Сола “Аіды”

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Да 31 жніўня ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь працуе сумесная з Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатрам оперы і балета краіны выстаўка “Царства “Аіды”.

Менавіта такая назва была дадзена таму, што опера "Аіда" на беларускай опернай сцэне - ужо больш за 50 гадоў, і самае дзіўнае, што ўвесь гэты перыяд (за выключэннем апошняга года), яна ішла ў сваёй першай пастаноўцы, выкананай Ларысай Александроўскай яшчэ ў далёкім 1953-м. Мастаком тады быў Сяргей Нікалаеў. Гледачоў вабіла выдатнае злучэнне маштабнасці спектакля з бездакорным мастацкім афармленнем. Таму не дзіва, што спектакль праіснаваў на беларускай сцэне больш за паўстагоддзя. У тым жа 1953-м адбылася яшчэ адна выдатная пастаноўка оперы - у Бухарэсце. Яе мастацкае афармленне (сцэнаграфія і касцюмы) належыць Яўгену Чамадураву.

На выстаўцы прадстаўлены фотаздымкі акцёраў, якія былі заняты ў ролях у розныя гады, і сцэн са спектакляў, пачынаючы з 1953-га і завяршаючы 2011-м. Акрамя гэтага, асобная ўвага надаецца ўнікальным эскізам Сяргея Нікалаева з фондаў музея. Непаўторны каларыт экспазіцыі ствараюць касцюмы Вялікага тэатра.

Таццяна КАНДРАТОВІЧ, навуковы супрацоўнік навуковаэкспазіцыйнага аддзела музея