Курсам на Галандыю

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

“Нешчаслівы” дзень 13 верасня стаў шчаслівым для 11-гадовага мінчука Алёшы Жыгалковіча: позна ўвечары высветлілася, што менавіта ён будзе прадстаўляць нашу краіну на Міжнародным дзіцячым конкурсе песні “Еўрабачанне — 2007”, які адбудзецца 8 снежня ў Ратэрдаме (Галандыя). Гэтае рашэнне, прынятае беларускімі гледачамі і прафесійным журы на чале з народным артыстам краіны Васілём Раінчыкам, стала вынікам правядзення Рэспубліканскага дзіцячага конкурсу “Песня для “Еўрабачання”, фінальны гала-канцэрт якога прайшоў у Летнім амфітэатры ў Віцебску і трансліраваўся Беларускім тэлебачаннем.

 /i/content/pi/cult/129/619/Eurabachanne.jpg
І не толькі гэта было ўпершыню. Гала-канцэрт таксама
меў сюрпрызы: яго гасцямі былі ўдзельнікі “Еўрабачання” розных гадоў — ад нашых Вольгі Сацюк, Ягора Ваўчка, Ксені Сітнік і Андрэя Кунца, якія спявалі і паасобку, і квартэтам, да Веркі Сярдзючкі, якая ледзь паспела з самалёта “на баль”.
Элементы тэатралізацыі былі звязаны з ператварэннем сцэны ў “паруснік” і візітам “капітана”, які павязе пераможцу ў Галандыю. Дый галасаванне тэлегледачоў на гэты раз (таксама ўпершыню!) адбывалася як на міжнародным “Еўрабачанні”, толькі ў ролі “краін” выступалі шэсць абласцей Беларусі, кожная з якіх выстаўляла свае балы кожнаму з дзесяці ўдзельнікаў.Вось толькі званкі, у адрозненне ад міжнародных “еўрабачанных” стандартаў, былі бясплатныя.
Асабіста я, прызнаюся, аддала свой голас за 13-гадовага Мікіту Журовіча з Лельчыц. Закранула мяне яго прыродная музычнасць, абсалютна ідэальнае інтаніраванне, нарэшце, джазавая песня “Акварэль”, выкананая з тонкім адценнем камернага музіцыравання (Не зусім зразумела, праўда, за што мы ўвогуле галасавалі: ці за песні, створаныя, паводле конкурсных умоў, самімі дзецьмі, ці, як заклікалі вядучыя, за “самага галасістага ўдзельніка”.).
Мікіта, безумоўна, вельмі таленавіты хлопчык, таму, трэба спадзявацца, ён яшчэ заявіць пра сябе. Увогуле, кожны з дзесяці фіналістаў меў сваю “разыначку”. Відавочна, што на працягу апошніх гадоў вядзецца вялікая праца па выяўленні адораных дзяцей і іх далейшай падрыхтоўцы. Дый тое, як выглядаў кожны песенны нумар, як ён быў аформлены відовішчна, сцэнічна і харэаграфічна, уражвала прафесійным падыходам.
Але большасць глядацкіх галасоў і адзін бал перавагі Журы атрымаў Алёша Жыгалковіч — вучань 6-га класа мінскай СШ №161, выхаванец студыі Пятра Ялфімава ў Маладзёжным тэатры эстрады. Вядома ж, спрацавала і яго куды большая, у параўнанні з астатнімі ўдзельнікамі, папулярнасць. Спачатку пра яго загаварылі, калі ён стаў лаўрэатам песеннага тэлеконкурсу ў Італіі, потым — калі летась атрымаў Другую прэмію на “Славянскім базары ў Віцебску”. Да таго ж, ён адзін з выканаўцаў ролі Трубадура-малодшага ў спектаклі Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра. Будзем спадзявацца, што такая багатая сцэнічная практыка дапаможа яму ў Галандыі, куды ён паедзе “З сябрамі” — так красамоўна называецца яго песня. А за тыя два з паловай месяцы, што засталіся да “Еўрабачання”, ён яшчэ больш удасканаліць сваё выступленне і, у прыватнасці, інтаніраванне. Ну, а тэмпераменту яму не займаць: у адпаведнасці са сваім прозвішчам, ён быццам бы жыве ў тэмпе жыгі — хуткага “матроскага” танца.

Надзея БУНЦЭВІЧ

На здымку: Аляксей
Жыгалковіч.
Фота Аляксандра ХІТРОВА, БелТА