Багатыя таксама плачуць

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

У сучасных рэаліях выраз, вынесены ў назву, ужо не проста згадка пра адзін з першых паказаных на постсавецкай прасторы тэлесерыялаў, а папраўдзе цэлы “жанр”, што захапіў глядацкае ўспрыняцце не толькі на тэлеэкранах, але нават і ў тэатрах. І можна толькі пазайздросціць таму, з якім пастаянствам людзей цягне паназіраць за пакутамі ўладальнікаў “блакітнай крыві”. Вось і новы спектакль Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага “Леў зімой” арыентаваны акурат на гэтую катэгорыю прыхільнікаў “серыяльнага” мыслення і ўспрыняцця.

/i/content/pi/cult/334/6120/pic_25.jpgНекаторы час таму, калі горкаўцы яшчэ толькі пачыналі працу над гэтай пастаноўкай, кінарэжысёр Уладзімір Арлоў у адной з нашых размоў адзначыў цікавую тэндэнцыю рэпертуарнай палітыкі калектыву ў апошнія гады і пастаноўку на сваёй сцэне твораў, што ў розныя часы зазналі поспех на кінаэкране. "Разам з маёй "Ніначкай", - сказаў ён тады, - "Леў зімой" стане ўжо дзявятым "фільмам" на сцэне Рускага тэатра", згадваючы, натуральна, і стужку Андрэя Канчалоўскага, і больш ранні фільм Энтані Харві. Ды толькі было б несправядліва ў дачыненні да новай прэм'еры горкаўцаў абіраць спосаб параўнання яе з кінашэдэўрамі: не думаю, што рэжысёр Валянціна Еранькова ставіла сабе за мэту паспаборнічаць з імі. Ды і тая тэндэнцыя, якая ў мінулым стагоддзі была ў многіх выпадках слушнай, калі, прыкладам, кнігі перачытваліся для таго, каб "параўнаць" іх з кінаверсіяй, сёння сталася неактуальнай (выключэннем з'яўляецца хіба што "Гары Потар"). Эфект суаднясення ўзнікае "неспецыяльна" і толькі ў тых гледачоў, для якіх у свой час фільмы сталі адкрыццём і ўзрушэннем. Іншая справа, што прафесіяналы ад тэатра ў гэтай тэндэнцыі могуць расшыфраваць другую - спробы тэатра ажывіць уласнае існаванне і шырокі інтарэс да сябе за кошт прыцягнення на сцэну кінематаграфічных "сакрэтаў" і прыёмаў, забываючыся, аднак, што кінематаграфічныя мантаж і змена планаў на сцэне немагчымыя, і не столькі з тэхнічнага боку (гэта якраз паддаецца "карэкціроўцы"), колькі з арганічнага, таму што яны супярэчаць прыродзе тэатральнага мастацтва як "жыцця чалавечага духу". Жыццё гэтае, як аказваецца, не "зманціруеш" - атрымліваецца куртата і непраўдападобна.

Няхай прабачаць чытачы за такія доўгія "подступы" да спектакля, аднак мне падаецца важным паставіць акурат гэтае, актуальнае ва ўсе часы, а ў наш - асабліва, пытанне аб рэпертуарнай палітыцы: з якой унутранай мэтай рэжысёр і тэатр абіраюць той або іншы твор? Што яны хочуць сказаць гледачам у зале? Як ні дзіўна, гэтыя "банальныя" пытанні не страчваюць сваёй актуальнасці цягам стагоддзяў і нават тысячагоддзяў: у чаканні тэатральнага дыялога гэтак важна кожнаму з бакоў разумець, пра што ж будзе ісці гаворка, на развагі аб чым нас справакуе спектакль. І вось да гэтай думкі ў пастаноўцы "Леў зімой" даводзілася прадзірацца скрозь рэжысёрскія "зараснікі" цягам усіх трох гадзін сцэнічнага часу, губляючыся ў здагадках: ці правільна я зразумела ўбачанае і пачутае?

Цалкам усведамляю рэжысёрскі інтарэс Валянціны Ераньковай да п'есы Джэймса Голдмэна: яна ўяўляе з сябе ўдалы пазл-камплект, дзе сабраны самыя распаўсюджаныя і эфектныя тэатральныя "мадэлі"-дэталі, што адсылаюць нас да многіх агульнакультурных архетыпаў. І, здаецца, перад рэжысёрам, бы перад віцязем на раздарожжы, стаіць толькі адна задача: выбраць шлях, якім ён пойдзе далей. Для Валянціны Ераньковай акурат гэтая задача аказваецца цяжкай: па-жаночы акуратна, ёй не хочацца "ўпускаць" ніводную з ліній-сцяжынак, "накіданых" аўтарам. У выніку гэтага і сама сцэнічная дзея нагадвае спробу "зрасціць" мноства гісторый, звязаных агульнымі дзейнымі асобамі, у адно цэласнае палатно.

