100 беларускіх партытур: хто больш?

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі датэрмінова адкрыў юбілейны — 40-ы сезон канцэртам сучаснай беларускай музыкі. А праз два дні паехаў на гастролі ў Германію і Нарвегію.

 /i/content/pi/cult/129/620/100 partytur.jpg
Такі “пачатак” для гэтага калектыву шмат чым сімвалічны: у свой час Мінскі камерны аркестр, як ён называўся пры сваім стварэнні, быў не толькі першым выканаўцам новых твораў нашых аўтараў, але і сам замаўляў ім партытуры, выступаючы гэткім ініцыятарам і “заказчыкам” не проста чарговых сачыненняў, а новых для тагачаснай беларускай музыкі стыляў — авангарднага і старадаўняга. Сярод тых, хто найбольш плённа супрацоўнічаў з гэтым калектывам, быў кампазітар Віктар Войцік.
Цяпер, калі ў аркестр прыйшлі новыя пакаленні музыкантаў, калектыў нанова звярнуўся да яго творчасці.
— Кожны раз, — падзяліўся думкамі галоўны дырыжор аркестра Пётр Вандзілоўскі, — даводзіцца здзіўляцца, як усё ж мала мы ведаем беларускую музыку нядаўніх дзесяцігоддзяў. А між тым, многія тыя творы быццам напісаны толькі сёння. І папаўняць імі рэпертуар — адно задавальненне. У маім творчым партфелі ўжо больш за сотню беларускіх партытур. Чарговым адкрыццём для мяне і ўсяго калектыву сталі творы Віктара Войціка. Трэба было бачыць, з якой апантанасцю нашы музыканты працавалі над імі!
Сапраўды, партытуры апошніх трох дзесяцігоддзяў зайгралі новымі фарбамі.У “Сюіце ў старадаўнім стылі” (саліст — Яўген Гладкоў) яшчэ больш ярка выявілася логіка санатна-сімфанічнага цыкла. Канцэрт для аркестра здзівіў асабіста “войцікаўскім” прачытаннем здабыткаў І.Стравінскага і Э.Дзянісава, Канцэрт для кларнета (саліст — Генадзь Забара) — увасабленнем нязмушанасці канцэртавання, а частка з Канцэрта для цымбалаў (салістка — Вераніка Прадзед) — зачараванасцю прыгажосцю і гармоніяй.
— Сезон абяцае быць цікавым і насычаным, — дадаў П.Вандзілоўскі. — Плануем узгадаць усіх дырыжораў, якія працавалі з нашым аркестрам, запрасіць многіх знаных салістаў. Асобныя канцэрты будуць прысвечаны памяці Юрыя Цырука і Алега Янчанкі, якім мы абавязаны самім стварэннем гэтага калектыву і выпрацоўкай яго эстэтычных пазіцый.Так, эстэтыка Мінскага камернага аркестра заўсёды была накіравана на максімальнае пашырэнне стылёвай палітры. А тое, што цяперашні Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі прытрымліваецца гэтага не на словах, а на справе, можна былозаўважыць на працягу мінулага сезона. Бо аркестр выступаў нават з рок-музыкантамі, а закрываў сезон, між іншым, вечарам да 100-годдзя Аляксандра Цфасмана, знайшоўшы ў яго джазавай музыцы найтонкія камерныя адценні.

На здымку: дырыжыруе Пётр Вандзілоўскі.
Салістка — Вераніка Прадзед.
Фота Уладзіміра ВІТЧАНКІ