Дзе знайсці свой цэнтр кінаману?

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Развіццё кінапракату залежыць ад узроўню саміх гледачоў

Мінскіх аматараў кіно неўзабаве чакае непрыемная навіна: першы лічбавы кінатэатр Беларусі "Цэнтр-відэа", што з 2007-га размяшчаўся на ніжнім узроўні гандлёва-грамадскага падземнага комплексу "Сталіца", 1 снежня заканчвае сваё існаванне. Апошнім яго мерапрыемствам павінны стаць паказы дакументальнай праграмы ў межах Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад-2011". За чатыры гады свайго існавання гэты ўтульны філіял сталічнага кінатэатра "Цэнтральны" стаў сапраўдным асяродкам для аматараў высокамастацкіх карцін, так званага арт-хаўса. З закрыццём "Цэнтра-відэа" кінатэатраў, дзе можна паглядзець так званае кіно не для ўсіх, у Мінску не застанецца, тым не менш, неабходнасць існавання такога месца як абавязковай часткі культурнага пейзажу еўрапейскай сталіцы сумневаў не выклікае. Карэспандэнт "К" вырашыў даведацца пра тое, з якой прычыны закрываецца "Цэнтр-відэа" і што за перспектывы ў пракату стужак фестывальнага кірунку на Беларусі.

 DVD - не для кіназалаў

- Закрыццё "Цэнтра-відэа" абумоўлена, у першую чаргу, эканамічнымі прычынамі, - тлумачыць Васіль Коктыш, генеральны дырэктар УП "Кінавідэапракат Мінгарвыканкама".- Арэнда памяшкання ў ГЦ "Сталіца" абыходзіцца нашаму прадпрыемству надта дорага, таксама як і купля правоў на паказ DVD-дыскаў, на якія разлічана апаратура самога кінатэатра. Трэба разумець, што тэхналогія DVD арыентавана, у асноўным, на хатняга гледача, а не на грамадскія паказы,- сучасныя лічбавыя кінатэатры абсталяваны апаратурай, якая выкарыстоўвае hard-drive-носьбіты, што гарантуюць прынцыпова іншы ўзровень праекцыі. Купляць правы на DVD-паказы без аніякай надзеі на іх рэнтабельнасць у сённяшніх умовах мы не маем права. Да таго ж, адміністрацыя ГЦ "Сталіца" хацела, каб праца кінатэатра штодзённа завяршалася да 22-й - часу афіцыйнага закрыцця комплексу, аднак мінчане традыцыйна любяць наведваць і сеансы, якія пачынаюцца пасля 21.00. Адмена вячэрніх паказаў таксама не садзейнічае прыбытку. Зыходзячы з усіх вышэйназваных прычын, далейшая праца "Цэнтра-відэа" з'яўляецца эканамічна немэтазгоднай. Планавалі закрыць кінатэатр да яшчэ 1 кастрычніка, але пайшлі насустрач дырэкцыі "Лістапада", і ён будзе функцыянаваць да пачатку зімы. Што да яго супрацоўнікаў, то глабальнага скарачэння не будзе: амаль усім прапанаваны месцы ў іншых філіялах мінскага "Кінавідэапракату"./i/content/pi/cult/337/6228/4-2.jpg

Так, праца "Цэнтра-відэа" была відавочна стратнай: арэндная плата за пяць залаў, камунальныя плацяжы, плата за правы і выдаткі на зарплату персаналу не маглі кампенсавацца нават папулярнасцю атракцыёна так званага "5D", які быў усталяваны ў комплексе не так даўно, але нязменна карыстаўся вялікім попытам наведвальнікаў самага рознага ўзросту. Зрэшты, невялікія, разлічаныя на некалькі дзясяткаў чалавек, залы падземнага кінакомплексу, у апошнія гады "раскруціліся" вельмі няблага: у асноўным іх наведвала студэнцкая моладзь з ліку прыхільнікаў аўтарскага і рарытэтнага, архіўнага кіно. Дарэчы, класіка, з якой беларускія кінатэатры працуюць вельмі рэдка, карысталася ў наведвальнікаў "Цэнтра-відэа" асаблівай увагай. Удалае месцазнаходжанне ў самым цэнтры Мінска, вельмі даступныя кошты на білеты, зручныя фатэлі ці нават канапы на дваіх, як у адной з залаў, былі відавочнымі перавагамі ў вачах публікі. А невялікія памеры памяшканняў толькі спрыялі ўзнікненню адчування пэўнай "абранасці" ў гледача.

