Пакш-рапсодыя без кампазітара

№ 33 (1004) 13.08.2011 - 20.08.2011 г

Саліст Гомельскай абласной філармоніі, выкладчык Гомельскага філіяла Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Дзмітрый Міроненка перамог на VI Міжнародным конкурсе акардэаністаў у Венгрыі.

/i/content/pi/cult/336/6199/7-4.jpg

 Гэтае лаўрэацтва маладога музыканта тым больш значнае, што ён удзельнічаў у намінацыі без абмежавання ўзросту, дзе спаборнічаў з ужо прызнанымі канцэртуючымі майстрамі з Аўстрыі, Венгрыі, Расіі, Украіны і Фінляндыі.

- Звесткі пра конкурс, - распавёў пераможца, - я знайшоў у Інтэрнэце. Даслаў сваю заяўку - і прайшоў у склад удзельнікаў. Цікава, што гэты конкурс адбываецца ў рамках Міжнароднага фестывалю акардэаністаў, таму яго суправаджае вялікая канцэртная праграма, дзе гучаць самыя розныя стылі. Свята ладзіцца ў невялікім венгерскім гарадку - Пакшы. Яго цэнтрам становіцца тамтэйшы Палац культуры. І тое, што такі буйны форум праводзіцца ў маленькім гарадку, вельмі сімптаматычна для еўрапейскіх краін, бо падобныя фестывалі збіраюць масу турыстаў і прыхільнікаў музыкі з усяго свету. Увогуле, акардэон апошнім часам у Еўропе - адзін з самых папулярных, запатрабаваных і любімых інструментаў. Ён вельмі шырока выкарыстоўваецца на эстрадзе - і сольна, і ансамблева, і ў спалучэнні з іншымі інструментамі. На ім цудоўна гучыць эстрадная музыка. І, адпаведна, для яго ствараецца не толькі безліч разнастайных пералажэнняў, як гэта робіцца ў нас, але і мноства арыгінальных твораў...

Дзмітрый Міроненка ведае, пра што гаворыць. Скончыўшы Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і магістратуру пры ёй па класе Мікалая Сеўрукова, а потым і аспірантуру, ён працягвае самаўдасканаленне. Штогод свае летнія вакацыі імкнецца спалучыць то з удзелам у майстар-класах, то з гастрольным турам па Еўропе, то, як сёлета, з удзелам у фестывалі ці конкурсе. А набытыя ў такіх паездках вопыт і шматлікія ўражанні маладога музыканта могуць служыць штуршком для роздумe. Сапраўды, калі ахоп малых гарадоў фестывальным рухам распаўсюджаны і ў Беларусі, дык новых нацыянальных твораў для акардэона нам відавочна бракуе. Вось і Д.Міроненка: выконваў на конкурсе найвіртуозныя творы рускай і польскай класікі - С.Рахманінава і М.Машкоўскага. Беларускія ж кампазітары, на жаль, пакуль абыходзяць акардэон той увагай, якой ён заслугоўвае. Але гэта - тэма для асобнай размовы.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"