Асноўныя гукі Маладзечна ў гэтыя дні - святочныя, нават калі яны належаць самай шумнай будаўнічай тэхніцы. Горад, а таксама ўвесь раён рыхтуюцца адразу да дзвюх буйных рэспубліканскіх падзей: ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ды Фестывалю-кірмашу працаўнікоў сяла "Дажынкі-2011".
На мінулых выхадных у нашага карэспандэнта з'явілася магчымасць апынуцца ў эпіцэнтры падрыхтоўчага працэсу - будзённага і святочнага.
На пачатку разам з першым намеснікам міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Карачэўскім і начальнікам упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатолем Акушэвічам пабывалі ў самім райцэнтры. На будаўнічай пляцоўцы гарадскога амфітэатра працавалі дзясяткі будаўнікоў, устанаўлівалі крэслы, нешта падфарбоўвалі. Але, відаць, найбольш уразілі своеасаблівыя крылы - канструкцыя над сцэнай амфітэатра, - што зусім хутка возьмуць пад сваю апеку тых, хто менавіта ў Маладзечне і мае "стаць на крыло", выйсці на вялікую сцэну з творамі айчынных кампазітараў ды паэтаў на беларускай мове. А яшчэ праз колькі тыдняў у гарадскім амфітэатры ўшануюць герояў сёлетняга жніва.
Другім пунктам маладзечанскай паездкі стаў аграгарадок "Чысць". Новы Дом культуры, узведзены літаральна за паўгода, адкрывалі віцэ-прэм'ер беларускага Урада Валерый Іваноў і старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Барыс Батура. Для мясцовых жыхароў цырымонія сама па сабе стала святам, а ўстанова культуры - шыкоўным падарункам.
Фота Юрыя ІВАНОВА