Стартавая пляцоўка — Мінск

№ 37 (803) 15.09.2007 - 21.09.2007 г

У планах Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета — праект “Дарога вялікіх музыкантаў”, што пройдзе праз Маскву, Мінск, Брэст, Варшаву, Берлін, Бон, Парыж і Лондан, аднаўляючы гастрольныя шляхі ў Еўропу такіх геніяў ХХ стагоддзя, як Святаслаў Рыхтар, Леанід Коган, Эміль Гілельс, Мсціслаў Растраповіч. Стартавай (а на сённяшні дзень увогуле асноўнай) пляцоўкай фестывалю Юрыя Башмета з’яўляецца Мінск.

 /i/content/pi/cult/129/616/Bashmet.jpg
Арганізатарамі свята выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Мінгарвыканкам,
Палац Рэспублікі. А ідэя яго правядзення належыць маладому беларускаму піяністу Расціславу Крымеру, які прадоўжыў адукацыю ў Кёльне і Лондане: менавіта ён прызначаны дырэктарам і мастацкім кіраўніком фестывалю.
Як заўважыў на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Міхаіл Казловіч, у параўнанні з першым такім фестывалем, што адбыўся год таму, праграма цяперашняга пашырана не толькі геаграфіяй яго правядзення, але і колькасцю ўдзельнікаў, і, галоўнае, сваёй канцэпцыяй. Фестываль уключаны ў Праграму развіцця і захавання культуры Беларусі да 2010 года, у яго вялікая будучыня.
Яшчэ адной адметнасцю фестывалю з’яўляецца яго фінансавы бок. Дзяржаўныя сродкі складаюць толькі трэцюю частку каштарысу, астатнія выдаткі прыпадаюць на долю спонсараў. Такая новая схема працы, адзначыў М.Казловіч, мае свае складанасці, але з’яўляецца вельмі перспектыўнай.
Фестываль адкрыецца ўвечары 17 верасня канцэртам у Палацы Рэспублікі. Але для маладых беларускіх музыкантаў ён пачнецца на некалькі гадзін раней: удзень у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбудуцца майстар-класы па фартэпіяна і габоі, якія правядуць прафесар В.Лабанаў (Германія) і лаўрэат міжнародных конкурсаў А.Агрынчук (Галандыя). “Майстар-класы” музыкантаў Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі, які выступіць у канцэрце адкрыцця, пачаліся яшчэ 11 верасня, калі адбылася першая рэпетыцыя з запрошаным на фестываль галоўным дырыжорам Бетховенскага сімфанічнага аркестра Бона Раманам Кофманам.
Усяго ў фестывалі задзейнічаны тры нашы вядучыя сімфанічныя калектывы (акрамя філарманічнага, яшчэ Прэзідэнцкі аркестр РБ і аркестр Беларускай оперы), а таксама два з Расіі (камерны ансамбль “Салісты Масквы” і аркестр “Новая Расія”). Суквецце ж салістаў уразіць як знаўцаў, так і самую шырокую публіку: Юрый Башмет, Гідон Крэмер, Віктар Траццякоў, Ігар Бутман, лаўрэаты апошніх конкурсаў імя М.Растраповіча ў Парыжы, імя Я.Сібеліуса ў Хельсінкі, імя П.Чайкоўскага ў Маскве. Адбудзецца і сусветная прэм’ера твора беларускага кампазітара Г.Гарэлавай. Завершыцца ж беларуская частка фестывалю 23 верасня — праграмай “Класіка сустракае джаз” у Летнім амфітэатры ў Віцебску.

Надзея БУНЦЭВІЧ