Партнёр па ахове спадчыны

№ 31 (1002) 30.07.2011 - 05.08.2011 г

Намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана Сматрэнка паведаміла “К”, што Міністэрства культуры і Генеральная пракуратура прынялі сумесную пастанову аб супрацоўніцтве па пытаннях аховы гісторыка- культурнай спадчыны.

Пастанова прынята ў адпаведнасці з палажэннямі Закону Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 кастрычніка 2009 г. № 510 "Аб удасканаленні кантрольнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Аксана Сматрэнка падкрэслівае, што дакумент скіраваны на павышэнне эфектыўнасці барацьбы з парушэннямі заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны - не столькі для пакарання, колькі для папярэджання такіх парушэнняў. У пастанове вызначаны мэты і напрамкі дзейнасці, парадак абмену інфармацыяй паміж Міністэрствам культуры і Генеральнай пракуратурай.

Да сумеснай працы прыцягваюцца тэрытарыяльныя органы пракуратуры, упраўленні культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Генпракуратура, па словах Аксаны Сматрэнка, умешваецца толькі тады, калі пытанне вырашаецца без належнага эфекту на мясцовым узроўні. Менавіта такая пастаноўка пытання надае кантрольным дзеянням больш важкасці і ўплывовасці.

Адзін з распрацоўшчыкаў пастановы- пракурор аддзела Генпракуратуры па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Віктар Леўша. Паводле ягоных слоў, раз у паўгоддзе Міністэрства культуры і Генеральная пракуратура будуць наладжваць сумесныя праверкі выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. А абмен інфармацыяй пры ажыццяўленні кантролю паспрыяе належнаму выкарыстанню і ўтрыманню старадаўніх помнікаў.