Сцэнарый для п’есы між мінулым і будучым

№ 36 (802) 08.09.2007 - 14.09.2007 г

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, кампазітар Віктар ВОЙЦІК, які днямі справіў сваё 60-годдзе, ярка заявіў пра сябе яшчэ ў гады студэнцтва. І з тае пары застаецца, у адпаведнасці са сваім прозвішчам, не толькі гэткім “войтам” беларускай музыкі, а сапраўднай V.I.P.-асобай. У гэтым пераконваюцца ўсе, хто хаця б аднойчы сустракаўся з ім ці з яго творчасцю (дарэчы, бліжэйшая сустрэча — 10 верасня на яго аўтарскім канцэрце ў сталічнай філармоніі). Цікава, што і мае роспыты пра “сябе любімага” Віктар Антонавіч імгненна перавёў у рэчышча гарадской архітэктуры і яе ўздзеяння на фарміраванне асобы мастака — такі ўжо ён філосаф паводле натуры.

 /i/content/pi/cult/128/611/VIP.jpg
— Мяне ўзрасцілі Гародня і Мінск. Між іншым, я мог бы нарадзіцца і ў Мінску. Мая маці была швачкай, але добра спявала, і знакаміты Рыгор Шырма запрасіў яе ў свой хор.
На той час калектыў якраз перабіраўся ў сталіцу, і мама не рашылася на пераезд. Таму нарадзіўся я ў Гродне, там скончыў музычную школу і вучылішча.
І менавіта там яшчэ ў савецкія гады адчуў гістарычную недасказанасць беларускай мінуўшчыны, бо пра тое сведчыла ўжо сама архітэктура. А Мінск — гэта гады студэнцтва, інтэрнат Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, пашырэнне кола знаёмых, сярод якіх — не толькі музыканты, але і акцёры, паэты, скульптары, мастакі. Потым — жаніцьба, нараджэнне дачкі, а зараз і ўнучкі. Мінск для мяне — гэта горад-сімвал, увасабленне багатых сучасных здабыткаў.
— Мабыць, гэта адбіваецца і ў творчасці? З аднаго боку — музыка да драматычнага спектакля “Князь Наваградскі”, Сюіта ў старадаўнім стылі, што нарабіла шоргату яшчэ ў канцы 60-х: уявіць цымбалы не звыклым інструментам народнага побыту, а прамым продкам клавесіна — гэта ж не жартачкі! З другога боку — араторыя “Дзень Радзімы”, дзе з першых радкоў Уладзіміра Карызны адчуваецца, што гэта дзень вачыма сталічнага жыхара.
— Ёсць у мяне і “Мінскія напевы”, і песенька пра мінскі трамвай. Дый у многіх іншых творах, асабліва песнях, нават калі не акцэнтаваны мінскія каардынаты, яны ўсё роўна адчуваюцца. Заўсёды з гонарам паказваю сталіцу ўсім гасцям, і тыя ў захапленні ад нашых новабудоўляў, ад таго, як горад з кожным днём прыгажэе. А вось мінчане для мяне — даволі размаіты вобраз. Яны ж усе розныя, бо тут сабраліся выхадцы з розных рэгіёнаў Беларусі. Гродзенцы ж, наадварот, вылучаюцца больш дакладным, стылёва акрэсленым “”жыццёвым почыркам”.
— Тады ваш творчы почырк — менавіта мінскі, бо такі ж разнастайны, жанрава неабмежаваны: ад сімфоній і авангарднай камернай музыкі — да песень і мюзіклаў. А стыль мыслення — гродзенскі, бо ў кожным вашым найсучасным творы праглядваюцца гістарычныя пункціры.Тая ж згаданая Сюіта для цымбалаў і камернага аркестра — якое геніяльнае прароцтва! Сёння навукоўцы ўжо даказалі, што ажно з ХІV стагоддзя цымбалы гучалі пры двары самых знаных еўрапейскіх (і ў тым ліку беларускіх) магнатаў, пазней выціснутыя адтуль іншымі інструментамі — сваімі “нашчадкамі” кшталту клавесіна. Вы ж “заявілі” пра гэта 40 гадоў таму!