- Мы вельмі хацелі, каб частка відэапаказаў з "Цэнтра-відэа" была перанесена ў наша асноўнае памяшканне, - кажа Алена Аўдашчанка, дырэктар сталічнага кінатэатра "Цэнтральны", філіялам якога з'яўляецца "Цэнтр-відэа". - Нават спрабавалі знайсці месца хоць пад адну залу для відэапаказаў, але дарэмна: памяшканне "Цэнтральнага" не мае дадатковага рэзерву. У прынцыпе, сама першапачатковая ідэя "Цэнтра-відэа" з'яўлялася рызыкоўнай. Памяшканне ў ГЦ "Сталіца" не было абсталявана патрэбным чынам: там няма належнай гукаізаляцыі, пад'ёму падлогі, усіх умоў для стварэння кіназалаў па сучасных стандартах. Але самы вялікі недахоп - праекцыйнае абсталяванне "Цэнтра-відэа": яно відавочна прайграе па якасці сучасным лічбавым тэхналогіям, якія не так даўно пачалі выкарыстоўваць у Мінску , у тым ліку - у "Цэнтральным". Падабраць паўнавартасны рэпертуар для "Цэнтра-відэа" з гэтай прычыны немагчыма.

3D супраць 2D

 Відавочна, "Цэнтр-відэа" як сама ідэя кінатэатральных паказаў з DVD- толькі прамежкавая стадыя пераходу да паўнавартаснага лічбавага кінатэатра. Прынамсі, працэс пераходу пракату з аналагавага носьбіту - знаёмай пак а ленням кінамаатараў плёнкі - да лічбавых праектараў, якія даўно ўжо сталі звыклым прыстасаваннем дома і ў офісах, ідзе вельмі хутка.

/i/content/pi/cult/337/6228/4-1.jpg- Тэндэнцыі сучаснага пракату сведчаць аб тым, што праз чатырыпяць гадоў, а можа, нават раней, дыстрыб'ютары будуць прапаноўваць стужкі выключна на лічбавых носьбітах, і да гэтага мы павінны быць гатовы ўжо сёння, - сцвярджае Васіль Коктыш. - Так, сёлета планавалі да "Кіева", "Салюта" і "Цэнтральнага" дадаць лічбавыя залы яшчэ ў трох кінатэатрах, аднак фінансавыя магчымасці дазволілі зрабіць гэта толькі ў кінатэатры "Бярэсце". Але пераход на "лічбу" трэба працягваць, і як мага хутчэй, каб не адстаць ад прагрэсу, перайграць хатняе відэа і відэа з Інтэрнэта. У свеце непазбежнасць "лічбавага" пераабсталявання кінапракату добра разумеюць. У Нарвегіі, да прыкладу, апошні кінатэатр, які працуе з плёнкай, будзе закрыты яшчэ да канца гэтага года...

Словы кіраўніка сталічнага пракату аб неабходнасці пераходу на "лічбу" пацвярджае і статыстыка: колькасць наведвальнікаў у пераабсталяваных залах павялічваецца. Але гэта можна тлумачыць і надзвычайнай папулярнасцю фармату 3D, што, як кожны новы тэхналагічны атракцыён, пакуль прываблівае большасць гледачоў самім фактам свайго існавання. У свеце назіраецца сапраўдны бум "3D", але, разам з аптымістычнымі касавымі зборамі, існуе і пэўная заклапочанасць: ці не выцісне найноўшая тэхналогія з кінатэатраў звычайныя, так бы мовіць, "плоскія" стужкі? Бо стэрэа-сеансы з выкарыстаннем адмысловых акуляраў прыносяць пракатчыкам большыя прыбыткі, таму 3D-стужкі ў пераабсталяваных кінатэатрах займаюць ільвіную долю рэпертуару. Але стужкі гэтыя, па вялікім рахунку,- такія самыя атракцыёны, як і сама тэхналогія 3D. Значных прарываў у мастацтве, заснаваных на стэрэа-тэхналогіях, а яны актыўна выкарыстоўваюцца з 1950-х, пакуль не было. Дарослы, інтэлектуальна і эмацыянальна развіты глядач нязменна аддае перавагу традыцыйным "двухвымерным" стужкам. Ці не знікнуць яны як клас з экранаў нашых кінатэатраў, калі лічбавыя праектары будуць усталяваны паўсюль?

- Не, не знікнуць, - супакойвае Алена Аўдашчанка. - І глядач для іх абавязкова знойдзецца, што падцверджана нашым вопытам: 2Dстужкі, якія ішлі ў "Цэнтральным" ужо пасля ўстаноўкі дыгітальнага абсталявання, карысталіся вялікай увагай. Справа ў тым, што дыстрыб'ютары пакуль не прапануюць дастатковай колькасці стужак у фармаце 2D артхаўснага кірунку, які карыстаецца папулярнасцю ў наведвальнікаў "Цэнтра-відэа". Аднак попыт на падобныя карціны ў Мінску, безумоўна, існуе. Напрыклад, галівудскі "Кароль гаворыць", які стаў адным з галоўных прызёраў сёлетняй прэміі "Оскар", ішоў у "Цэнтральным" з вялікім поспехам. Рыхтуецца пракат "двухвымерных" хітоў артхаўснага пракату: "Скура, у якой я жыву" Пэдра Альмадовара і "Меланхолія" Ларса фон Трыера - іх мінскія гледачы ўбачаць у верасні - кастрычніку. На жаль, пакуль дыстрыб'ютары прапануюць для лічбавых кінатэатраў не так шмат стужак мастацкага накірунку. Але сітуацыя будзе паляпшацца паралельна з пераходам на "лічбу". Так, згаданыя работы фон Трыера і Альмадовара былі прапанаваны на рускамоўным рынку толькі на лічбавым носьбіце. Упэўнена, гэта толькі першыя ластаўкі, за якімі ўслед рушаць іншыя. І тое заканамерна: якасць лічбавай і аналагавай праекцыі - непараўнальная.

