Ратуціцкі летапіс

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Багатая Барысаўшчына на таленты… Яркі дыямент у незлічоным яе багацці — вядомы мастак, мастацтвазнаўца, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Юрый Піскун. Барысаўчане маюць магчымасць пазнаёміцца з ягонай творчасцю ў мастацкай галерэі “З’ява” Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева на выстаўцы “Паклон Ратуцічам”.

/i/content/pi/cult/337/6232/7-4.jpg

Аўтарамі работ, прадстаўленых на ёй, з'яўляюцца ўласна Юрый Аляксандравіч, ягоная жонка Алена Юр'ева, і іх тры дачкі - Вольга, Зося і Валянціна.

У экспазіцыі дэманструюцца работы, створаныя цягам 30 гадоў, якія ў большасці сваёй былі напісаны ў вёсачцы Ратуцічы, што на Барысаўшчыне. Пераступіўшы парог галерэі, глядач становіцца сведкам і сузіральнікам вясковага штодзённага жыцця. Нездарма ў творах сям'і апеты Ратуцічы: дзіцячыя гады Юрыя Піскуна прайшлі ў гэтых мясцінах, дзе нарадзілася яго маці - Вера Барысаўна Хацкевіч, тут жа гадаваліся і дочкі майстра...

З пяшчотай і дасканаласцю мастакі прадстаўляюць партрэтную галерэю сваіх родных і знаёмых. Добра вядомыя куточкі прыроды паўстаюць перад гледачом у новым абліччы, дзе аўтары знаходзяць і перадаюць на палатне нешта такое, што аказвае магічнае ўздзеянне, выклікае хвалю эмоцый і асацыяцый. Сузіральніку не проста падаецца факт існавання самога пейзажу, а яго мастацка-паэтычнае пераўвасабленне- усё напоўнена жыццёвай праўдай і паэзіяй. Поўныя сімвалізму і алегарычнасці пейзажныя замалёўкі Алены Юр'евай і яе дачок Вольгі і Зосі абуджаюць у некаторых гледачоў пэўныя эмацыянальныя перажыванні, у іншых жа, наадварот, выклікаюць спакой і замілаванне./i/content/pi/cult/337/6232/7-5.jpg

Невытлумачальнай прыцягальнасцю вабіць да сябе палатно "Сырадой" Юрыя Піскуна. На ім адлюстравана звычайная сцэна вясковага жыцця: гаспадыня цэдзіць сырадой, ёй дапамагае хлапчук... Але калі зазірнуць у вочы гераіні, то там - і клопат аб дзецях, і штодзённыя турботы, і жаночае шчасце...

На першы погляд, выпадковым можа падацца трыпціх "Прысвячэнне. Майму прадзеду Хацкевічу Барысу Данілавічу" Валянціны Піскун - малодшай з мастацкай дынастыі, дызайнера ў свеце сучаснай моды. Але гэтая прысутнасць абгрунтавана тым, што праз канцэптуальныя вобразы творца перадала сувязь пакаленняў і непасрэдную прыналежнасць да кравецкага мастацтва. Валянціна Піскун добра вядомая паказамі сваіх калекцый на фестывалі "Млын моды", тым самым творца працягвае традыцыі ў мастацтве стварэння касцюма, закладзеныя яе бацькам - аўтарам шэрагу сцэнічных строяў ансамбляў "Харошкі" і "Песняры"...

Гэтая экспазіцыя - своеасаблівы летапіс жыцця мастацкай сям'і і невялічкай вёскі. На карцінах выяўлены твары старых і дзетак- родных і суседзяў мастакоў. Многія з гэтых людзей ужо пайшлі з жыцця, іншыя - выраслі, пасталелі. Углядаючыся ў іх абліччы на палотнах, можна прасачыць, як жыла і жыве гэтая вёска, адчуць, чаму яна такая дарагая мастакам...

Таццяна КІРЫЛАВА, мастацтвазнаўца мастацкай галерэі "З'ява" Барысаўскай цэнтральнай бібліятэкі імя І.Х. Каладзеева