Перасесці з “чоўна” на “лайнер”

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Беларуская анімацыя павінна выйсці на індустрыяльны ўзровень

З шырокім распаўсюджаннем лічбавых кінатэатраў і тэхналогіі 3D-стэрэа анімацыя атрымала моцны штуршок. Менавіта мультыплікацыйныя стужкі ў абсталяваных новымі тэхналогіямі кінатэатрах найбольш прывабліваюць і беларускага, пераважна сямейнага, гледача. На жаль, у цітрах тых фільмаў пакуль няма прозвішчаў айчынных аніматараў, а створаны яны ў іншых краінах. І, відавочна, гэта адбываецца не таму, што прафесійныя і творчыя магчымасці беларусаў у нечым саступаюць сусветнаму ўзроўню: айчынная школа аўтарскай анімацыі, якая пачала складацца чатыры дзесяцігоддзі таму, лічыцца досыць моцнай, бо нашы творцы амаль ніколі не вяртаюцца без узнагарод з прэстыжных міжнародных фестываляў. Але, нягледзячы на добрае рэнамэ ў свеце, на радзіме айчынная анімацыя амаль незаўважная. У прычынах такога становішча і таго, якім чынам яго можна выправіць, вырашыў разабрацца карэспандэнт "К". 

 

Мастацтва або індустрыя?

Грошы - рухавік не толькі тэхналагічнага, але і анімацыйнага прагрэсу. Лічыцца, што бюджэты мультыплікацыйных стужак павінны быць на парадак меншымі за бюджэты карцін з акцёрамі, бо ў анімацыі не задзейнічаны павільёны, натурная пляцоўка і г. д. Для аўтарскай, або, як яе яшчэ называюць, фестывальнай анімацыі, сапраўды, бюджэт фільма не вырашае поспеху, бо справа тут - у цярпенні і таленце майстра. Падобную стужку можна цяпер зняць на... звычайны лічбавы фотаапарат, аднак у кінатэатры ды на кабельным тэлеканале яе не пакажуць: масавы глядач прызвычаіўся зусім да іншых, так бы мовіць, "дыснееўскіх", стандартаў, якія можа забяспечыць толькі індустрыяльная вытворчасць.

З дзяцінства запомніліся кадры тэлерэпартажу з офіса гіганта сусветнай мультіндустрыі: сотні аніматараў, як на канвееры, сядзяць у гіганцкім памяшканні і ўпарта, не падымаючы галавы, працуюць... толькі над адной стужкай! За дваццаць гадоў змяніліся інструменты - на змену алоўкам і паперы прыйшлі камп'ютары, - але агульныя складнікі поспеху жанру для масавай аўдыторыі не змяніліся, і першы з іх - высокая тэхнічная дасканаласць і добрае веданне псіхалогіі глабалізаванай аўдыторыі.

Беларускай анімацыі, пры ўсіх яе набытках і дасягненнях, да індустрыяльнага ўзроўню пакуль далёка. Значыць, яна не можа прэтэндаваць на значныя памеры здымачных бюджэтаў - гарантыі вяртання ўкладзеных у вытворчасць грошай інвестарам ніхто ў дадзеным выпадку не дасць. Дзяржава цалкам фінансуе айчынную аўтарскую анімацыю і, згодна з дзеючымі і запланаванымі заканадаўчымі актамі, будзе рабіць гэта і надалей у аб'ёме 100%. Але якім чынам вырвацца з замкнёнага кола?

 

Дастукацца да экрана

- У нашай анімацыі існуе некалькі асноўных праблем, - лічыць аўтар адной з найвядомых беларускіх стужак "Чароўная жалейка" Міхаіл Тумеля. - І першая з іх - адсутнасць пракату. Убачыць айчынную анімацыю на вялікім ці нават на малым экране досыць цяжка. Як правіла, гаворка ідзе аб фестывальных паказах, сеансах пад час школьных канікул, але і ў звычайным рэпертуары нашых стужак не знойдзеш. Адсюль наступная праблема: айчынны глядач часам нават не ведае, якія анімацыйныя карціны выпускае "Беларусьфільм"...