— Усё было куды прасцей. Я вучыўся на 3-ім курсе кансерваторыі. Тады панавала агульнапрынятая думка, што цымбалы прыдатныя ці для музыкі фальклорнага плана — гэткіх сялянскіх вячорак, ці для скрыпічных пералажэнняў, ці для выканання традыцыйна яркіх, бліскучых канцэртных твораў. Я ж трапіў на канцэрт Яўгена Гладкова — цяперашняга народнага артыста Беларусі, прафесара, а тады яшчэ толькі асістэнта-стажора. Цэлае аддзяленне ён выконваў творы французскіх клавесіністаў, і гэта ўразіла мяне надзвычайна.
Замест цымбалаў я ўбачыў “распрануты” клавесін — ужо ў самой іх канструкцыі ўгадваліся яго абрысы. Захацелася самому стварыць штосьці падобнае, задума абрастала дэталямі. Мне ўявілася, што ў мяне ў руках старадаўні нотны рукапіс, сапсаваны часам. Я намагаюся разабрацца ў ім, але чарніла распаўзлося, некаторыя фрагменты зніклі. З цягам часу музыка пачынае набываць канкрэтыку, штосьці праясняецца, але ў канцы ўсе старонкі “зліпліся”, “аддрукаваліся” адна на адной — таму ў фінале чуюцца элементы ўсіх ранейшых частак.
— А вы самі на цымбалах спрабавалі вучыцца?
— Не. Музычную школу і вучылішча я заканчваў па класе баяна. Іграў у гродзенскім ансамблі народнай музыкі “Нёман” на балалайцы — дарэчы, разам з кампазітарам Леанідам Захлеўным. А вось цяперашні першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка ў тым жа ансамблі іграў на скрыпцы. Мне ж са скрыпкай не пашанцавала. У майго бацькі з дзяцінства была нейкая хваравітая прага да гэтага інструмента. Ён нават аднойчы набыў сабе скрыпку — за дзесятак яек. Але тая аказалася цацачнай, зробленай з кардону: ён змог пайграць на ёй усяго тры дні. Потым марыў, каб скрыпачом стаў сын, але аддаў мяне вучыцца толькі ў 10 гадоў — для скрыпкі гэта надта позна, і мяне ўзялі ў клас баяна. У сталыя гады я, праўда, спрабаваў яе асвоіць самастойна, ды канчаткова пераканаўся, што гэты інструмент не такі просты, як здаецца.
— А як жа ў арміі вы гралі на тэнары? Самавукам?
— З духавым аркестрам мне давялося сутыкнуцца яшчэ ў школьныя гады. Менавіта тады і далі мне ў рукі тэнар. А ў арміі, куды я трапіў ужо пасля заканчэння асістэнтуры-стажыроўкі, самастойна ўзгадаў усё, чаму калісьці вучыўся, і ў армейскім духавым аркестры нават сольныя партыі выконваў. А з цымбаламі — можа, крыху перабраў струны пальцамі, каб уявіць, дзе якая нота знаходзіцца, але не больш за гэта. Я прызвычаіўся давяраць сваім пачуццям, інтуіцыі, і ніколі не памыляўся.
— Дзіўна, бо ваша музыка заўсёды пераконвала мяне ў адваротным: кожная нота ў ёй “пралічана”, нічога залішняга, без таго “мора эмоцый”, што часам паглынае ісціну. Асабіста я хутчэй назвала б вас канструктарам, а не рамантыкам.
— Я і сапраўды не “рамантык”, не кампазітар так званага “спавядальнага характару”. Нават калі і хочацца расказаць у творы “пра сябе”, міжволі гэта абмяжоўваю. І самая, бадай, эмацыйна адкрытая музыка ў мяне сустракаецца хіба ў павольных фрагментах (памятаю, у адным лялечным спектаклі я напісаў для Васілісы Прамудрай такую пранікнёную, жаласлівую мелодыю, што дзяўчынкі плакалі наўзрыд). Але любая прафесія — гэта, найперш, дасканалае валоданне тэхналогіяй, што ўжо само па сабе ўяўляе не толькі знаходжанне ўнутры працэсу, але і прыдзірлівы погляд збоку.
