Тэматычная экспазіцыя ў будынку МЗС прысвечана 90-годдзю з часу ўтварэння Паўнамоцнага прадстаўніцтва БССР пры СНК РСФСР, што лічыцца першым дыпламатычным прадстаўніцтвам нашай рэспублікі за мяжой, а таксама - зацвярджэння Палажэння аб Народным камісарыяце па замежных справах БССР. На выстаўцы прадстаўлена каля 1,5 тысячы каштоўных для айчыннай гісторыі дакументаў, многія з якіх былі рассакрэчаны толькі ў 1990-х.
У прыватнасці, у межах экспазіцыйнага праекта прэзентаваны дакументы аб падпісанні Рыжскага мірнага дагавора, першая самастойная нота Народнага камісарыята, а таксама першыя беларускія замежныя пашпарты. Частка з прадстаўленых дакументаў захоўваецца непасрэдна ў архіве Міністэрства замежных спраў нашай краіны. Акрамя таго, асобныя матэрыялы прадастаўлены ў часовае карыстанне Дзяржаўнай архіўнай службай.