Знакаміты вядучы колішняга "Мультыклуба" мае рацыю. Анімацыйнае падраздзяленне Нацыянальнай кінастудыі ў апошнія гады выпусціла шэраг стужак, цікавых не толькі для малых беларусаў, у тым ліку цыклы "Беларускія прымаўкі", "Аповесць мінулых гадоў", якія нязменна выклікаюць станоўчыя эмоцыі на праглядах, але да шырокай аўдыторыі чамусьці "не даходзяць".

Аргументы пракатчыкаў - стандартныя: невялікія па працягласці анімацыйныя карціны немагчыма паказваць інакш, чым у выглядзе зборнікаў-альманахаў. Глядацкі і касавы патэнцыял іх відавочна невялікі. Што да ўключэння беларускай анімацыі ў звычайныя сеансы ў выглядзе дадатковага "нумара"... Далёка не ўсе гледачы згодныя з тым, што ім трэба глядзець нешта "ў нагрузку" да абранай стужкі. Хоць станоўчы вопыт такой формы паказу існуе: знакамітае падраздзяленне студыі Дыснея "Pixar" перад сваімі шэдэўрамі звычайна ўстаўляе невялікія анімацыйныя фільмы ўласнай вытворчасці, якія часам выклікаюць у таго ж мінскага гледача больш станоўчую рэакцыю, чым "асноўная стужка". Але ў згаданым выпадку гаворка ідзе толькі аб "разагрэве" гледача перад "галоўнай стравай". А вось ці захоча ён пабачыць перад чарговай галівудскай камедыяй або трылерам высокамастацкую беларускую анімацыю, тым больш, плаціць за яе грошы, - вялікае пытанне. Тое ж самае трэба сказаць пра маскоўскіх дыстрыб'ютараў галівудскай прадукцыі, "дзяліцца грашыма" ў якіх неяк не прынята.

Застаецца тэлебачанне, але тут у свае правы ўступае знакамітае слова "фармат". У свой час "К" ужо даследавала праблемы выхаду на малы экран айчыннай кінапрадукцыі, праўда, у дачыненні да дакументалістыкі. З анімацыяй праблемы, па сутнасці, тыя ж самыя. Працягласць перадач, якія паказваюць па тэлебачанні, павінна быць кратная 13 хвілінам ды мець пэўныя сэнсавыя паўзы для магчымасці ўстаўкі рэкламных ролікаў. Да таго ж, так званая сетка вяшчання плануецца з улікам магчымасці штотыднёвых планамерных паказаў. А ці знойдзецца ў нас столькі кароткаметражнай анімацыі, каб дэманстраваць яе кожны тыдзень у адзін і той жа час, каб яе здолеў пазнаваць і палюбіць шырокі глядач?

Сам Міхаіл Тумеля ўпэўнены: справа - не ў фармаце, тым больш, што аніматары ўжо самі працуюць з улікам патрабаванняў тэлепаказу.

- Мой цыкл "Беларускія прымаўкі" якраз і прызначаны для паказу ў якасці хвілінных заставак да тэлеперадач, - кажа аніматар. - Але на тэлебачанні яго чамусьці паказалі адным блокам, з-за чаго згубіўся сэнс праекта.

 

Пабудаваць "лайнер"

 Іншай вялікай праблемай, якая плаўна вынікае з першай, беларускія аніматары называюць адносную слабасць тэхнічнай базы анімацыйнага падраздзялення Нацыянальнай кінастудыі. Шмат якія аперацыі, што на "Беларусьфільме" дасюль робяць уручную, у іншых краінах выконваюцца на камп'ютарах. Але, што парадаксальна, гэтая праблема адначасова з'яўляецца пэўным плюсам.

