Канікулы ў Анапе

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Сёлета расійская Анапа прыме чарговы, шосты па ліку, Фестываль Саюзнай дзяржавы “Творчасць юных”. Ён пройдзе з 19 па 25 жніўня.

Каля 200 дзяцей з Беларусі і Расіі ва ўзросце ад 10 да 18 гадоў, якія прайшлі адборачныя туры ў сваіх краінах, прыедуць на знакаміты курорт. Пра гэта паведамляе прэс-служба Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Фестываль "Творчасць юных" раскрывае разнастайнасць дзіцячых талентаў і служыць стымулам для фарміравання спрыяльных умоў развіцця творчага патэнцыялу дзяцей. Штогод фестываль збірае юных музыкантаў, акцёраў, спевакоў, акрабатаў, танцораў, якія прадстаўляюць самыя розныя жанры мастацтва.

З бюджэту Саюзнай дзяржавы на правядзенне форуму, заснавальнікамі якога выступаюць Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы і Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, выдаткавана сума ў 10 мільёнаў расійскіх рублёў.

Парламенцкім сходам заснаваны два прызы для ўдзельнікаў фестывальных праграм. Па завяршэнні конкурсаў спецыяльныя прызы і дыпломы будуць уручаны лепшым калектывам з Беларусі і Расіі.