Сеціўны аспект

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Агульнадаступная інфармацыйная сістэма “Прафесійнае мастацтва Беларусі” і банк даных помнікаў архітэктуры нашай краіны будуць сфарміраваны цягам бліжэйшых пяці гадоў.

Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Гэтыя два праекты ды некаторыя іншыя будуць ажыццяўляцца ў адпаведнасці з Нацыянальнай праграмай паскоранага развіцця паслуг у сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на 2011 - 2015 гады. У гэты ж тэрмін плануецца завяршыць стварэнне лакальных электронных музейных каталогаў, што будуць змяшчаць усе прадметы асноўнага Музейнага фонду. Дарэчы, у Дзяржаўным каталогу Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь цяпер зарэгістравана больш за чатыры тысячы асабліва каштоўных прадметаў.

Паводле інфармацыі Мінкультуры, да канца наступнага года ўсе музейныя ўстановы галіны павінны займець афіцыйныя сайты і ўкараніць праграмныя пакеты па аўтаматызацыі ўлікова-фондавай дзейнасці. Пакуль гэтая дзейнасць аўтаматызавана толькі ў 125 са 153 існуючых у рэспубліцы "скарбніц".

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады прадугледжваецца, што ўсе бібліятэкі і музеі краіны будуць падключаны да Інтэрнэта, забяспечаны неабходнымі тэхнічнымі і праграмнымі сродкамі.