Радужна-ратушная опера

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Афіцыйна сезон у Беларускай оперы пачынаецца толькі 3 кастрычніка, бо ледзь не ўсё гэтае лета тэатр правёў на замежных гастролях. Але не пустуюць ні вераснёўская тэатральная афіша, ні “пазаафішная” канцэртная прастора. 12 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся сумесны канцэрт Настассі Масквіной і Аксаны Волкавай, у якім прыняў удзел Уладзімір Пятроў; 19-га там адбудзецца творчы вечар Алены Бундзелевай. А пампезна-бліскучы “першы акорд” сезона ўвогуле прыпаў на святкаванне 940-годдзя Мінска: суботнім вечарам 8 верасня салісты, хор і аркестр Нацыянальнага тэатра оперы далі вялікі канцэрт пад адкрытым небам на плошчы ля ратушы.

 /i/content/pi/cult/129/622/Opera3.jpg
 Аксана Волкава і Настасся Масквіна. 
Не толькі людзі старэйшага пакалення, але і кампаніі маладых людзей спыняліся, трапіўшы ў вір гукаў “вечнай класікі”. Што ні кажыце, а “вулічныя” канцэрты маюць сваё непаўторнае хараство. Нягледзячы на прахалоднае надвор’е, шум футбольных заўзятараў і гоман дзяцей, людзі нязмушана выяўлялі сваё музычнае ўзрушэнне і выглядалі неверагодна шчаслівымі. Яно і не дзіва, бо гучала самая любімая ў народзе музыка: шэдэўры Пучыні і Вердзі змяняліся народнымі песнямі, моладзь прытанцоўвала пад “Кармэн”, сямейныя пары з задавальненнем вальсавалі пад “Сільву” і “Маю чароўную лэдзі”, а “Калінка”, якую дружна праспявалі ўсе прысутныя, літаральна з’яднала імправізаваную залу.
Пад дырыжорскай палачкай заслужанага артыста Украіны Віктара Пласкіны даўно знаёмая музыка набывала новы тэмперамент, запал, характар, бляск.
Ідэю класічных канцэртаў пад адкрытым небам калектыў Беларускай оперы “прывёз” калісьці з-за мяжы, дзе шмат гадоў запар удзельнічае ў так званых фестывалях “open-air”, што перакладаецца як “адкрытае паветра”. Але на Беларусі яна ўпершыню была рэалізавана дзякуючы праекту АНТ, калі некалькі гадоў таму на прыступкі будынка тэлебачання былі запрошаны эстрадныя і оперныя салісты. Традыцыя замацавалася: у мінулым сезоне ўжо трэці раз адбылася “Ноч оперы ў Мірскім замку” пад кіраўніцтвам дырыжора Вячаслава Воліча, а ў Полацку ў гонар 1145-годдзя горада прайшоў канцэрт “Шэдэўры сусветнага мастацтва ля сцен Полацкай Сафіі”, якім кіравалі Андрэй Галанаў і Іван Касцяхін.
Такія сустрэчы з публікай не толькі “нясуць культуру ў масы”, ці, прасцей кажучы, павялічваюць колькасць людзей, надоўга захварэўшых операй, — яны даюць магчымасць “з вялікай эстрады” распавесці пра блізкія і далёкія планы тэатра. Так, у Дзень горада з вуснаў Васіля Кавальчука, які выконваў каларытную песню Варлаама, мінчане атрымалі запрашэнне на “Барыса Гадунова” М.Мусаргскага, які плануецца ўзнавіць у бліжэйшы час. Ад імя ганарлівай Кармэн — Аксаны Волкавай — і зіхоткага тарэадора Эскамільё — Уладзіміра Пятрова — прагучала дадатковая “рэклама” неўміручай оперы Ж.Бізэ. А ці ж можна абмінуць спектакль “Севільскі цырульнік” пасля тых гумарыстычных вобразаў, што былі створаны падчас канцэрта Яраславам Пятровым і Таццянай Гаўрылавай! Ці не
 /i/content/pi/cult/129/622/Opera1.jpg

 Юрый Гарадзецкі.

наведаць вечар раманса, аднойчы пачуўшы Юрыя Гарадзецкага і Аксану Якушэвіч. Лепшыя галасы Беларусі — Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Настасся Масквіна, Эдуард Мартынюк, Таццяна Траццяк, Аляксандр Краснадубскі, Ганна Гур’ева і многія іншыя — з’яўляюцца жывой “візітоўкай” тэатра, прымушаючы слухачоў прыходзіць на спектаклі менавіта з іх удзелам.
Даўнія культурныя традыцыі мае і сам гэты куточак Мінска ля ратушы. Яго высакародную музычную ауру ствараюць Дом-музей Ваньковічаў, Дзяржаўны музей гісторыі музычнай і тэатральнай культуры, што знаходзіцца ў Музычным завулку, Дзіцячая музычная школа № 10, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, Беларускі саюз кампазітараў, якія быццам акружаюць гэты, здавалася б, зусім не “сцэнічна-пляцовачны” рэльеф ратушнай плошчы, якая, тым не менш, дазволіла стварыць зграбную і кампактную сцэну з невялікай “глядзельнай залай”. Дадамо, што ў гэтым квартале больш як паўтара стагоддзя таму В.Дунін-Марцінкевіч паставіў беларускую оперу “Сялянка”; тут жа адбываліся сустрэчы клуба “Беларуская хатка”.
Гэта дае падставы спадзявацца, што ў цэнтры горада з’явілася новая канцэртная пляцоўка, якая будзе актыўна выкарыстоўвацца ў дні святаў і навучыць рагараджан з густам бавіць вольны час.

Артур ЗАЙЦАЎ
Фота з архіва тэатра