“ТЭАРТ”ральны тыдзень

№ 34 (1005) 20.08.2011 - 27.08.2011 г

Засталося крыху больш за месяц да таго, як чарговы раз у беларускай сталіцы пройдзе Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ”.

/i/content/pi/cult/337/6227/2-6.jpg

 Жыхароў і гасцей беларускай сталіцы чакае творчы марафон, што пройдзе на мінскіх пляцоўках з 7 па 26 кастрычніка.

Распачынае сёлетнюю праграму аргенцінская Кампанія Даніэля Веранэзэ з пастаноўкай чэхаўскага "Дзядзькі Вані", пазначанай падзагалоўкам "Той, што сочыць за жанчынай, якая сябе забівае". Польскае тэатральнае мастацтва прадстаўляе монаспектакль "Я" тэатра "Wiczy" і "Фэйскантроль" Тэатра Восьмага Дня. За расійскую праграму "адказваюць" санкт-пецярбургскія калектывы: Тэатр на Васільеўскім са спектаклем "Даніэль Штайн, перакладчык" і Тэатр Юных Гледачоў імя А.А.Бранцава са "Старасвецкімі памешчыкамі" М.Гогаля. Прыбалтыйскае мастацтва прыадкрыецца нам дзякуючы шэкспіраўскаму "Гамлету" Вільнюскага гарадскога тэатра і Тэатра Оскараса Каршуноваса, а таксама "Гуку цішыні" Новага рыжскага тэатра. Больш далёкае замежжа прадстаўляюць пластычныя пастаноўкі "Дафніс і Хлоя" Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра Грэнобля з Францыі і "Кілбет" паводле шэкспіраўскага "Макбета" ў выкананні тэатра "Плэй Фэктары Мабангзен" з Рэспублікі Карэя.

Акрамя таго, у рамках Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" чакаюцца Дні Люблінскага тэатра ў Мінску, якія пройдуць з 27 па 29 кастрычніка. У іх афішы - "Браты Карамазавы" Фёдара Дастаеўскага тэатра "Правізорыум", "Голад Кнута Гамсуна" тэатра "ІнВітро" і пластычны спектакль "48/4" Люблінскага тэатра танца. А ў дадатак да люблінскай праграмы мінчане змогуць убачыць пластычны спектакль "Сляпыя" тэатра "КТО", і адну з культавых пастановак апошніх сезонаў "У нас усё добра" па п'есе сучаснага драматурга Дароты Маслоўскай тэатра "ТР-Варшава".

Т.К.