“Купалінка” плюс…

№ 30 (1001) 23.07.2011 - 29.07.2011 г

Ліст у рэдакцыю: сустрэліся на Івана

 

У рэдакцыю "К" паступіў ліст ад дэпутата па Зацітава-Слабадской выбарчай акрузе № 11 Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Віталя Карлюкевіча, у якім ён распавёў пра святочнае гулянне "З песні пачынаецца Купалле", што адбылося ў мясцовай бібліятэцы-клубе. Супрацоўнікі ўстановы культуры зладзілі свята пры фінансавай падтрымцы дэпутата, які забяспечыў набыццё прызоў для пераможцаў.

"Свята Купалля ладзіцца ў нас не ўпершыню і з кожным годам пашырае сваю аўдыторыю. Так і сёлета, нягледзячы на тое, што цэлы дзень ішоў дождж, больш за 50 чалавек сабралася на мерапрыемства. Cвяточная сцэна была аздоблена галінкамі папараці, радавала вока і прыгожая расцяжка "Запрашаем на свята Купалля!".

 Імпрэзу адкрыла загадчык ЗацітаваСлабадской бібліятэкі-клуба Таццяна Журок, а пасля мерапрыемства разгарнулася на ўсю моц. Гучалі вершы, віншаванні імяніннікам, праводзіўся шэраг конкурсаў "Купальскія ігрышчы" ды многія іншыя. Удзельнікі конкурсаў атрымлівалі "купальскія прысмакі" і весяліліся ад душы.

Купалле без вогнішча ўявіць проста немагчыма, таму, зразумела, было і яно. Пакуль агонь гарэў, усе разам вадзілі вакол яго карагод і спявалі "Купалінку"... Гулянне прадоўжылася да позняга вечара, і ў ім прынялі ўдзел мясцовыя жыхары самых розных узростаў.

Віталь КАРЛЮКЕВІЧ,

дэпутат па Зацітава-Слабадской выбарчай акрузе № 11 Пухавіцкі раён"