“Дысертацыя” з лунаннямі

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Фальклорна-гістарычна-шляхецкая лінія “Харошак”

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў з юбілеем народную артыстку Беларусі Валянціну Гаявую. Пра гэта паведаміла Прэсслужба беларускага Лідара. "Вы ўнеслі важкі ўклад у захаванне беларускага танцавальнага фальклору, сцэнічнае ўвасабленне яго найлепшых традыцый і ўзораў сродкамі сучаснай харэаграфіі. Створаны вамі ансамбль "Харошкі" стаўся сапраўднай візітнай карткай нашай культуры, яго творчасць шырока вядомая ва ўсім свеце", - гаворыцца, у прыватнасці, у віншаванні. Прэзідэнт таксама выказаў надзею, што Валянціна Гаявая і ў далейшым будзе дарыць удзячным гледачам новыя канцэртныя праграмы, якія ўзбагацяць духоўную скарбніцу беларускага народа. 

 

/i/content/pi/cult/334/6113/pic_16.jpgВалянціна ГАЯВАЯ і "Харошкі" - бы словы-сінонімы. Таму і гутарка з народнай артысткай Беларусі, прымеркаваная да ейнага юбілею, пачынаецца не з таго, як дзяўчынкай Валянціна Іванаўна марыла стаць актрысай, а з размовы пра новую праграму, што рыхтуе яе аўтарскі, у поўным сэнсе слова, калектыў.

 - 75 - гэта дата, якую, мабыць, трэба проста ўспрымаць як дадзенасць - і рушыць наперад.

- Ваша новая праграма, мяркуючы па назве, - надчасавы агляд...

- ...Хутчэй, позірк назад, у мінулае, скрозь глыб стагоддзяў, каб у харэаграфічна-тэатралізаванай форме распавесці, як развівалася нацыя. І паказаць пры гэтым розныя эпохі і сацыяльныя групоўкі - у іх гістарычным кантэксце і паступовай эвалюцыі.

 - Уласна кажучы, гэтаму ў той або іншай ступені прысвечаны ўсе вашы праграмы...

- Штосьці з напрацаванага, вядома, будзе выкарыстана, штосьці - пераасэнсавана, з'явяцца, зразумела, новыя нумары. Але ў цэнтры апынуцца не каляндарна-абрадавыя святы, як у праграме "Беларусы", а гістарычнае развіццё нацыі- ад язычніцкіх часоў да Рэнесанса і, далей, Сярэбранага стагоддзя ды сучаснасці. Ёсць дамоўленасць з групай замежных прадзюсараў, што з "Палётам над часам" мы зробім гастрольны тур па еўрапейскіх краінах, пачаўшы з Германіі. Бо ў гэтай праграме Беларусь яшчэ больш поўна, чым у іншых нашых кампазіцыях, паўстане часткай Еўропы, прычым не ў якую-небудзь адну эпоху, а- ва ўсе.

 - Такі яркі гістарычны складнік танца быў уласцівы вашаму калектыву з часоў яго ўтварэння. У свой час праграма "Па старонках "Полацкага сшытка" ледзь не ўпершыню паказала беларусаў праз уласцівую Еўропе гарадскую культуру шляхты і рамеснікаў. А яшчэ раней вы стварылі "Тураўскую легенду" - аповед пра глыбінныя карані беларусаў...

- Гэта быў 1977-ы. І мы прапанавалі "Тураўскую легенду" на Усесаюзны конкурс, прысвечаны 60-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі.

- Нішто сабе выбар для таго часу!

- Удзел у конкурсе здаваўся адзіным выйсцем: калектыў збіраліся закрыць, і мне "шапнулі", што калі ў нас будзе хаця б дыплом, гэта зможа нас выратаваць. А мы сталі лаўрэатамі Першай прэміі!

- "Харошкі" ўвесь час разбураюць традыцыйныя ўяўленні пра тое, якімі павінны быць беларусы на сцэне. Здавалася б, усе даўным-даўно ведалі, што як ва ўкраінцаў ёсць гапак, а ў грузін- лезгінка, так і ў беларусаў - "Лявоніха". За кожнай рэспублікай была "замацавана" адна фарба, якая паўставала ў бясконцых варыяцыях...

- Таму калектывы былі падобныя адзін на аднаго. Лічылася, што беларусам уласцівыя ўсяго тры рухі: так званы просты ход, пераменны ход і полька. Многія і дагэтуль толькі імі карыстаюцца. А ў танцы самае важнае - прыдумаць адметны рух і надалей развіваць яго, ствараючы "карункі". Але ў той рух мае быць закладзена і тэма нумара, і яго вобразнае рашэнне, і эмацыйны стан - усё...

Слухаючы суразмоўцу, думаю пра тое, наколькі плённым было для Беларусі рэха шасцідзясятніцтва, якое разам з найноўшымі замежнымі мастацкімі тэндэнцыямі прынесла і новае разуменне фальклору, прычым выхадцамі не з нашых земляў. Акурат у гэты час "Песняры" з Уладзімірам Мулявіным робяць свае неафальклорныя апрацоўкі. Ураджэнка Санкт-Пецярбурга Юлія Чурко, якая таксама днямі справіла 75-годдзе (яна старэйшая за В.Гаявую на... адзін дзень), у серыі фальклорных экспедыцый назапашвае ўзоры народных танцаў... Наша культура 1970-х імкнецца быць пазнавальнай на еўрапейскім фоне - і знаходзіць сваю адметнасць праз неафалькларызм.

 - Хацелася зрабіць штосьці яркае. І я адразу рушыла да беларускай гісторыі, бо гэта была, відавочна, абсалютна не распрацаваная на той час у нацыянальнай культуры ніша. Прыехаўшы з Расіі, нагледзеўшыся на музейныя рарытэты таго ж Эрмітажа, я папросту не магла ўявіць, каб Беларусь, што мяжуе з Еўропай, не мела сваёй "еўрапейскай" гісторыі, адлюстраванай у культуры. Гэта мне ўяўлялася прагалам, які трэба хутчэй запоўніць, і я не разумела, чаму мае захады на далёкія па часе гістарычныя тэмы не сустракалі адпаведнай падтрымкі. А мне ўсю нацыянальную адметнасць хацелася перадаць у танцы.

- На што вы абапіраліся? На ўражанні, "падгледжаныя" ў вёсках? На фальклорныя распрацоўкі навукоўцаў? Відавочна, не на працу сваіх калег, як гэта часам рабілі іншыя...

- І тады, і цяпер у харэаграфіі было вельмі распаўсюджана, так бы мовіць, "цытаванне". Адзін харэограф убачыць у іншага цікавы нумар - і робіць штосьці падобнае. Мне ж хацелася, каб кожны танец быў самастойным, каб артысты не проста бегалі па сцэне ды весяліліся, а каб неслі нейкую ідэю, можа, сюжэт, каб вымушалі над чымсьці задумацца. Таму выкарыстоўвала ўсе магчымыя крыніцы- і не толькі звязаныя непасрэдна з народнай пластыкай. Шмат падказак мне давалі літаратура, выяўленчае мастацтва, музыка, балетная класіка. Адсочвала ўсе запісы, якія рабіліся навукоўцамі, ездзіла на ўсе агляды самадзейнасці. Вельмі шмат значылі для мяне сустрэчы з этнамузыколагам Інай Назінай. Яна падказала мне народных музыкаў, ад якіх запісвала найгрышы, а гэтыя інструменталісты добра памяталі, як танчылі пад іх музыку. З мяне смяяліся: маўляў, навошта табе ўсё гэта? Я ж бачыла перад сабой людзей надзвычай таленавітых, шчырых, са сваімі творчымі манерамі. А ведалі б вы, як я "даставала" ўсіх знаёмых і незнаёмых яўрэяў, калі рабіла "Бабруйскія карцінкі"! Ды пра кожны нумар можна распавядаць бясконца.

- Цікава, а што адразу кінулася ў вочы, калі прыехалі ў Беларусь? І чаму сюды прыехалі? Я ведаю, што не па размеркаванні, як гэта здаралася з многімі дзеячамі культуры...

 - Я скончыла Вышэйшую школу прафсаюзнага руху Усесаюзнага цэнтральнага савета прафесійных саюзаў: там якраз адкрылі аддзяленне харэаграфіі, дзе рыхтавалі кадры для працы ў прафсаюзных калектывах. Але амаль кожны, хто са мной вучыўся, імкнуўся зрабіць не творчую, а кіраўніцкую кар'еру. І адна з выпускніц, якая стала "старшынстваваць" у Магілёве, паклікала мяне туды, бо на той час нястача балетмайстраў адчувалася вельмі востра. Першае, што ўразіла, - прырода. Я родам са стэпавага рэгіёна, дзе на ўвесь навакольны абшар - якая-небудзь адна-адзіная таполя, як штосьці Боскае, паэтычнае, што няўмольна прыцягвае да сябе. А тут, у Беларусі, столькі зеляніны! Прырода звычайна пакідае свой адбітак на ўсіх складніках народнага побыту: ад чалавечых характараў да абрадаў, спеваў, рухаў, адзення і звычак...

