“Мадэль для зборкі” спецыяліста

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Стажыроўка за мяжой: стратэгія і тактыка

Днямі адбылося пасяджэнне калегіі Міністэрства культуры, на якім абмеркавалі пытанні наладжвання замежных стажыровак студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў, а таксама выкладчыкаў устаноў адукацыі сферы і работнікаў культуры.

Лішне казаць, што сёння патрабаванні да прафесійнай падрыхтоўкі значна павысіліся. Узнікла патрэба ў неадкладным засваенні лепшых дасягненняў сусветных мастацкіх школ, новых педагагічных методык і "таямніц" прафесійнай "кухні" акцёраў, музыкантаў, іншых спецыялістаў, якіх пакуль не рыхтуюць у Беларусі.

Менавіта Міністэрства культуры ініцыявала істотныя заканадаўчыя карэктывы. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 мая 2011 г. № 218 прадугледжвае выдаткаванне сродкаў фонду Кіраўніка дзяржавы па падтрымцы культуры і мастацтва на аплату навучання, у тым ліку замежных стажыровак работнікаў культуры, выкладчыкаў па спецыяльнасцях, звязаных з практычнай, творчай і навуковай дзейнасцю, а таксама студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў ва ўзросце звыш 31 года.

 

Сістэмнасць і геаграфія

Намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуш Стружэцкі перакананы, што замежная стажыроўка - неадкладная патрэба дня, таму наладжванне такога кшталту дзейнасці вымагае строгай сістэмнасці. Кошт яе залежыць ад тэрміну навучання і краіны, з пэўнымі інстытуцыямі якой і заключаюцца адпаведныя дамовы. Кожная такая стажыроўка абыходзіцца ў сярэднім ад 8 - 10 і больш мільёнаў рублёў. Але мэта, як кажуць, апраўдвае сродкі.

Па словах Тадэуша Стружэцкага, сёлета быў сфарміраваны пералік спецыяльнасцей і спецыялізацый, па якіх нашы стажоры павінны накіроўвацца за мяжу ў першую чаргу. Вызначана і геаграфія стажыровак: вядучыя ВНУ Масквы, Санкт-Пецярбурга, знакавыя навучальныя ўстановы Польшчы, Аўстрыі, Францыі... Спіс не завершаны, бо цяпер яшчэ збіраецца інфармацыя, даследуецца вопыт супрацоўніцтва. Да прыкладу, сёлета Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі заключылі дамовы з шэрагам ВНУ Кітая, а Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў выйшла на асобныя ўстановы Італіі...

Словам, геаграфія стажыровак пастаянна пашыраецца. І мы, па словах Тадэуша Стружэцкага, павінны выбіраць тыя навучальныя базы, дзе ёсць самабытныя спецыялісты, дзе сфарміраваліся аўтарытэтныя школы. Але месца стажыроўкі абмяжоўваецца, натуральна, не толькі замежнымі ВНУ. Мяркуецца, што актыўна будзе выкарыстоўвацца павышэнне кваліфікацыі і для нашых прафесійных тэатральных, музычных калектываў. Маецца на ўвазе навучальная база вядучых тэатраў, аркестраў свету, майстар-класы знакамітых рэжысёраў, дырыжораў, не выключаюцца і стажыроўкі пад час знакавых і разнапланавых фестываляў.

 

Дэфіцыт на высокую кваліфікацыю

З гэтай нагоды - меркаванне дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Рыгора Шацько. Ён перакананы, што цяпер, калі варта берагчы кожную дзяржаўную капейчыну, мэтазгодна не ехаць за досведам у свет, а запрашаць замежных прафесіяналаў-знаўцаў да сябе. Дакладней кажучы, за кошт пастановачных сродкаў ладзіць у тэатры майстар-класы па навучанні гукатэхнікаў, грымёраў, асвятляльнікаў сцэны, іншых спецыялістаў, каго ў Беларусі пакуль не рыхтуюць. І вучыць іх варта на тым абсталяванні, якое ў тэатры на сёння ў наяўнасці, а не на тым, што для нас пакуль застаецца недасяжным. І ўвогуле, па перакананні Рыгора Шацько, вырашэнне адной праблемы становіцца падставай для ўзнікнення другой. Высокакваліфікаваны спецыяліст імгненна трапляе ў катэгорыю вострадэфіцытнага, якога на месцы ўтрымаць часам проста немагчыма. Так, праблема ёсць, але тычыцца яна, як кажуць, непазбежнага творча-дыялектычнага развіцця любой прафесійнай суполкі, таму станоўчае вырашэнне названага пытання наўпрост залежыць ад жыццяздольнасці і самадастатковасці калектыву...