Тым не менш, імпульсам для творчасці для мяне былі і застаюцца пачуцці. Праўда, яны бываюць розныя. Сярод іх можа быць і незадаволенасць — да прыкладу, тым, як іншы кампазітар вырашыў абраную тэму. Я не буду яго аспрэчваць на словах, крытыкаваць ці даваць парады — проста напішу свой уласны твор, па-свойму.
— Дык менавіта з гэтай прычыны вы не грэбуеце разнастайнымі апрацоўкамі, пералажэннямі, нават “перапісваннем” твораў сваіх калег, не пакідаючы на вокладцы свайго імя? У тым жа Канцэрце для балалайкі Марка Русіна, які стаў абавязковым для выканання творам на ІІ Міжнародным конкурсе імя Іосіфа Жыновіча, правільней было б гаварыць пра падвойнае аўтарства: Русін — Войцік.
— Ну, там пазначана: “Рэдакцыя В.Войціка”. А партыю балалайкі, між іншым, рэдагаваў яшчэ і Валянцін Шчарбак. Але вы маеце рацыю: ад арыгінала там застаўся хіба тэматызм. Чужыя ноты для мяне — не больш чым накіды сцэнарыя для п’есы.
Такое “тэатральнае” параўнанне, мабыць, невыпадковае? Вы шмат пісалі музыкі да драматычных спектакляў (“Жыццё і смерць Хаакіна Мур’еты” ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек увогуле быў не спектаклем, а мюзіклам — дарэчы, зусім іншым за аднайменны расійскі мюзікл Аляксея Рыбнікава). На сцэне Беларускага дзяржаўнага музычнага тэатра ішла ваша дзіцячая опера “Вясновая песня”, а таксама мюзікл “Прыгоды ў замку Алфавіт”.
— Зараз Дзіцячым музычным тэатрам “Казка” рыхтуецца прэм’ера яшчэ аднаго мюзікла — “Лясная школа, альбо Сон першакласніцы”. Ён ужо прайшоў “апрабаванне” ў звычайнай школе: усе ролі выконвалі дзеці, у тым ліку мая ўнучка. Але і папраўдзе: мяне ніколі не пакідае адчуванне, што музыка для мяне — бы тэатральнае дзейства, якое павінна быць пастаўлена. У гэтым сэнсе вялікую ролю мае і акустыка залы, і тое атачэнне, у якім твор будзе паказаны: што будзе гучаць перад ім, а што — пасля. Я нават упэўнены, што менавіта з гэтай прычыны кампазітары-рамантыкі пачалі з’ядноўваць свае мініяцюры ў працяглыя цыклы: каб “зрэжысаваць” драматургію ўсяго канцэртнага аддзялення і выклікаць менавіта тыя асацыяцыі, якія запланавалі. А ёсць жа яшчэ і такія фактары, што ўздзейнічаюць на ўспрыняцце музыкі, як знешні інтэр’ер залы, уласна публіка — яе густы, думкі, настрой.
— Значыць, трэба ўсяго толькі патрапіць густам публікі?
— Вы наўмысна мяне правакуеце? Прызначэнне мастака — заставацца мастаком.
— А як жа някрасаўскае выслоўе пра тое, што, маўляў, паэтам можаш ты не быць, а вось грамадзянінам — абавязаны? Што для вас грамадзянская пазіцыя?
— Гэта вернасць сваім ідэалам, нават недасягальным. Часта за грамадзянскую пазіцыю мастака лічаць яго ўменне знаходзіцца ў гушчы жыцця, імгненна адказваць на патрэбы грамадства. На маю ж думку, сапраўднае прызначэнне творцы — гэта погляд у будучыню. Але калі мастак зазірае ў будучыню, ён абавязкова аглядаецца назад. У гэтым і ёсць яго прызначэнне — не падпадаць пад уплывы абставін ці перабольшваць іх ролю, намагаючыся неяк уладкавацца, прыстасавацца, забываючы, што жыццё — кароткае, мастацтва — вечнае, а ўтвараць своеасаблівую вось між мінулым і будучым.
Заставацца мастаком — гэта прызванне, стыль мыслення і ўсяго жыцця. А ўсё астатняе — так, дробязі…

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА