З днём нараджэння, Нацыянальная бібліятэка!

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

Штогод на пачатку верасня ў Беларусі адзначаецца шэраг святаў, звязаных з культурай: Дзень ведаў, Дзень беларускага пісьменства, Дзень бібліятэк… Сёлета свята ўсіх бібліятэкараў супала з 85-гадовым юбілеем Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

На наладжанай з гэтай нагоды прэс-канферэнцыі дырэктар НББ Раман Матульскі заўважыў, што “наша бібліятэка — унікальная ўстанова, аналагаў якой няма ў свеце”, і ўдакладніў, што гэтай жа думкі прытрымліваюцца і “калегі з-за мяжы”. На будынак НББ ускладзена некалькі асноўных функцый: інфармацыйная, сацыякультурная і сацыяпалітычная. Па сутнасці, гэта тры аб’екты, якія знаходзяцца пад адным дахам.Інфармацыйны рэсурс бібліятэкі складае звыш 8,4 мільёнаў адзінак захоўвання на розных носьбітах.
Бібліятэка стала прэстыжным месцам для правядзення шматлікіх выставак і прэзентацый. Напрыклад, 11 верасня адкрылася кніжная выстаўка “Нацыянальная бібліятэка ў сусветнай інфармацыйнай прасторы”.А ў Музеі кнігі ў гэты ж дзень пачала працаваць экспазіцыя “Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Вехі гісторыі”.
Апроч гэтага, на тэрыторыі бібліятэкі, у зале міжнародных сустрэч і самітаў, праводзяцца мерапрыемствы на вышэйшым узроўні. Наяўнасць Прэзідэнт-цэнтра дазваляе арганізоўваць візіты ў Беларусь высокапастаўленых асоб з іншых краін свету. З пачатку года адбылося ўжо 25 такіх сустрэч.
На прэс-канферэнцыі таксама выступіў намеснік міністра культуры Валерый Гедройц, запыніўшыся на стане бібліятэчнай справы ў нашай краіне. Ён зазначыў, што ў Беларусі на 2000 чалавек прыходзіцца адна бібліятэка — гэта адпавядае крытэрыям, распрацаваным ЮНЕСКО. Па гэтым паказчыку Беларусь знаходзіцца на адным з першых месцаў сярод дзяржаў постсавецкай прасторы.Распрацоўваецца Закон “Аб абавязковым экзэмпляры бібліятэчнай літаратуры”, які будзе патрабаваць, каб выдаўцы своечасова накіроўвалі ў шэраг буйнейшых кнігасховішчаў асобнікі сваёй прадукцыі.
Закрануў В.Гедройц і некаторыя бібліятэчныя праблемы. Галоўная з іх — забеспячэнне прафесійнымі кадрамі. Пакуль што ў бібліятэках краіны, асабліва сельскіх, не хапае спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй.
Нялёгка ідзе і ўкараненне новых тэхналогій. Нягледзячы на тое, што поўная камп’ютэрызацыя сельскіх бібліятэк выканана ўжо на 40%, новыя тэхналогіі, па словах В.Гедройца, “не выкарыстоўваюцца належным чынам”. З мэтай павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў у бліжэйшы час сярод бібліятэкараў будзе праведзены спецыяльны конкурс.
Матэрыяльная база таксама пакуль пакідае жадаць лепшага. Частка сельскіх і нават гарадскіх бібліятэк размяшчаецца ў памяшканнях, не прыдатных для захоўвання кніг.
Засталіся яшчэ і населеныя пункты, гаварыў В.Гедройц, у якіх няма бібліятэк. Іх жыхароў забяспечваюць кнігамі спецыяльныя бібліобусы, якія дастаўляюць патрэбную літаратуру ў аддаленыя рэгіёны. Людзям з абмежаванымі магчымасцямі прапануецца паслуга “кніганоша”, калі супрацоўнікі бібліятэкі прыносяць замоўленыя выданні чытачу на дом.

Ягор МАРЦІНОВІЧ