Дарэчы, даручэнне аб правядзенні замежнікамі майстар-класаў у межах Беларусі запісана, па словах Тадэуша Стружэцкага, у рашэнні калегіі Міністэрства культуры краіны. Калі для ўдзелу ў фестывалі "Лістапад" запрашаецца, скажам, вядомы кінарэжысёр ці акцёр, дык з ім адразу заключаецца дамова аб правядзенні і майстар-класаў на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Максімальна будзе выкарыстоўвацца і творчы патэнцыял тых выбітных асоб, што прыязджаюць да нас з канцэртамі, гастролямі, а таксама для ўдзелу ў самых розных фестывальных журы...

Усё вышэйзгаданае не азначае, што замежных стажыровак на Беларусі дасюль не існавала. Як сцвярджае Тадэуш Стружэцкі, цягам апошніх трох гадоў стажыравалася 13 чалавек, у асноўным - выкладчыкі і студэнты нашых ВНУ культуры. Паездкі за мяжу ажыццяўляліся за кошт асабістых сродкаў ці за грошы навучальных устаноў. Наладжванне ж замежнага навучання пры дапамозе бюджэтных сродкаў - справа новая, але ж і магчымасці - іншыя. Дарэчы, восем чалавек са згаданых ранейшых стажыровак ужо вярнуліся - іхняе навучанне арганізоўвалася за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

 

У кожнай ВНУ - свая спецыфіка

Па выніках першых "адукацыйных" паездак прадстаўнікоў БДУКіМ ва ўніверсітэце нядаўнія стажоры правялі ўжо ўласныя майстар-класы, былі ўнесены пэўныя змяненні ў навучальныя праграмы, напоўніцу выкарыстоўваюцца аўдыяі відэаматэрыялы, што адлюстроўваюць вопыт дзейнасці іншаземных ВНУ. Формы стажыровак адшліфоўваюцца, і свой унёсак у гэтую карпатлівую справу робіць рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Барыс Святлоў, які перакананы: галоўны стымул для студэнта - стыпендыя. Маўляў, сваім узорным навучаннем студэнт дамагаецца грантаў, фондавай падтрымкі, а ў гэтым - залог ягонага самаўдасканалення. А стажыроўка, па перакананні Барыса Святлова, больш прыдатная для спецыяліста з шырокім дыяпазонам ведаў, інакш кажучы - для выкладчыка ВНУ. Але ў кожнай установе - свая спецыфіка.

Па меркаванні рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны, сёлетнія менавіта студэнцкія стажыроўкі ва ВГИКу прынеслі істотны плён: павысілася якасць курсавых работ, адзін са стажораў-аператараў запрошаны да працы над расійскім тэлесерыялам на базе нашага "Беларусьфільма"... І г э т а - толькі пачатак узаемакарыснага супрацоўніцтва.

У выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прадстаўлены праект Палажэння аб парадку накіравання навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры на стажыроўку за межамі краіны. На пасяджэнні Савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, як паведамляе Міністэрства культуры, у першым паўгоддзі бягучага года адобрана 18 заявак на атрыманне грантаў для праходжання замежных стажыровак.

Сярод спецыяльнасцей, па якіх патрэбны першачарговыя стажыроўкі, - рэжысёры, аператары, мастакірэстаўратары, балетмайстры... Натуральна, вырашана стварыць максімальна дакладную і аб'ектыўную базу даных па тых кандыдатурах, чыю замежную стажыроўку мэтазгодна правесці ў бліжэйшы час. Калегія таксама палічыла нялішнім заключэнне з вядучымі творчымі замежнымі ВНУ доўгатэрміновых дамоў, што будуць рэгуляваць пытанні арганізацыі і наладжвання стажыровак, а таксама супрацоўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з адпаведнымі органамі дзяржкіравання замежных краін.

 

Стажыроўка ці абмен вопытам?

А як са стажыроўкамі для спецыялістаў раённых аддзелаў культуры? Намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі перакананы, што ў дадзеным выпадку гаворка павінна весціся не столькі пра навучанне за мяжой, колькі пра міжраённы і міжабласны абмен вопытам у форме семінарскіх заняткаў. Але не выключаны і навучальныя камандзіроўкі ў іншыя краіны. У бліжэйшы час Інстытут культуры Беларусі ўнясе прапановы па мэтавым фарміраванні груп у складзе спецыялістаў для абмену вопытам у іншых краінах, для прыёму замежных гасцей на ўласнай базе.

І такая практыка ўжо існуе. Колішні Інстытут праблем культуры рэгулярна прымаў групы работнікаў культуры з Расіі, Казахстана, Малдовы... "Але, - кажа Тадэуш Стружэцкі, - і мы зацікаўлены ў тым, каб нашы спецыялісты рэгулярна выязджалі па досвед да сваіх замежных калег". Натуральна, гэта будуць тыя работнікі сферы, якія здольныя не проста акумуляваць разнапланавы вопыт, але і выкарыстаць яго з карысцю для дзяржавы. У свой час дырэктары метадычных цэнтраў выязджалі ў Польшчу, а работнікі культуры Магілёўшчыны і сёння частыя госці ў Малдове. "Такая практыка, - сцвярджае Тадэуш Стружэцкі, - павінна стаць пастаяннай. Мы проста абавязаны інтэгравацца ў сусветную культурную прастору. Гэта выгадна нам як суверэннай краіне. Нам важна вывучаць замежны вопыт, але не менш важна - шырока папулярызаваць свой у краінах свету".

І ў тым, што прэзентатыўнасць нацыянальнай культуры набывае ўсё большыя маштабы, сумнявацца не даводзіцца. Брэстчына і Гродзеншчына даўно і плённа ўзаемаўзбагачаюцца ў межах прыгранічнага культурнага супрацоўніцтва: ледзь не штомесяц ладзяцца сумесныя канцэрты, фестывалі. У польскай Гайнаўцы ўжо колькі гадоў рэалізуецца праект "Беларускае вяселле", пад час якога дэманструюцца поўныя вясельныя абрадавыя цыклы. Гэткія ж шчыльныя стасункі ў нас і з установамі культуры Літвы, Латвіі. Такое практычнае, так бы мовіць, супрацоўніцтва - таксама адна з форм стажыровак, абмену досведам, цудоўная магчымасць для сумеснай працы над агульным творчым праектам, пад рэалізацыю якога выдаткоўваюцца замежныя гранты. Сёлета завершана падрыхтоўчая дзейнасць двух раёнаў - нашага Пастаўскага і Рокішскага раёна Літвы па сумесным аднаўленні спадчыны Тызенгаўзаў. Выбітныя палацы ёсць у абодвух, таму заяўка на атрыманне значных сродкаў на рэканструкцыю, музеефікацыю складалася сумесна. І такіх агульных, трансгранічных праектаў, безумоўна, павінна быць як мага больш. Але названаму ашчаднаму падыходу да аднаўлення гісторыка-культурнай спадчыны трэба вучыцца сістэмна і мэтанакіравана. Мастак і музыка пад час стажыроўкі знаёміцца з творчымі напрацоўкамі майстроў сусветнага ўзроўню, начальнік аддзела культуры - са стратэгій і тактыкай захавання і развіцця самабытнасці роднага краю на лепшых узорах замежнага прафесійнага досведу.

І самае галоўнае, як падкрэслівае Тадэуш Стружэцкі, для гэтага ўжо ёсць адпаведная нарматыўная база.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"