Сімфанічныя сюрпрызы

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Учора Беларуская дзяржаўная філармонія адкрыла свой юбілейны — 70-ы сезон. У канцэрце, акрамя знаных нашых і маскоўскіх салістаў, узялі ўдзел Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі, якому сёлета спаўняецца 80 гадоў, і Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы. А за дырыжорскім пультам валадарыў славуты Аляксандр Анісімаў.

 /i/content/pi/cult/129/623/Simfanichnyja syrpryzy.jpg
 Фінал сезона і "Аіды".
Напярэдадні ж аркестр, паводле традыцыі, запрасіў журналістаў на адкрытую рэпетыцыю.
Гэтым разам яна праходзіла больш стрымана і па-дзелавому: маэстра папраўдзе працаваў не на публіку (у дадзеным выпадку — журналісцкую, прычым змешчаную
“ўнутры аркестра” паміж музыкантамі), а шліфаваў асобныя фрагменты кантаты С.Пракоф’ева “Аляксандр Неўскі”.
Сціслая, але насычаная размова з прэсай адбылася ў перапынку. Дырыжор падзяліўся сваім жаданнем ахапіць розныя жанры і стылі, паказаць беларускую музыку як неад’емную частку сусветнай культуры, сфарміраваўшы, акрамя асобных канцэртаў, яшчэ і некалькі цыклаў: “Маэстра Анісімаў запрашае” (дзе кожнаму твору будзе папярэднічаць уступнае слова маэстра), “Уваскрэсенне класікі”, “Шэдэўры сімфанічнай музыкі” (дзе возьмуць удзел толькі запрошаныя дырыжоры — з Германіі, Польшчы, Расіі, Беларусі), “Музыка — маладым” (дзе студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі выступяць аўтарамі партытур і салістамі), “Летнія сімфанічныя вечары”, “Іграем з аркестрам”. Добрай навіной стала тое, што Сталічнае тэлебачанне плануе запісаць усе шэсць праграм першага цыкла.
Выказаў А.Анісімаў і сваю запаветную мару: каб класічная музыка атрымала гэткі ж фестывальны размах, як эстрадная на “Славянскім базары ў Віцебску”. Тым больш, што ёсць таму цікавы прыклад: знакамітыя “Белыя ночы” ў Санкт-Пецярбургу, якія калісьці пачыналіся выключна з эстраднага мастацтва, паступова “змадулявалі” ў сур’ёзны фестываль акадэмічнай музыкі з удзелам самых знаных музыкантаў свету.У
вогуле, новы сезон сімфанічнага аркестра прадоўжыць лепшыя традыцыі ранейшых.
І калі летась яго кульмінацыямі сталі, безумоўна, канцэртныя выкананні опер з запрашэннем сусветна знакамітых салістаў (“Замак герцага Сіняя Барада” Б.Бартака на Каляды, “Аіда” Дж.Вердзі ў ліпені), дык і ў новым сезоне нас чакае шмат сюрпрызаў — у тым ліку оперных.

Фота Аляксандры ГРАХОЎСКАЙ