Увага да слова — як зарука развіцця краіны

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

У мінулую нядзелю шклоўскія вуліцы пачалі поўніцца людам ці не з першымі пеўнямі. Народныя майстры разгортвалі свае міні-выстаўкі, удзельнікі самадзейнасці адладжвалі гукаўзмацняльную апаратуру, і промні сонца, з якімі ў той дзень пашчасціла, дзівосна адбіваліся ад медзяной паверхні труб духавога аркестра, што наводзіў перадканцэртны марафет. Паўсюль былі прыкметы ўсеагульнага, папраўдзе народнага свята.

 /i/content/pi/cult/128/612/Uvaga da slova.jpg
Канцавым пунктам маршруту традыцыйнага святочнага шэсця, якое наступствавала ўрачыстай Боскай Літургіі, стала шклоўская ратуша. Дзякуючы майстэрству сцэнографаў, у яе фасад была ўдала “ўпісана” канцэртная сцэна, і тэлевізійная “карцінка”, што адразу праектавалася на экраны абапал пляцоўкі.
Актыўнай асобай тэатралізаванай дзеі, якая распачынала цырымонію адкрыцця Дня пісьменства, стаў, сярод іншых, і генерал Сямён Зорыч — не бронзавы (які, дарэчы, у той самы дзень быў адкрыты ў Шклоўскім парку), а “сапраўдны”, з плоці і крыві. Напэўна, колішні ўладальнік горада, які стварыў тут знакаміты ці не на ўсю Еўропу тэатр і дбаў аб дагледжанасці Шклова, быў бы моцна ўсцешаны, каб, пакінуўшы сцэну, ён, разам са шматлікімі гасцямі свята, пазнаёміўся з цяперашняй добраўпарадкаванасцю яго вуліц.Старшыня аргкамітэта Дня пісьменства, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Аляксандр Косінец зачытаў віншавальны зварот да гасцей свята Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Падкрэсліваючы важнасць гэтай падзеі для беларускай нацыі, Кіраўнік дзяржавы адзначыў: “Дзень беларускага пісьменства — гэта свята тых, хто зберагае духоўную спадчыну нашага народа, узбагачае нацыянальную культуру, шануе родную мову. Праўдзівае, сумленнае і адказнае слова пісьменніка і журналіста сёння надзвычай запатрабавана людзьмі. Яно — зарука кансалідацыі грамадства, неабходнай для далейшага паспяховага развіцця нашай незалежнай краіны, павышэння дабрабыту яе жыхароў, пабудовы моцнай і квітнеючай Беларусі.”
Адметным эпізодам цырымоніі адкрыцця стала ўзнагароджанне пераможцаў
 /i/content/pi/cult/128/612/Uvaga da slova2.jpg
літаратурнага конкурсу “Залаты Купідон”. Галоўныя прызы атрымалі тыя, чые кнігі, выдадзеныя летась, былі прызнаны лепшымі кампетэнтным журы: Віктар Шніп (паэзія), Уладзімір Гніламёдаў (проза) і Алесь Марціновіч (крытыка). Пераможца ў намінацыі “дзіцячая літаратура” Іван Муравейка прыехаць не здолеў -- гэтаму пісьменніку з Любаньшчыны ўжо восемдзесят сёмы год ідзе. Магчыма, колькасць прызоў у будучыні будзе дапоўнена яшчэ адным “купідончыкам”, каб уручаць яго маладым у намінацыі “За лепшы дэбют”.
Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук, якому было даручана ўручаць прызы пераможцам у адной з намінацый Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”, прыехаў у Шклоў не з пустымі рукамі: ён прывёз нямала падарункаў мясцовым бібліятэкам. Лішне казаць, што гэта былі — новыя кнігі.Як адзначыў у сваёй прамове старшыня Магілёўскага аблвыканкама Барыс Батура, Свята пісьменства блізкае не толькі літаратарам, навукоўцам, творчай інтэлігенцыі, але і простым рабочым і сялянам: “Мы, беларусы, заўсёды адказна ставіліся і будзем ставіцца да сваіх гістарычных каранёў і той вялікай каштоўнасці, якой з’яўляецца кніга. Мы абавязаны ганарыцца нашай культурай і беражліва захоўваць тое, што пакінулі нам у спадчыну нашы продкі”.
І гэты ўсенародны характар свята адразу кідаўся ў вочы на шклоўскіх вуліцах.Новай знаходкай сцэнарыя Дня пісьменства, якая, хочацца верыць, зробіцца традыцыяй, стала шырокамаштабнае прадстаўленне культуры рэгіёна, які прымаў свята. Раёны Магілёўшчыны ўчынілі паміж сабой свайго кшталту творчае спаборніцтва, навыперадкі дэманструючы сваю фантазію на ўласных падворках. Імі была шчыльна аточана ўся Вуліца Духоўнасці, Асветы і Культуры, у якую на адзін дзень ператварылася найдаўжэйшая вуліца Шклова — Савецкая.
 /i/content/pi/cult/128/612/Uvaga da slova3.jpg
У выніку святочная дзея дзеелася вакол дзесяткаў маленькіх агменьчыкаў-сцэн, і ніводная з іх не была пазбаўлена публікі.
На пляцоўцы ля Спаса-Праабражэнскай Царквы калектывы са Слаўгарадчыны паказалі абрад “Макавей”, прымеркаваны акурат да нядаўняга Спаса. Горацкія паэты збудавалі свой Парнас з абавязковым Тарасам у саламянай кароне, а іх землякі з народнага аб’яднання “Мастацтва” прадэманстравалі новы “піск моды”: строі дзяўчат-мадэлей былі зроблены выключна з саломкі. Лясісты Клічаўскі край запрашаў гасцей свята пакаштаваць партызанскай кашы з казана.
А мсціслаўцы збудавалі пасярод Шклова сапраўднае гарадзішча, дзе маладзенькі пісар дбайна выводзіў літары старадаўняй вяззю.
Трохі далей, у парку адпачынку, выстаўку сваіх дасягненняў зладзілі навучальныя ўстановы Магілёўшчыны. А на сцэне парку ці не ўвесь дзень ішоў канцэрт самых маладых выканаўцаў — зіхоткае “Свята дзяцінства”.
Але галоўнай “дзейнай асобай”, несумненна, была кніга. Прычым не толькі друкаваная, прадстаўленая на выставачных стэндах выдавецтваў і ў імправізаваных “міні-кнігарнях”. Сваю лепту ва ўсеагульнае Свята пісьменства ўнеслі і кулінары Магілёўшчыны — у выглядзе стылізаваных пад кнігі тартоў ды бліноў.

Ілля СВІРЫН
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА