Першая нота

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Беларуская дыпламатыя мае багатую гісторыю. Гэта чарговы раз засведчылі вынікі плённай працы даследчыкаў гісторыка-архіўнага аддзела Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, намаганнямі якіх была створана выстаўка арыгіналаў дакументаў 90-гадовай даўніны, непасрэдна звязаных з развіццём айчыннай дыпламатыі.

Тэматычная экспазіцыя ў будынку МЗС прысвечана 90-годдзю з часу ўтварэння Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры СНК РСФСР, што лічыцца першым дыпламатычным прадстаўніцтвам нашай рэспублікі за мяжой, а таксама - зацвярджэння Палажэння аб Народным камісарыяце па замежных справах БССР. На выстаўцы прадстаўлена каля 1,5 тысячы каштоўных для айчыннай гісторыі дакументаў, многія з якіх былі рассакрэчаны толькі ў 1990-х.

У прыватнасці, у межах экспазіцыйнага праекта прэзентаваны дакументы аб падпісанні Рыжскага мірнага дагавора, першая самастойная нота Народнага камісарыята, а таксама першыя беларускія замежныя пашпарты. Частка з прадстаўленых дакументаў захоўваецца непасрэдна ў архіве Міністэрства замежных спраў нашай краіны. Акрамя таго, асобныя матэрыялы прадастаўлены ў часовае карыстанне Дзяржаўнай архіўнай службай.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"