Часам кажуць са спачувальным уздыхам: “Гэта сапраўдны малады талент, але яму не даюць самавыявіцца…”. І расказваюць пра няздзейснены геніяльны сцэнарый, пра непастаўленую наватарскую п’есу... Не зняты сцэнарый і не пастаўленая п’еса — байкі для цешчы. Расказ пра нерэалізаваны мастацкі праект — аргумент, каб дурыць галаву маладым дзяўчаткам. Хто, скажыце, павінен “даваць”? І каму? Па якіх “прыкметах”? Усё распачынае сам творца. Сам!
Хто і што даваў Аляксандру Яфрэмаву, які амаль штогод здымае па добрым фільме, ставіць прыкметныя спектаклі, паралельна кіруе Тэатрам кінаакцёра?
Хто пратэжыраваў Валянціну Елізар’еву, які, нікога ў Мінску не ведаючы, першым жа балетам скарыў… не, не толькі Беларусь, але і свет?
Хто падштурхнуў Уладзіміра Жбанава ствараць кранальна-ўсмешлівыя скульптуры, што цяпер упрыгожваюць нашыя гарады?
Хто “вывеў на арбіту” архітэктара, адзінага цяпер у нашай краіне Лаўрэата Ленінскай прэміі Леаніда Левіна, аўтара “Хатыні”, “Ямы” і— апошняга па рэалізацыі — мемарыяла ў Чырвоным Беразе?Хто пісаў за Яўгена Глебава шэсць сімфоній, пяць балетаў, оперу, аперэту, музыку для паўсотні фільмаў і столькі ж спектакляў, безліч песень, араторый, п’ес для джаза і камернага аркестра, а дзесяць гадоў — з дня стварэння — штовечар стаяў за пультам аркестра ТЮГа?
Хто артыста таго ж ТЮГа Аляксея Дударава зрабіў сённяшнім першым драматургам Беларусі?
Ды ніхто. Самі. Усё — самі. І— заўважце! — тады былі для пачаткоўцаў умовы менш спрыяльныя для “старту”, чым цяпер: не было фонду падтрымкі маладых талентаў, не было!
Так пачынаў прабівацца і Барыс Луцэнка. Сам.
* * *
“Раскіданае гняздо” Купалы было “ўлазінамі” ў Купалаўскі тэатр рэжысёра-пачаткоўца; пазней быў спрэчна-эклектычны фільм па гэтым творы; урэшце “агняздзіўся” выдатным спектаклем у Рускім тэатры, дзе акцёры — амаль усе выпускнікі нашай Акадэміі мастацтваў — гаварылі мовай вялікага аўтара. Урэшце тут, у апошняй пастаноўцы, нечакана знайшоў рашэнне загадкавага персанажа — Незнаёмага! Не адпускае той твор Луцэнку, не адпускае.
У спалучэнні з магутным талентам мастака Юрыя Тура былі ажыццёўлены незабыўны “Макбет” з Р.Янкоўскім і А.Клімавай, “Трохграшовая опера” з А.Ткачонкам і В.Бандарэнкам, “Васіль Цёркін” з Я.Лявонцьевым, “Вяртанне ў Хатынь” — па-мастацку вырашаная публіцыстыка А.Адамовіча, “Лазня” з Л.Круком і Р.Янкоўскім, які да таленту трагіка дадаў віртуозна выяўлены камізм. Што ні спектакль — то, як кажуць, “у лузу”! Рускі тэатр расквітнеў.Але што за творца, якога не натыкнуць на зубы перавёрнутай бараны, — хоць аднойчы! Барыс “правініўся”: не тое, не так і не там паставіў — і ідэалагічныя ўлады адабралі ў яго тэатр. Рэжысёр перажываў, хварэў...
* * *
Лекі знайшліся радыкальныя: узначаліў у 1981-м Тэатр кінаакцёра. Наступныя гады — час творчых дасягненняў гэтага калектыву, бо з Луцэнкам туды прыйшлі глядач, поспех, каса.Пачаў з адкрыцця незнаёмай драматургіі: Уладзімір Аро — спектакль “Глядзіце, хто прыйшоў” стаў для маладой трупы школай прафесіяналізму; “Не баюся віржынскага ваўка” Эдварда Олбі — для квартэта артыстаў новая, больш складаная задача раскрыцця псіхалогіі персанажаў і матываў іх учынкаў; спалучэнне сцэнічнага і экраннага дзеяння было наватарствам пры ўвасабленні “Дзівака з Ганчарнай вуліцы” паводле Івана Чыгрынава. Канешне ж, Шэкспіраўскі “Гамлет” — на невялічкай сцэне разгортваліся вялікія жарсці.
Унёсак у размаітасць рэпертуару рабілі й запрошаныя рэжысёры. Літовец Адамайціс паставіў пантаміму “Выбачайце, вольных месцаў няма”; паляк Маляновіч у “Леце ў Наане” ўвасобіў тэму кахання Шапэна й Жорж Санд. Але ўсе касавыя рэкорды пабіла камедыя “Лісістрата”: квіткі раскупаліся за месяц наперад. Ведаю гледачоў, пераважна глядачак, якія глядзелі спектакль па 7 — 8 разоў. Радасна, што тую пастаноўку ажыццявіў мінчук, кінарэжысёр Валерый Рубінчык, які на той час ужо працаваў у Маскве.
Канешне, і малы памер сцэны, і нешматлікая трупа, палова якой заўсёды на кіназдымках, і невялікія пастановачныя магчымасці Тэатра кінаакцёра стрымлівалі ажыццяўленне буйных праектаў. Урэшце Луцэнку “вярнулі” Рускі тэатр.
* * *
На другія “ўлазіны” прадставіў “Хрыста і Антыхрыста”, таксама невядомага нам драматурга, Д.Меражкоўскага — маштабную трагедыю на тэму рускай гісторыі. Р.Янкоўскі ў ролі Пятра І ізноў, пасля Макбета, замацаваў статус трагіка беларускай сцэны. Затым быў ахмяляючы гледачоў “Амфітрыён”. Акцёры літаральна “купаліся” ў гарэзлівасці тэксту, двухсэнсоўнасці сітуацый, вясёлай музыцы, вытанчанасці рэжысуры — і асалоду тую маюць магчымасць выпрабаваць дасюль у неўміручым спектаклі!
Потым былі куртуазная пантаміма “П’ярэта”, трагічныя “Габрэйскія анекдоты”, ізноў “Гамлет”, якім імкнуўся паўтарыць ашаламляльны поспех былога “Макбета”, дыпціх па Шылеры. Ажыццявіў даўнюю мару — паставіў “Самазабойцу” саркастычнага М.Эрдмана, містэрыю “Блаславі нас, Божа”, “скідаў” яшчэ раз узгаданае “Гняздо”…
І вось тры яго апошнія пастаноўкі, тры нашы сумесныя працы над драматургіяй. “Выпадковы вальс”. Сенсацыйны поспех на Міжнародным фестывалі ў Маскве: Гран-пры; Луцэнку ўручаны расійскі ордэн Ламаносава, мне — Святога князя Аляксандра Неўскага!Затым — Міжнародны фестываль “Галасы гісторыі” ў Волагдзе. Чуйныя гледачы менавіта на наш спектакль разабралі квіткі за тры дні да паказу! Ён адбыўся ў Кансісторскім двары Крамля. Трыбуны ўмясцілі восем соцень гледачоў. З раніцы была залева. Толькі на дзве гадзіны нашага паказу дождж зрабіў “перапынак”. Прыём —
Барыс Луцэнка (справа), кампазітар Аляксей Еранькоў на рэпетыцыі "Выпадковага вальса" |
* * *
Вакол Рускага тэатра — а дакладней, вакол Барыса — “кучкуюцца” творцы ў іншых галінах мастацтва, інтэлігенцыя, клуб апантаных гледачоў-тэатралаў, моладзь. Ён для ўсіх знаходзіць хоць бы хвілінку. Ён да ўсяго цікавага мае інтэрас. Для прыкладу: толькі што групу сваіх маладых артыстаў звазіў у Маскву — на тэатральныя спектаклі, на майстаркласы да славутых рэжысёраў Расіі.У яго ёсць тое, што маем амаль мы ўсе: жонка, дзеці, унучка, брат… Але мала хто ў 70 гадоў мае маці. А пакуль ёсць каму называць цябе “сынок” і “дзетка”, ты яшчэ — малады. Дык здароўя маці, а Барысу — як мага даўжэй заставацца маладым!
Ведаючы яго больш як чатыры дзесяцігоддзі, паглядзеўшы ўсе яго мінскія спектаклі ды не па адным разе, супрацоўнічаючы з ім у апошнія тры гады, можна сказаць, штодзённа, мог бы я скласці пералік і ягоных недахопаў, хібаў, промахаў, які быў бы значна даўжэйшы за гэты панегірычны артыкул. Але ўсё даруецца Барысу Луцэнку за той уклад, што зрабіў ён у беларускае мастацтва, за ўзнёслую радасць, якую шчодра выплёсквалі ў глядзельную залу яго спектаклі, ды проста за радасць зносін з Мастаком.
Заўважце: з маладым.
Уладзімір АРЛОЎ,кінарэжысёр