“Адзенне” для партрэта Песняра

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

У экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы пасля рэстаўрацыі з’явіўся ўнікальны экспанат — першы партрэт Песняра, напісаны ў 1921 годзе.

/i/content/pi/cult/335/6147/2-1.jpg

 

Як распавядае "К" дырэктар музея Алена Мацевасян, мастак Дзмітрый Полазаў у 1920-я жыў на адной з мінскіх вуліц побач з археолагам Мікалаем Шкляевым і пісьменнікам Янкам Купалам. Не проста жылі побач, але і сябравалі. Дарэчы, менавіта Купала стаў адным з ініцыятараў фарміравання творчай экспедыцыі для папаўнення фондаў Беларускага нацыянальнага музея.

 Для першай выстаўкі работ мінскіх мастакоў Дзмітрый Полазаў стварае аж тры партрэты Песняра. У сярэдзіне 1920-х мастак пераязджае ў Ленінград. З купалаўскімі партрэтамі не развітваецца нават пад час блакады. "Не прадаў, не абмяняў ні на якія прадукты харчавання,- распавядае галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Надзея Саевіч. - Бярог як зрэнку вока..."

 Пасля вайны не без падтрымкі Мікалая Шкляева Полазаў піша ўдаве Песняра Уладзіславе Францаўне, што гатовы вярнуць адрэстаўраваныя ў Эрмітажы партрэты ў Мінск, але іх трэба "апрануць" у рамы і ўзяць пад шкло.

Сёння адзін з партрэтаў знаходзіцца ў існуючай экспазіцыі, другі, дзе Купала - на фоне беларускіх краявідаў,- чакае рэстаўрацыі. Трэці - адрэстаўраваны (гэтым разам - у нашым Нацыянальным мастацкім музеі) і "апрануты" так, як 60 гадоў таму хацеў гэтага Дзмітрый Полазаў. Менавіта дадзены партрэт і ўпрыгожыў новую музейную экспазіцыю. Ён - у шыкоўнай раме і пад шклом, што не блікуе.


 Фота Юрыя ІВАНОВА