Міхаіл Тумеля ўпэўнены, што попыт на класічную "маляваную" анімацыю ў свеце паступова вяртаецца.

- Мяркую, людзям хутка надакучаць камп'ютарныя гульні, стэрэа і гэтак далей, - кажа ён. - Стужка француза Сільвана Шамэ "Ілюзіяніст", створаная ў традыцыйнай тэхніцы, намініравалася гэтым разам на "Оскар", мінулая яго карціна "Трыа з Бельвіля" мела таксама вялікі пракатны поспех. На міжнародных фестывалях з'яўляецца ўсё больш зробленых "уручную" карцін. Але гэта не значыць, што канкурыраваць на міжнародным рынку будзе лягчэй: сёння галоўныя сілы анімацыі сканцэнтраваны ў ПаўднёваУсходняй Азіі. Так, у нас ёсць майстэрства і цікавыя задумы, але зрабіць патэнцыйны хіт некалькім спецыялістам немагчыма. Калі аўтарскі анімацыйны фільм магчыма параўнаць з чоўнам, то поўнаметражная пракатная карціна на яго фоне выглядае як шматпалубны лайнер найноўшай канструкцыі, для пабудовы якога патрэбны ці не сотні спецыялістаў.

- У нас ёсць амбіцыйная задача: у бліжэйшым будучым зрабіць пераход ад аўтарскай фестывальнай анімацыі да камерцыйнай, поўнаметражнай, і пры гэтым не згубіць тое лепшае, што было назапашана нашымі аніматарамі ў мінулыя гады, - падзяліўся планамі выконваючы абавязкі дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны Андрэй Бычкоў. - Зрабіць гэта будзе няпроста, але ўжо сёння трэба займацца падрыхтоўкай тэхнічнай базы і кадраў: тым, хто сёння вучыцца на аніматара ў Акадэміі мастацтваў і Мастацкім вучылішчы імя Глебава, неабходна арыентавацца па працу ў новым кірунку. Адзін з магчымых шляхоў выканання задуманага - запрашэнне спецыялістаў, якія змогуць падзяліцца адпаведным вопытам. Баяцца гэтага не трэба: нашы ўнікальныя майстры аўтарскай анімацыі без працы не застануцца, а вось карысны досвед у кірунку камерцыйнай індустрыі нам не перашкодзіць.

Але запусціць поўнаметражны анімацыйны фільм будзе не так проста, - працягвае Андрэй Бычкоў. - Адна стужка - адзін рэжысёр, астатнім трэба будзе шукаць сабе занятак. Мы не можам кінуць усе рэсурсы на вытворчасць пэўнай карціны і адмовіцца ад працягу іншых праектаў - кшталту цыкла "Аповесць мінулых гадоў" нашага мэтра Ігара Волчака або іншых. Да вялікага праекта трэба падыходзіць як след падрыхтаваўшыся.

 

"Анімаёўка" зоймецца кадрамі

У свеце кіно добра вядома, што існаванне ў краіне паўнавартаснага фестывалю вельмі спрыяе развіццю мясцовай кінематаграфіі. Айчынны фестываль анімацыі "Анімаёўка", які праходзіць у Магілёве, існуе ўжо больш за дзесяцігоддзе, але ў апошнія гады, як падаецца многім аніматарам, ён пачаў губляць свой імпэт і патрабуе "рэанімацыі".

- Мяркую, што выкажу агульную думку, якая віруе ў коле маіх калег: арганізатарам "Анімаёўкі" патрэбна заняцца асэнсаваннем таго, што робіцца ўнутры фестывалю, прааналізаваць мэты, задачы і рэальнае палажэнне. На сёння стан "Анімаёўкі" не адпавядае ўзроўню сур'ёзнага прафесійнага конкурсу, - лічыць рэжысёр-аніматар "Беларусьфільма" Аляксандр Ленкін. - Форуму ў апошнія гады бракуе дастатковай колькасці прафесійных работ, а сярод гасцей усё менш і менш цікавых асоб з іншых краін. На другім дзясятку існавання ад "Анімаёўкі" чакаюць сталення і выхаду на новую ступень развіцця...

