Помнік ганчарству

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Століншчына: пленэрны кантэкст

 

 У вёсцы Гарадная створаны ўнікальны помнік, аналагаў якому ў рэспубліцы, бадай, няма.

Пра мясцовы патомны промысел - ганчарства- вяскоўцам і турыстам будуць нагадваць ансамбль з шасці драўляных скульптур, што адлюстроўваюць паслядоўны працэс працы з глінай, і галерэя партрэтаў майстроў - носьбітаў старадаўняга рамяства.

Усяго за тыдзень аўтары стварылі сапраўдны цуд. У ліпені кампазіцыя была прадстаўлена шырокаму гледачу.

Над скульптурамі з дрэва, створанымі пры падтрымцы абласнога ўпраўлення культуры, працавалі народны майстар, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Беларусі Уладзімір Чыквін з Кобрына, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, старшыня грамадскага аб'яднання майстроў мастацтваў рэгіёна "Белавежская пушча" і Брэстчыны "ТУР" Анатоль Туркоў з Камянца, народны майстар Іван Супрунчык з Цераблічаў. Самы малады з удзельнікаў- Мікалай Задрэйка з Івянца. Узялі ўдзел у працы і замежныя госці - Ян Паўлоўскі і Януш Валынскі з польскага Владава.

Галерэю партрэтаў мясцовых майстроў-ганчароў стваралі Сяргей Місюн са Століна (партрэт Макара Шэлеста), Аляксандр Юркевіч і Ігар Раманчук з Брэста (выявы Мікалая Кісяля і Мікалая Шэлеста), Анжэла Вакуліч з Баранавічаў (партрэт Аўрама Басаўца), Святлана Валасюк і Сяргей Касцюк з Кобрына (партрэты Георгія Кавалькі і Андрэя Мірановіча).

Усе ўдзельнікі атрымалі граматы ўпраўлення культуры, падарункі, сувеніры ад Цэнтра ганчарства.

 Галіна ГАШЧУК

Столін

 На здымках: у час пленэру; адна з работ удзельнікаў.

Фота Вольгі ЛАБАЧЭЎСКАЙ