Вось яна, пэўна, разгадка "палётаў"! Вы заўважалі, як шмат у "Харошак" не традыцыйных народных "прытупванняў", а запаволеных рухаў угару, бы знятых адмысловым кіношным прыёмам? Можа, гэта і ёсць палёты-лунанні? Над ляснымі гушчарамі, праз час... А яшчэ- не "ўнутры" падзей, а па-за імі, як погляд зверху, з нейкай аддаленасці, што пашырае гарызонт...

- А трапіўшы ў Магілёве ў шпіталь, напоўніцу адчула дабрыню, сардэчнасць, асаблівую шчырасць і гасціннасць простых вясковых людзей, што ляжалі са мной. Асабліва запомнілася бабуля Алена. Яна ведала столькі прыпевак! І спявала іх мне, каб падбадзёрыць. Сама ж яна была - смяротна хворая... Беларуская зямля багатая на самародкаў. І нішто лепш за мастацтва не лучыць народы. Бо яно дапамагае зразумець адно аднаго без перакладу.

- Вы аб'ездзілі з гастролямі ўвесь свет. Канцэрты ансамбля не проста дораць радасць, яны вымушаюць суперажываць героям вашых пастановак, ставіць сябе на іх месца і нават пераацэньваць уласныя ўчынкі. А галоўнае - выступленні "Харошак" садзейнічаюць развіццю не толькі мастацкіх густаў і псіхалагічных адчуванняў, але і гістарычнага мыслення. Пры такім плённым унёску ў беларускую культуру ці бывае ў вас адчуванне, што, маўляў, можна было б зрабіць яшчэ больш?

- Бывае! Ды не проста "бывае", а- ёсць. З аднаго боку, гэта нармальныя пачуцці любога творцы: заўсёды хочацца паспець зрабіць больш і лепш. З іншага ж... Азіраючыся назад, бачу, колькі сіл і часу было страчана на барацьбу: то на доказы правільнасці абранага шляху, то на "здабыванні" грошай на новыя праграмы... Мне часта казалі: "Ну хто будзе дзве гадзіны запар глядзець беларускія народныя скокі? Яны ж нецікавыя. Пастаўце лепш танцы народаў свету. А яшчэ вар'етэ: высокія дзяўчаты з доўгімі нагамі, эстрадныя песні з падтанцоўкамі- адбою ад публікі не будзе!"...

А ў той час, калі з'явіліся "Харошкі", ужо быў і Дзяржаўны ансамбль танца Беларусі, і танцавальная група ў Нацыянальным акадэмічным народным хоры імя Г.Цітовіча. Здавалася б, фальклорны кірунак запоўнены. Але ў мастацтве не бывае цесна: нават у адзін бок кожны можа рухацца па сваёй дарозе.

 - Як жа змагаліся за сваю фальклорна-гістарычна-шляхецкую лінію?

- Толькі працай. Мне адмаўлялі, а я ставіла на свой страх і рызыку - і запрашала паглядзець. А ўжо калі ўбачаць, дык і грошы на касцюмы знойдуць.

- А сцэнічныя строі "Харошак"- тэма для асобнай размовы. Іх назбіралася пяць з паловай тысяч! Яны ўсё часцей экспануюцца на выстаўках як своеасаблівая "відовішчная дысертацыя", прысвечаная гісторыі ансамбля і, наогул, мінуўшчыне.

- Падыход да іх - папраўдзе навуковы. Любая мастацкая фантазія абапіраецца на гістарычныя даследаванні, карпатлівае вывучэнне нацыянальных традыцый. Апошнім часам з намі працуе Юрый Піскун і мой сын Аляксей Гаявой, абодва - выпускнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Але я ўдзячная ўсім, з кім пачынала. Без мастакоў (таксама, як і без музыкантаў) "Харошкі" ніколі не сталі б такімі, якія яны ёсць. Поліфанія мастацтваў - аснова любога фальклору. Як і шматгалоссе думак - аснова жыцця: у часе, па-над часам, у прыземленым побыце ці ў палёце.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"