Мікалай Набокаў, ураджэнец Любчы, - стрыечны брат пісьменніка Уладзіміра Набокава, сваяк СвятаполкМірскіх, якія да 1939 года валодалі Мірскім замкам, быў вядомым кампазітарам, аўтарам першага амерыканскага балета, музыкі да балетаў, пастаўленых Рускім балетам Монтэ-Карла ў рамках "Рускіх сезонаў" Сяргея Дзягілева. Ён напісаў шэраг араторый, сімфанічных твораў, фартэпіянных п'ес.
У рамках фестывалю пройдуць канцэрты музыкі Набокава ў выкананні вядомых беларускіх музыкантаў, а таксама адбудзецца дэманстрацыя відэафільмаў, прысвечаных жыццю і творчасці кампазітара.
Для ўдзелу ў форуме ў якасці ганаровых гасцей запрошаны княгіня Ірэна Антуанэта Станіслава і Марыя Святаполк-Мірскія, прамыя нашчадкі славутага роду, а таксама дачка Ірэны Антуанэты Станіславы Алівія Фуртвэнглер з мужам.
Нагадаем, на нядаўнім рэдакцыйным "круглым стале" "Суверэнітэт, творца, перспектывы" (гл. "К" № 27 за 2011 г.), сярод іншых тэм, узнімалася пытанне стварэння адметнага культуралагічнага асяроддзя ў тых самых Міры і Любчы, згадвалася таксама імя Мікалая Набокава. Як бачым, ініцыятывы ў хуткім часе займеюць рэальныя абрысы.