толькі пачынаў сваё ўваходжанне ў прафесійнае мастацтва. Але з таварышамі па Акадэміі Марку неймаверна пашанцавала...

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"