Яшчэ адна задача, якая так, падаецца, і не скарылася рэжысёру,- расказаць, што ж за людзі паўсталі перад намі? Хто яны - гэтыя каралі, і чым адрозніваюцца (калі адрозніваюцца) ад простых смяротных? Дыялектыка, правакацыйна закладзеная самім драматургам, прывяла да таго, што ў выніку аўтарскі тэкст уступіў у канфлікт з рэжысёрскім бачаннем спектакля. Уся "гульня" - выбар паміж чалавечымі пачуццямі і ўчынкамі, падпарадкаванымі абавязку манархаў-уладароў, якая адсылае да мадэлей драматургічнай пабудовы дашэкспіраўскага часу, у спектаклі ўніфікавалася да дэманстрацыі нам сямейкі тыпажоў, што насамрэч крыўдна, бо бліскучыя акцёрыгоркаўцы, здатныя на шырокую і тонкую работу, у спектаклі існавалі на "адной ноце": кожны з іх персанажаў выяўляў тую або іншую "загану", якую настойліва дэманстраваў.

Прэтэнзіі да жаночых персанажаў у выкананні /i/content/pi/cult/334/6120/pic_26.jpgБэлы Масумян (Элеанора Аквітанская) і Веранікі Пляшкевіч (Эліс) можна было б змікшыраваць тым, што з першых жа сцэн з'яўлення кожная дэманстравала ў большай ступені, чым характары гераінь, нам, гледачам, свае строі і ўладарную постаць. Мужчынам відавочна "прэзентаваць" у сваіх касцюмах не было чаго - іх задача звялася да таго, каб "трымаць" інтанацыю і не іграць больш, чым тое дазволена рэжысёрам, існаваць у вузкім калідоры тыпажнасці, што, відаць, павінна было ствараць у гледачоў адчуванне абагульненасці вобразаў... Руслан Чарнецкі (Рычард) зноў, як некалі ў "Легендзе аб бедным д'ябле", паўстаў у выглядзе "хадзячай постаці", функцыянальнае існаванне якой на сцэне зусім не абавязковае, Сяргей Чэкерэс (Джэфры), які сваімі апошнімі работамі, пазначанымі тонкімі псіхалагічнымі нюансіроўкамі, цалкам абверг "клішэ" "акцёра-прыгажуна", у гэтай рабоце "іграе" ўсе тры гадзіны адно толькі здаўленым голасам, а малады і жвавы Сяргей Жбанкоў (Джон) ліха і беспаваротна заганяецца ў "амплуа" вадэвільнага прасцяка. Іван Мацкевіч у вобразе Генрыха ІІ, здаецца, нічога не прыдумляў, а іграў... акцёра Івана Мацкевіча. І гэта, як ні дзіўна, дапамагала яму не губляць у часе спектакля жывых чалавечых інтанацый.

...Існуе тэатральны апокрыф з часоў Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля спектакля "Атэла", сыгранага ў 1918-м годзе адмыслова для сялян і чырвонаармейцаў, адзін з гледачоў, пацягваючы сваю самакрутку нібыта выдаў надзвычай трапную "рэцэнзію": "Задушылі бабу... А як прыгожа!" Згадалася гэтая "байка" таму, што, на мой погляд, яна шмат у чым адлюстроўвае тэндэнцыю, якая склалася сёння ў тэатральным мастацтве (не толькі беларускім): сучасныя рэжысёры надзвычай эфектна і самымі рознымі спосабамі навучыліся перадаваць жарсці на сцэне, але ж- страцілі ўменне рабіць гэта прыгожа. Сёння папулярныя (і прэстыжныя) іншыя сінонімы: ярка, запамінальна, жахліва, эфектна, моцна, узрушальна, брутальна... І менавіта таму прыгажосць так відавочна аказалася выціснутая імкненнем да стварэння знешняй эфектнасці, якая мусіць пераканаць нас, гледачоў, што баланс гэты не парушаны. Але ж на справе ўсё аказваецца іначай, і новае тэатральнае дзецішча Валянціны Ераньковай, якая заўсёды славілася сваім падкрэсленым рэжысёрскім імкненнем да пошукаў палётна-лёгкай прыгажосці і гармоніі (не магу не прыгадаць лепшыя яе спробы ў гэтым кірунку: "Гісторыю кахання Паласатага Ката і Сеньярыты Ластаўкі" і "Утаймаванне наравістай"), нагадвае сёння "дэкарацыю" пад дарагую карэту, якую неабходна "выкаціць" у адзін шэраг з сучаснымі аўтамабілямі.

Цягам спектакля не ўдавалася пазбавіцца ад думкі, што ўсё, зробленае на сцэне, мае на мэце адно: спадабацца гледачам. І, мяркую, пэўная катэгорыя прыхільнікаў новай пастаноўцы горкаўцаў забяспечана. Цікава толькі, а як зірнула б сама творчая група на "Льва..." з месцаў у зале, з пазіцыі гледачоў?

На здымках: Сяргей Жбанкоў (Джон), Іван Мацкевіч (Генрых ІІ) і Андрэй Крывецкі (Філіп ІІ); Бэла Масумян у ролі Элеаноры Аквітанскай.

Фота Юрыя ІВАНОВА