Выстаўка Васіля Касцючэнкі "Знак Вады" працуе ў сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Творца асэнсоўвае ролю гэтай субстанцыі ў жыцці чалавека.
Жывапісныя палотны мастака поўныя блакіту. Людзі п'юць, мыюцца, атрымліваюць асалоду ад купання - усё гэта выглядае як ачышчэнне, пазбаўленне ад бруду, тлуму, жорсткасці. Вочы ці не кожнага героя на карцінах - такога ж чыстага колеру. Нягледзячы на яркую палітру творцы, ягоную любоў да палаючага чырвонага тону, творы напоўнены спакоем, медытатыўнасцю.
Васіль Касцючэнка стварыў дадзены арт-праект з думкамі пра тое, што вада, як і наша жыццё, - непрадказальная, поўная гармоніі і хаосу. Найлепш гэтая ідэя выяўляецца ў пейзажах мастака. Бы мазаіка, складваецца незвычайнае палатно з імгненняў жыцця вёскі, пейзажы расквечваюцца светлымі і цёмнымі сполахамі. Прырода жыве, свет набывае новыя рысы дзякуючы фантазіі творцы.
Добра ўдаюцца мастаку і нацюрморты, хоць яны і выбіваюцца з яго ўласнага, пазнавальнага, стылю. Васіль Касцючэнка адыходзіць ад канонаў, што ўласцівыя выяўленню некаторых тэм ("Велікодны нацюрморт"), ён можа быць загадкавым і непаўторным.