Законапраект — у другім чытанні

№ 32 (1003) 06.08.2011 - 13.08.2011 г

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, заслужаная артыстка Беларусі Святлана Сухавей пракаменціравала для “К” падрыхтоўку да прыняцця ў другім чытанні законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб культуры”.

 

Законапраект унесены ў Палату прадстаўнікоў у сувязі з выкананнем Даручэння, прадугледжанага Указам Прэзідэнта краіны ад 19 кастрычніка 2010 г. "Аб правядзенні культурна-відовішчных мерапрыемстваў". Па словах дэпутата, для прывядзення ў адпаведнасць шэрагу іншых заканадаўчых актаў прапаноўваецца замяніць назву "гастрольна-канцэртная дзейнасць" на "культурна-відовішчныя мерапрыемствы". У стадыі распрацоўкі знаходзіцца дакладнае значэнне яшчэ аднаго кірунку творчай дзейнасці - "культурны праект". З'явіцца новая трактоўка і для тэрміна "культурнае мерапрыемства". Новая рэдакцыя дазволіць аператыўна карэкціраваць заканадаўства ў сферы культуры.

Змяніліся артыкулы Закону, што тычацца дзейнасці творчых калектываў. Па словах Святланы Сухавей, права прысвойваць ім званні належыць Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь.

Асноўнай мэтай законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон аб кінематаграфіі з'яўляецца стымуляванне развіцця айчыннай кінавытворчасці. Мяркуецца прыцягненне ў гэтую сферу і прыватнага капіталу.

Закон аб культуры, пераканана Святлана Сухавей, будзе ўдасканальвацца і надалей. Па яе словах, гэтага ж меркавання прытрымліваецца і Міністэрства культуры краіны.

Наш кар.