Хто ж усталюе “кінафокус”?

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

На Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” ідзе збор заявак на ўдзел у глядацкіх фокус-групах, якія павінны дапамагчы айчынным кінематаграфістам лепш зразумець запыты сваёй аўдыторыі. Пра з’яўленне такога віду супрацоўніцтва з грамадскай супольнасцю “К” пісала колькі нумароў таму. Перш чым выпусціць кожную новую беларускую стужку ў пракат, яе плануецца прадставіць для абмеркавання спецыяльна адабраным гледачам. Яны зробяць свае заўвагі, што будуць улічвацца пры стварэнні канчатковай версіі. Аб прынцыпах арганізацыі праглядаў і абмеркаванняў у рамках фокус-груп карэспандэнту “К” распавядае Аксана ЛАДУЦЬКА, менеджар па знешнеэканамічнай дзейнасці аддзела па рэалізацыі і рэкламе Нацыянальнай кінастудыі.

- Аксана, якім жа чынам будзе ажыццяўляцца адбор у фокус-групы?

 - Групы гледачоў для папярэдняга прагляду прадукцыі "Беларусьфільма", што яшчэ не выйшла на экраны, будуць фарміравацца на падставе дасланых на студыю анкет па ўзроставых і сацыяльных прыкметах. Кожны раз плануем запрашаць па 10 - 15 чалавек прыкладна аднаго ўзросту, узроўню адукацыі ці прафесіі. Ім прадэманструюць працоўныя версіі стужак, у тым ліку дакументальных і анімацыйных. Пасля прагляду члены фокус-групы павінны будуць у пісьмовым выглядзе адказаць на шэраг пытанняў і паўдзельнічаюць у абмеркаванні карціны. Самыя слушныя з атрыманых заўваг улічаць пры падрыхтоўцы канчатковай версіі фільма. Мы плануем цікавіцца меркаваннем гледачоў і адносна новых тэм для стварэння стужак.

- Калі пачнуць дзейнічаць першыя фокус-групы? І ці плануецца правядзенне іх "пасяджэнняў" проста ў кінатэатрах з выпадковай аўдыторыяй, як тое заведзена ў іншых краінах?

- Вывучэнне густаў аўдыторыі з дапамогай метаду фокус-груп пачнецца ўжо сёлета, увосень, калі праца над новымі стужкамі будзе набліжацца да завяршэння. Збіраць іх будзем пакуль што толькі на кінастудыі. Выключэннем стануць прагляды анімацыі ў дзіцячых садках, дзе мы пастараемся зразумець запыты самай маладой часткі гледачоў.

- Хто з патэнцыйных удзельнікаў фокус-групы мае найбольшыя шанцы атрымаць запрашэнне на закрытыя перадпрэм'ерныя прагляды?

- Разам са стандартнымі "анкетнымі" пытаннямі просім паведаміць рэспандэнта, чаму менавіта ягонае меркаванне можа быць карысным для кінастудыі. Плануем таксама цікавіцца, якія тэмы бачацца перспектыўнымі для будучых нашых праектаў. У любым выпадку, лічым, што новыя для нас формы працы з аўдыторыяй пазітыўна адаб'юцца на якасці нашай прадукцыі.