З дзённікам — у… музей!

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

На “кухні” адной выстаўкі “Народная” канцэпцыя з рэальнымі гісторыямі

/i/content/pi/cult/336/6213/14-3.jpgАкурат месяц таму "К" паведаміла пра збор матэрыялаў на выстаўку "Вялікі перапынак", прысвечаную школьнай атрыбутыцы мінулых дзесяцігоддзяў. На гэтым тыдні наш карэспандэнт зноў завітаў у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, каб пабачыць тыя прадметы, што прыносяць для праекта, унікнуць у "кухню" фарміравання музейнай экспазіцыі, а самае галоўнае - пачуць рэальныя гісторыі, звязаныя з гэтымі сямейнымі рэліквіямі.

- Гэтым праектам, як і папярэднімі - "Былі ў мяне мядзведзі", "Цацкі з чамадана", - музей, з аднаго боку, выходзіць на інтэрактыўнасць, нават парнёрскія стасункі з наведвальнікамі, а з іншага - не ўнікае сваёй тэматыкі. Падавалася б, як "перасякаюцца" цацкі, школьная форма і Вялікая Айчынная? Насамрэч, мы паказваем мірнае жыццё, проціпастаўляючы яго ліхалеццю, абпаленаму полымем вайны, - рэзюмуе дырэктар установы Сяргей Азаронак і адразу ж скіроўвае да сваіх супрацоўнікаў: - Вы з імі пагутарце, з генератарамі ідэй, бо яны падобныя праекты і ствараюць...

Скарыстаўшыся парадай Сяргея Іванавіча, кіруюся ў аддзел эканомікі і развіцця. Яго загадчык Тамара Курганава па дарозе да пакойчыка, дзе захоўваюцца матэрыялы новага праекта, таксама кажа:

 - Наш музей - спецыфічны, і мы вырашылі пайсці "ад процілеглага": паказаць, які цудоўны свет. І, ведаеце, калі рыхтавалі яшчэ першы, "мядзведжы", праект, дык сутыкнуліся з такім фактам: многія, хто жадаў прынесці цацку, нават не ведалі, дзе знаходзіцца наш музей... Для мяне гэта дзіўная рэч... І вось каб такіх сітуацый было менш, на падобныя выстаўкі першымі запрашаем дзетак. Увогуле ж, дзякуючы падобным экспазіцыям мы набылі нямала сяброў - тых людзей, якія цяпер пастаянна наведваюць наш музей...

Думаецца, сучасным дзецям цікава будзе прагарнуць старонкі дзённікаў, сшыткаў і падручнікаў іхніх ужо нават не бацькоў, а бабуль і дзядуль, пакруціць старэнькі глобус, ацаніць тагачасную школьную моду. "Звярніце ўвагу, вось гэта - звычайны піянерскі гальштук, - паказвае мне сапраўды самы ардынарны ягоны ўзор супрацоўнік аддзела фондаў фондаў музея Дар'я Чайка. - А вось- самы, відаць, модны: шаўковы, разы ў тры даўжэйшы за прынятыя памеры".

Вакол вялікага - ці не на ўсю даўжыню пакойчыка - авальнага стала можна хадзіць вельмі доўга. Карыстаючыся момантам, парушаю музейнае правіла "Рукамі не кранаць!" і смела разглядваю экспанаты. Пытаюся, адгортваючы старонкі дзённіка з надпісам у нізе старонкі "Заўтра прынесці 60 кап.": "Цікава, а хто часцей прыносіць свае сямейныя рэліквіі ў музей: двоечнікі-троечнікі ці выдатнікі?" Дар'я адказвае, што пакуль дамінуюць апошнія, а пасля дадае: "Вы казалі пра сямейныя рэліквіі, і тут сапраўды ёсць некалькі прадметаў "з гісторыяй"..."

Гаворка - пра пасведчанне аб з а к а н ч э н н и п а ч а т к о в а й школы, якое было выдадзена 1 чэрвеня 1941 года- за 21 дзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Яе перажыла і кішэнная табліца множання, і вялізны дзіркакол, што і па сёння спраўна робіць сваю справу. Цікава зазірнуць у песеннік 1973 - 1978 гадоў: тагачаснымі хітамі былі шлягеры "Песняроў", "Машыны часу", Алы Пугачовай, прычым песень беларускай эстрады пабачыў у ім нямала. "Мае сваю гісторыю і гэта школьная сумка, - апавядае Дар'я Чайка. - Яна калісьці належала дачцэ жанчыны, што прынесла яе нам. Дачка загінула, а напамін застаўся. Няхай пра яе згадаюць і наведвальнікі музея..."

Найчасцей, зразумела, прыносяць школьныя артэфакты, звязаныя непасрэдна з Беларуссю, але ёсць і прадметы, што "паходзяць" з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. "Бывае, людзі, якія прыходзяць другі раз, кажуць: маўляў, былі ў гасцях, а думалі пра ваш праект - адшукалі ў родных чарговы экспанат",- распавядае супрацоўніца музея.

Дарэчы, такіх выпадкаў, калі чалавек удзельнічае не ў адным праекце музея, аказваецца, нямала. А канкрэтна ў "Вялікі перапынак" свой унёсак зрабілі ўжо тры дзясяткі чалавек, і цягам наступнага тыдня маюць прыйсці яшчэ некалькі ахвотных. Адкрыццё ж выстаўкі прымеркавана да Дня ведаў - 1 верасня.

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах