У Малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва завяршаецца выстаўка керамікі "Актуальная форма". Шасцёра сталых і маладых аўтараў прадставілі свае найноўшыя творы.
Ганна Апалайка, Аляксандра Дзятлава, Кацярына Шэйна, Леанід Трацэўскі, Ганна Амбросава і Алесь Костка прынялі ўдзел у гэтым праекце. Калі заходзіш у экспазіцыйнае памяшканне, адразу адчуваеш нестандартнасць мыслення творцаў і адзінства ўсёй выстаўкі. Кожны эксперымент з гліны ўдала ўпісваецца ў яе канцэпцыю: усе элементы формы вызначаюць змест твора, яго сэнс.
Кампазіцыя "Мядзведзь" Кацярыны Шэйна звяртае ўвагу на тое, што знешні выгляд можа быць значна п р а с ц е й шым за ўнутраную складанасць. "Эфект вады" Алеся Косткі дэманструе метамарфозы - з простага кавалка дрэва да аб'екта мастацтва. Адным з самых дасканалых з'яўляецца работа Аляксандры Дзятлавай "Блюда", якая можа лічыцца не толькі ўпрыгожаннем галерэі, але і інтэр'ера дома.
Усе аўтары скончылі ВНУ культуры і мастацтва і сёння актыўна займаюцца выставачнай, а некаторыя - і выкладчыцкай дзейнасцю.