- З большасцю выказаных на адрас фестывалю прэтэнзій даводзіцца пагадзіцца, - згодны з прафесіяналам ад анімацыі Андрэй Бычкоў. - "Анімаёўцы" сёння не хапае таго, што называецца "фестывальным асяродкам": у ідэале такі форум павінен быць "прафесійнай тусоўкай" аніматараў, дзе вопытныя спецыялісты з розных краін перадавалі б вопыт маладому пакаленню. Міністэрства культуры плануе, што гэтым разам у фэсце возьмуць удзел маладыя беларускія творцы, для якіх у Магілёве будуць арганізаваны майстаркласы з удзелам профі з розных краін. Плануецца, што на некалькі фестывальных дзён у горад з'едуцца 30 - 40 іншаземных аніматараў, і трэба, каб усе іх беларускія калегі маглі прыняць удзел у форуме, каб атрымаць карысны досвед і падзяліцца сваімі здабыткамі.

Перадача "эстафеты пакаленняў" - яшчэ адна ці не самая балючая праблема айчыннай анімацыі.

- Калі раней у анімацыю ішлі з сумежных "мастацкіх" прафесій, каб мець магчымасць для самавыяўлення, то сёння моладзь пачувае сябе куды больш свабодна, і ў анімацыю ідуць толькі апантаныя адзінкі, - кажа Міхаіл Тумеля. - Зрэшты, з такіх і атрымліваюцца добрыя спецыялісты. Хочацца, каб тыя, хто абірае анімацыю на ўсё жыццё, былі заўсёды ўпэўнены ў тым, што ў іх працы зацікаўлены, і станоўчыя вынікі не прымусяць сябе чакаць...

 

■■■

Нам, гледачам і прыхільнікам айчынных "мульцікаў", таксама вельмі хочацца, каб не толькі магілёўская "Анімаёўка", але і ўся наша анімацыя здолела перайсці на іншы ўзровень існавання. На самой справе, калі нашаму ігравому кіно пакуль не пад сілу ўзняць тэму гістарычнай мінуўшчыны Беларусі ў поўнаметражным праекце, то чаму не звярнуцца да яе аніматарам? Магчыма, менавіта з вялікай, прысвечанай постацям гераічнага мінулага, стужкі і пачнецца новая эра ў жыцці беларускай анімацыі?

 

 Каментарый з нагоды

Перспектыўны прыбытак

Алег СІЛЬВАНОВІЧ, дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм":

- Беларуская анімацыя, як і дакументалістыка, - вельмі моцныя ў творчых адносінах плыні нацыянальнага кінамастацтва. Так, на сённяшні дзень яны не прыносяць значных прыбыткаў, але калі ваша дзіця грае на скрыпцы ў музычнай школе і не зарабляе на білетах на свае канцэрты, ці ж варта лічыць яго нейкай перашкодай для ўсёй сям'і?.. Не ўсё ў гэтым жыцці мусіць "размаўляць" на мове грошай. Павінны існаваць галіны, якія будуць прыносіць іміджавы прыбытак краіне ў цэлым і "Беларусьфільму" ў прыватнасці, што ў перспектыве будзе ўвасабляцца ў канкрэтныя сродкі. Існаванне якаснай, цікавай у мастацкіх адносінах анімацыі, а таксама дакументалістыкі сведчыць аб кінематаграфічнай моцы дзяржавы. У свеце не так шмат краін з настолькі развітой сістэмай кінавытворчасці, як на Беларусі. Наша анімацыя - якраз адзін са складнікаў гэтай сістэмы, якой можна ганарыцца і якая, спадзяюся, хутка выйдзе на паказчыкі перыяду свайго росквіту.