"Павышайце ўзровень"

Між тым, шмат хто з аглядальнікаў наогул піша аб хуткім пераводзе асноўнай часткі кіно з кінатэатраў на мабільныя прыстасаванні кшталту смартфонаў або так званых "планшэтнікаў". Канешне, кінатэатр як месца для адпачынку ніколі не страціць сваёй прыцягальнасці. Аб гэтым яскрава сведчаць лічбы са справаздачы сталічнага кінапракату, які па колькасці наведвальнікаў за першае паўгоддзе бягучага года практычна дасягнуў паказчыкаў канца 1980-х. Аднак за апошнія два-тры гады з рэпертуару кінатэатраў практычна зніклі тыя стужкі, што цяпер звычайна называюцца тэрмінам "арт-хаўс" - нестандартныя творы мастацтва, якія не арыентуюцца на традыцыйныя жанравыя стэрэатыпы. Звязана гэта і з пэўным крызісам, што назіраецца цяпер у мастацкім кіно ва ўсім свеце, і з эканамічным складнікам. Аўдыторыя для такога кіно - параўнальна невялікая, і пракатчыкам выгадна аддаваць залы пад галівудскі "шырспажыў".

Так ці інакш, аўдыторыя "кіно не для ўсіх" у Мінску, як у любым буйным цэнтры, ёсць, - нездарма ў апошнія гады ў беларускай сталіцы другое жыццё атрымаў кінаклубны рух. Справа толькі ў тым, каб сабраць аўдыторыю, якая цікавіцца мастацтвам экрана як з'явай, у адным месцы. Калі колькі гадоў таму кінатэатр "Партызан" зведаў рэбрэндынг і быў не толькі цалкам адрамантаваны, але і атрымаў імя "Дом кіно", то існавалі спадзяванні, што менавіта ён стане цэнтрам паказаў фестывальных карцін, месцам, дзе будуць сустракацца кінаманы. Адміністрацыя кінатэатра рабіла значныя высілкі, каб завабіць туды кінаманскую аўдыторыю, рэгулярна арганізуючы прэм'ерныя паказы і розныя мерапрыемствы. Але пакуль Дом кіно збірае аматараў кінамастацтва толькі пад час "Лістападу", хоць летась нават фестывальныя паказы не гарантавалі поўных залаў. Відавочна, што аўдыторыя "Цэнтра-відэа" не пяройдзе ў Дом кіно. Тады - куды? І што рабіць тым, хто хоча глядзець апошнія навінкі сусветнага экрана, а таксама класіку кіно ў кінатэатры, а не "пампаваць" іх з Інтэрнэта? -

Упэўнена, такое месца ў Мінску абавязкова з'явіцца, - кажа Алена Аўдашчанка. - Справа - у развіцці самой аўдыторыі. Калі беларускія гледачы будуць аддаваць больш увагі высокамастацкім стужкам, цікавіцца развіццём сусветнага фестывальнага руху, то пракатчыкі будуць ісці насустрач такім запытам. Што да пэўнага месца, то ў кожнага мінскага кінатэатра ўжо склалася свая аўдыторыя, таму сказаць дакладна, які з іх лепш за іншыя падыдзе для такіх паказаў, пакуль нельга. Вядома, што ў іншых краінах білеты на стужкі, якія ідуць абмежаваным пракатам, каштуюць даражэй, чым - на галівудскія прэм'еры. Але наш пракат кіруецца не аднымі камерцыйнымі прынцыпамі максімізацыі прыбытку. З інтэлектуальнай, духоўна развітай публікай мы працуем з вялікім задавальненнем, але галоўнае ў працы "Мінскага кінапракату" - зрабіць знаходжанне гледача ў кінатэатры максімальна прыемным і камфортным...

■ ■ ■

Такім чынам, што і якой якасці будзе ісці на вялікіх экранах - залежыць, у выніку, ад саміх гледачоў, ад іх стаўлення да кіно як віду мастацтва. Досвед суседніх краін сведчыць аб тым, што стварэнне спецыялізаваных на класіцы і фестывальных карцінах цэнтраў можа быць плённай бізнес-ідэяй. Спадзяёмся, мінскія гледачы "Цэнтра-відэа" рознага ўзросту і ўзроўню дабрабыту, але аб'яднаныя любоўю да кінамастацтва, неўзабаве знойдуць месца для таго, каб сабрацца разам і глядзець улюбёныя стужкі.