Ні з чым не параўнальны досвед

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

85 гадоў налічвае летапіс Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Гэта — з дня заснавання колішняй “Ленінкі” 15 верасня 1922 года. Ды апошнія пяць гадоў — гэта ўжо новая гісторыя бібліятэкі: акурат столькі мінула з моманту падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам Указа аб узвядзенні для галоўнай бібліятэкі краіны унікальнага будынка-”дыямента”. Пасля наваселля, якое адбылося ў чэрвені мінулага года, пачаўся якасна новы адлік яе працы. Гэта і стала тэмай інтэрв’ю “К” з дырэктарам Нацыянальнай бібліятэкі, доктарам педагагічных навук, прафесарам Раманам МАТУЛЬСКІМ.

 /i/content/pi/cult/129/617/Dosved.jpg
— Як вы лічыце, Раман Сцяпанавіч, ці можна сказаць, што па інтэнсіўнасці пераўтварэнняў, па інфармацыйнай насычанасці той перыяд, які Нацыянальная бібліятэка прайшла за час узвядзення і асваення
новага будынка, фактычна роўны або нават і пераўзыходзіць папярэдні, 80-гадовы адрэзак яе гісторыі?
— Я б не сказаў, што наша апошняе пяцігоддзе варта супрацьпастаўляць усёй папярэдняй гісторыі Нацыянальнай бібліятэкі, хоць сапраўды той шлях, які яна прайшла з 2002 года, быў вельмі няпросты, напружаны і інтэнсіўны. Але любая справа добрая вынікам, і гэтыя 5 гадоў напружанай працы ўсяго калектыву далі плён: цяпер мы бачым цалкам новую, унікальную, незвычайную бібліятэку.
Звяртаючыся ж да мінулага, хачу адзначыць, што “лёгкага жыцця” ў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ніколі не было, бо яе гісторыя неразрыўна звязана з гісторыяй нашай краіны. У гады станаўлення БССР фарміраванне яе галоўнай бібліятэкі давялося пачынаць фактычна з нуля. У 1930-ыя асваенне пабудаванага для яе будынка таксама выклікала пэўныя цяжкасці, як мы можам цяпер меркаваць, зыходзячы з тагачасных дакументаў. І ні з чым нельга параўнаць ваенныя і пасляваенныя гады, калі бібліятэка пераадолела велізарныя цяжкасці і яе калектыў здзейсніў сапраўдны подзвіг.
Вялікае бачыцца на адлегласці. Няхай нашчадкі ацэняць тую пяцігодку, якую мы толькі што пражылі.
— Ужо больш за год мінула ад урачыстага адкрыцця Нацыянальнай бібліятэкі. Пэўна, можна падсумаваць пэўныя вынікі… Ці з’явіліся за гэты час аддзелы, сектары, якіх першапачаткова не планавалі?
— Паколькі бібліятэка ўзнавіла сваю працу адразу пасля пераезду, літаральна “з колаў”, толькі тады сталі бачны патэнцыяльныя магчымасці і перспектывы будынка-дыямента. Канешне, мы супрацоўнічалі з праекціроўшчыкамі, з будаўнікамі. І тым не менш, толькі пасля набыцця абсталявання, наладкі праграмнага забеспячэння, калі выбудаваўся тэхналагічны ланцужок, стала магчыма казаць пра канчатковае вызначэнне структуры Нацыянальнай бібліятэкі. Аднак чаго мы не прадбачылі, што сталася поўнай нечаканасцю, дык гэта — такі велізарны інтарэс да новай бібліятэкі. І давялося стварыць структурнае падраздзяленне, якое займаецца экскурсійнай дзейнасцю. Каля 100 тысяч турыстаў прыняла ўжо Нацыянальная бібліятэка.
— А калі казаць аб тэхналагічных працэсах?
— Усе тэхналогіі, якімі мы зараз карыстаемся, — найновыя, і яны пастаянна ўдасканальваюцца. Досвед працы такой буйной установы мы не маглі запазычыць ні ў кога ў свеце, ён мае свае асаблівасці, свае нюансы. Былі моманты, калі нас падсцерагалі цяжкасці, аб якіх мы нават не здагадваліся. Але дарогу асіліць той, хто ідзе. І мы ўпэўнена ішлі сваёй дарогай, бо бачылі перад сабой галоўную мэту: кааб нашы чытачы былі задаволены. Наперадзе — апошні пускавы комплекс шосты: канчатковая наладка ўсіх інжынерных і тэхналагічных сістэм, здача ў эксплуатацыю элементаў рэтраканверсіі карткавага каталога.
— Пакуль я “падарожнічала” па Нацыянальнай бібліятэцы, рыхтуючы юбілейны рэпартаж, у мяне склалася ўражанне, што гэта не проста будынак, а цэлы складаны і шматстайны свет, горад або нават Царства Кніг.
— Так яно і ёсць! Агульная плошча Нацыянальнай бібліятэкі раўняецца чвэрці тэрыторыі адной з еўрапейскіх дзяржаў — Ватыкана.
— Скарбніца-кнігасховішча, лабірынты калідораў, вежа з агляднай пляцоўкай, чытальныя залы, галерэі, соцыякультурны цэнтр… І вы кіруеце гэтым незвычайным сусветам. Распавядзіце, калі ласка, з чаго складаюцца будні дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі?
— Лічу сябе не столькі кіраўніком, колькі жыхаром гэтага сусвету, бо адзін чалавек не можа кіраваць гэткім будынкам, гэтую справу робіць шматлікі калектыў, мае калегі і паплечнікі — людзі творчыя, неардынарныя, з якімі ў мяне ўсталяваны прафесійныя, партнёрскія стасункі. Менавіта так, мне бачыцца, найлепей шукаць магчымасці для аптымальнага, дынамічнага развіцця бібліятэкі.
А мой звычайны працоўны дзень, напэўна, падобны да будняў любога кіраўніка. Раніцу пачынаю з прагляду электроннай пошты, знаёмства з навінамі.
З 10 гадзін, калі бібліятэка адчыняецца, часцяком праходжу па чытальных залах, па калідорах — каб з пазіцыі шараговага наведвальніка ацаніць, што робіцца ў бібліятэцы, як яна выглядае, як функцыянуе. Звяртаю ўвагу на ўсё — аж да гаспадарчых дробязей, якія часам лепей заўважыцьадстаронены погляд.
Штодня ў бібліятэцы адбываецца мноства мерапрыемстваў — культурных, адукацыйных, грамадска-палітычных. Таму ўдзень, як правіла, сустракаюся з арганізатарамі і ўдзельнікамі здзяйсняемых або плануемых праектаў, а таксама з актыўнымі чытачамі, якія выказваюць свае пажаданні, прапановы ці ўдзячнасць. Часам экскурсанты проста спыняюць у калідоры, кажуць цёплыя словы пра бібліятэку, што, канешне, прыемна чуць.
Пакідаю свой кабінет бліжэй да ночы. Але паколькі я яшчэ і навуковец, знаходжу час, каб у цішы, у засяроджанасці нешта падсумаваць, напісаць.
— Давайце вернемся да калектыву Нацыянальнай бібліятэкі. Адкуль прыходзяць да вас маладыя спецыялісты і якія крытэрыі прыёму на працу ў галоўную бібліятэку краіны?
— З часу пераезду наш калектыў вельмі змяніўся — і структурна, і прафесійна. Але хочацца падкрэсліць, што ў ім працуюць людзі, якія аддалі Нацыянальнай бібліятэцы некалькі дзесяцігоддзяў. Гэта — касцяк, яны служаць для ўсіх прыкладам адданасці абранай прафесіі. А другая палова калектыву — маладыя супрацоўнікі. У гэтым ёсць свае плюсы, але і складанасці таксама, бо працоўны стаж у іх — менш за 5 гадоў, і ім трэба аддаваць багата ўвагі, каб выхаваць з іх сапраўдных бібліятэкараў. Сярод маладых спецыялістаў, якія прыйшлі да нас на працягу апошняга года-двух, — выпускнікі самых розных навучальных устаноў. Аснову кадраў, канешне, складаюць выпускнікі Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Бібліятэказнаўства і бібліяграфія”. Але мы запрасілі на працу і прадстаўнікоў шэрагу іншых спецыяльнасцей, у першую чаргу — галіны інфармацыйных тэхналогій. А менавіта — выпускнікоў БДУІР, БДУ, БНТУ.
Другі ёмісты накірунак дзейнасці— інжынерна-тэхнічная служба. Амаль 114 тысяч квадратных метраў плошчы, праз якія працягнуты дзесяткі тысяч кіламетраў усялякіх правадоў і труб, і яны таксама патрабуюць высокапрафесійных спецыялістаў. У нас працуюць таксама філолагі, гісторыкі, юрысты, эканамісты, спецыялісты ў галіне соцыякультурнай дзейнасці. Сучасная бібліятэка — універсальная ўстанова, якая ахоплівае розныя сферы.
Патрабаванні да тых, каго прымаем на працу, досыць высокія. Па дамоўленасці з ВНУ запрашаем студэнтаў 4— 5 курсаў да нас на практыку. Такім чынам, прыкмячаем тых, хто нам падыходзіць, ужо са студэнцкай лаўкі. Прыглядаемся да здольнасцей, талентаў, жадання навучацца. Як мінімум два гады маладыя спецыялісты праходзяць прафесійную адаптацыю непасрэдна да патрабаванняў, тэхналогій і іншых асаблівасцей Нацыянальнай бібліятэкі.Калі ж казаць пра спецыялістаў з пэўным працоўным стажам, яны павінны мець вышэйшую адукацыю па вызначаным профілі. Маем патрэбу ў работніках з веданнем некалькіх замежных моў у спалучэнні з высокім узроўнем валодання камп’ютэрам, арыентацыяй у сусветнай інфармацыйнай прасторы.
— Тое, што праводзіцца ў юбілей Нацыянальнай бібліятэкі для наведвальнікаў, відавочна для ўсіх. А як адзначаць свята самі яе супрацоўнікі?
— На агульным сходзе мы вылучылі найбольш дастойных членаў калектыву, тых, якія зрабілі ўнёсак у развіццё Нацыянальнай бібліятэкі, аддаўшы гэтай справе душу і многія гады. Яны атрымаюць узнагароды Міністэрства культуры. Для нас стала прыемнай нечаканасцю тое, што і іншыя міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, з якімі мы актыўна супрацоўнічаем, таксама ўнеслі прапановы аб заахвочванні нашых работнікаў.З 14 па 15 верасня ў бібліятэцы праходзіць міжнародны “круглы стол” на тэму “Новыя тэхналогіі ў абслугоўванні наведвальнікаў “ з удзелам нашых калег з буйнейшых бібліятэк Беларусі, бліжняга і дальняга замежжа.
А ў нядзелю вялізны калектыў бібліятэкі зробіць выезд на спартыўную базу “Алімпіец”, дзе правядзе карпаратыўнае культурна-спартыўнае свята. І ўвогуле час ад часу збірацца разам у вольны дзень, радаваць адзін аднаго сваімі талентамі — наша даўняя добрая традыцыя.
— Якія яшчэ традыцыі “перайшлі” са старога будынка ў новы?
— Ведаеце, бібліятэкі моцныя стабільнасцю. Таму іх жыццё можна назваць традыцыйным. Наша галоўная задача — захоўваць інтэлектуальны скарб нацыі. Таму самая галоўная наша традыцыя — любіць, шанаваць і берагчы Нацыянальную бібліятэку і рабіць усё на яе карысць, падтрымліваць пераемнасць бібліятэчнай справы.
— Большасць чытачоў Нацыянальнай бібліятэкі студэнты і выкладчыкі. Што новага рыхтуе для іх бібліятэка ў гэтым навучальным годзе?
— Мы правялі падпіску на наступны год на лепшыя навуковыя і перыядычныя выданні з усёй сусветнай плыні, адабралі найбольш запатрабаваныя базы даных. Таму пастараемся прадаставіць маладым чытачам аптымальны выбар інфармацыйных рэсурсаў. А на гэтым тыдні ў бібліятэцы адбыўся “круглы стол” з удзелам міністэрстваў адукацыі Беларусі і Расіі па пытаннях развіцця адукацыйна-інфармацыйнага асяроддзя, сярод іх і такога, як праз нашу бібліятэку падключыцца да інфармацыйных рэсурсаў буйнейшых ВНУ абедзвюх краін. Адзіная інфармацыйная прастора павінна стаць рэальнасцю, даступнай чытачам.
— Дзякуй за размову. Са святам вас!

Гутарыла Святлана ІШЧАНКА