Міністр культуры краіны Павел Латушка агучыў радкі з Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 3 чэрвеня 2011 года № 226:
- За шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм узнагародзіць Юрчанкова Пятра Пятровіча, вядучага майстра сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" званнем "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь".
Міністр культуры, звяртаючыся да Пятра Пятровіча, адзначыў, што з дзяцінства памятае фільмы з яго удзелам - "Дзяржаўная мяжа" і "Час выбраў нас". "Ваш вобраз заўсёды стаяў у мяне перад вачыма, - дадае Павел Латушка, - гэта ўнікальна выкананыя ролі. У нашым кінематографе было мала роляў, якія б акцёр тэатра і кіно іграў так неверагодна таленавіта. Я сапраўды шчаслівы, што маю гонар уручыць вам такую высокую дзяржаўную ўзнагароду... Дзякуй вам вялікі, што вы ёсць, і- чакаем на сцэне!"
Генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч таксама павіншаваў творцу: "Кінастудыя як бацька ці маці Тэатра-студыі кінаакцёра вельмі ганарыцца вамі. Любоў гледачоў у вас ёсць, неабходна толькі, каб узнагароды знаходзілі вас, асабліва ў той час, калі яны вельмі важныя і патрэбныя".
На здымках: Пётр Юрчанкоў побач з жонкай Лідзіяй Мардачовай ды актрысай Святланай Сухавей.