Калекцыйны фонд

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Выстаўка “Гэта было нядаўна…” у Нацыянальным мастацкім музеі з’яўляецца працягам экспазіцыйнага праекта “Нашы калекцыі” і знаёміць наведвальнікаў з творчасцю айчынных мастакоў — юбіляраў 2011 года.

Як паведамілі карэспандэнту "К" у мастацка-асветніцкім аддзеле ўстановы, на выстаўцы прадстаўлены работы амаль паўсотні жывапісцаў, якія адлюстроўвалі краявіды, людзей, сцэны з жыцця беларусаў у розныя часы. Нарадзіліся творцы 70 - 95 гадоў таму, многія з іх ужо пайшлі з жыцця. Некаторыя вядомы шырокаму колу аматараў жывапісу, а іншыя былі незаслужана забыты.

Сярод жывапісцаў - Фелікс Гумен, Роберт Ландарскі, Канстанцін Пятроў, Эдуард Куфко, Галіна Азгур, Віктар Варламаў, Натан Воранаў, Яўген Бусел, Марк Раберман, Уладзімір Кухараў ды іншыя. Выстаўка дэманструе творчыя падыходы і індывідуальныя асаблівасці мастакоў, што працавалі ў Беларусі, у асноўным, у 1960 - 1980-я гады. Азнаёміцца з экспазіцыяй можна да канца жніўня.

Таксама Нацыянальны мастацкі музей прадстаўляе выстаўку, але ўжо не з уласнай калекцыі, а са збораў аднаго з пецярбургскіх выдавецтваў. Распачнецца яна 8 верасня і працягнецца да пачатку кастрычніка.

Экспазіцыю складуць каля 300 карцін ды малюнкаў расійскіх мастакоў, і, паводле задумы арганізатараў, яна аб'яднае ўвесь спектр сучасных мастацкіх плыняў Санкт-Пецярбурга. Больш за 50 творцаў прадставяць свае работы. Сярод іх - Міхаіл Шэмякін, Сяргей Алімаў, Юрый Люкшын, Аляксандр Фларэнскі, Эдуард Качэргін. Іхнія творы ўпрыгожваюць старонкі выданняў мастацкай літаратуры, біяграфічных і літаратуразнаўчых кніг.